18.05.2013 / 08:30

Зэкс кіндэр, альбо Бацькава перамога 7

Камертон Сяргея Ваганава.

Незвычайны ўсё ж сёлетні май — спалучыў на караценькім адрэзку Уваскрашэнне Хрыста, Дзень Перамогі і Радаўніцу...

Здаецца, якое ж тут можа быць спалучэнне?

Ці ж можна спалучаць спрадвечныя народныя святы са святам перамогі «расейскіх акупантаў» над нямецкімі, якія, па ўспамінах некаторых бабулек, ратавалі беларускіх дзяцей ад голаду, а калі што палілі ці каго забівалі, дык вінаватыя ў тым партызаны з іх злачыннымі правакацыямі...

Вось так: перагледзела бабулька Нюрнбергскі працэс. Мо памыліліся суддзі. Мо памыліўся месяц май, спалучыў...

Але сёння, калі пішу гэтыя нататкі, Радаўніца, зварот да продкаў. Звярнуся і я.

...У жніўні 1944-га маці піша ўжо з Мінска бацьку на фронт:

«...Вялікае гора не прамінула і нас — немцы па-зверску закатавалі Веру... Вера ўвесь час была ў партызанаў сувязной. 24 чэрвеня 1944 яе схапілі, а 27-га немцаў у гэтым раёне ўжо не было. Не дажыла толькі 3 дні... Яе жорстка збілі, а потым нацкавалі сабак, якія разарвалі ёй цела... Потым зламалі рукі і, не дамогшыся ад яе ані слова, укрыжавалі на сцяне хлява...»

Вера Міснік — пляменніца маці, мая стрыечная сястра.


Вось што па просьбе Музея гісторыі Айчыннай вайны піша пра Веру яе маці, цётка Вольга: «...У маёй сям’і не было камуністаў... Аднак клапатлівыя адносіны да ўсяго, што звязана з паняццем «Радзіма», непасрэдна перадаваліся дзецям. Праўда, гэта не было так відавочна, як праявілася ў гады вайны... Сыны пайшлі на фронт. У тыле ворага засталася Вера з маленечкай дачушкай. Мабыць, яна здолела б эвакуіравацца, але, як стала пазней вядома, пашкадавала кідаць бездапаможных старых бацькоў мужа, што ваяваў пад Ленінградам...»

Так, яны не былі камуністамі, Вера і Апанас, маладыя настаўнікі з Сямёнавіч пад Уздой, дзе пра іх памятаюць дасюль. Што ж вымусіла іх, кроўных беларусаў, ваяваць супраць немцаў? Толькі савецкае выхаванне?

Што ўвогуле вымушала савецкіх беларусаў ваяваць супраць немцаў?

Страх перад партызанамі і дыверсантамі НКВД?..

Вера ў камунізм з бальшавізмам ды ў калгасны лад?

Ці, можа, нешта большае за смурод сталіншчыны?

Ці, можа, усё ж «клапатлівыя адносіны да Радзімы»?

Здавалася, калі не гісторыкі, дык вялікая беларуская літаратура пра вайну адказала на гэтыя пытанні. Але чамусьці не згадвала пра нямецкія булкі. І не ганіла савецкіх беларусаў за тое, што баранілі Айчыну ў складзе СССР...

Вось яны — звычайныя савецкія беларусы. 1936-ы, наперадзе 37-ы і 41-ы.

Зразумелае жаданне праз пераадоленне крамлёўска­-лукашэнкаўскіх спекуляцый і спробаў адмыць сталінізм дамагчыся ўсёй праўды пра вайну, бо не ўсёй праўда не бывае. Знойдзецца, безумоўна, ва ўсёй праўдзе ганебнае месца і партызанскаму, розных колераў, рабаўніцтву, і нямецкім булкам з цукеркамі, і злачынствам НКВД, і трагедыі антысавецкага супраціву...

Аднаго не вытрымае ўся праўда — адкрытага ці прыхаванага, што яшчэ горш, апраўдання нацызму тым, што ён быццам змагаўся з камунізмам за незалежную Беларусь.

У згаданым вышэй лісце да бацькі маці піша і пра Фіру Рахманчык: «...Спачатку на яе вачах схапілі дзіця за ногі і аб кузаў разбілі галаву. Фіра адразу згубіла розум, і яе прыстрэлілі...»

Такая вось барацьба.

Я не ведаю, хто яна, Фіра Рахманчык. Мабыць, даваенная знаёмая бацькоў. Нехта з сучасных самадзейных тлумачальнікаў гістарычных падзей мусіць думаць, што ў немцаў проста не хапіла для ейнага дзіцяці цукерак і булак. Але я, дзякуй Богу, яшчэ пры розуме і мушу думаць, што калі б не тыя эканомныя немцы, жылі б сёння на Зямлі дзіцятка Фіры Рахманчык, ягоныя дзеці і ўнукі. Разам з мільёнамі загубленых немцамі ды іх памагатымі яўрэйскіх дзяцей...

Я свядома пішу «немцы», а не фашысты ці нацысты. Фашыстаў і нацыстаў пакараў Нюрнберг.

Немцы пакаралі сябе самі — прынялі ў душу і ўзвалілі на плечы ўвесь цяжар гістарычнай адказнасці за тое, што дазволілі нацызму ачмурыць і атруціць сябе, за ўдзел у неверагодных злачынствах. З балючай рашучасцю вытравілі яго з сябе.

І менавіта таму яны пераможцы. А не толькі таму, што ў іх больш цукерак і булак...

Дык ці памыліўся май, спалучыўшы на караценькім адрэзку святочных дзён Уваскрашэнне Хрыста, Перамогу над нацызмам і Радаўніцу? Адказ я знайшоў ва ўспаміне пра бацьку.

Як і ўсе сапраўдныя франтавікі, ён ніколі не расказваў пра тое, што вытрымаў на вайне. Толькі аднойчы распавёў, як недзе пад Кёнігсбергам падчас атакі перад ім апынуўся пажылы немец, заваліўся на спіну і, узняўшы ці то рукі, ці то шэсць пальцаў, адчайна заенчыў: «Зэкс кіндэр! Зэкс кіндэр!» «Ты забіў яго?» — «Не, пабег далей...» — «А калі б ён стрэліў у спіну?»


Бацька ціха ганарыўся тым, што не забіў немца.

Бацька моўчкі паціснуў плячыма...

Нешта тут было па-за межамі сэнсу, дзеля якога вядзецца вайна, калі ўвогуле можна шукаць у вайне сэнс. Тым больш, што на той час заклік «Забі немца!» ужо ўзбудзіў усё савецкае войска. Але я адчуў, як бацька ціха ганарыцца тым, што не забіў немца.

Быццам здабыў больш значную за тое, каб забіць ворага, перамогу...

kamerton_41@mail.ru

Сяргей Ваганаў

0
Гісторык / Адказаць
18.05.2013 / 08:38
Усё яшчэ аніяк не могуць супакоіцца - усё яшчэ хочацца змагацца "з фашызмам". А на беларусаў пляваць - будзем узвялічваць партызанаў і перажываць за "нявінна загіблых" габрэяў.
0
Алесь / Адказаць
18.05.2013 / 11:51
злачынства робять асобы, спрабуя потым патлумачыць свае паводзiны цi то першаснасцю нямецкай расы, цi верай у вядучую ролю пралетарыяту, цi тым, што жадалi стабiльнасцi. i тут я згодзен з аутарам, што не трэба спрабаваць апраудаць злачынства немцау, як не трэба спрабаваць апраудываць злачынства як такое. трэба назвать iмены i прозвiшчы тых, хто iх выконвау i пералiчыць тыя учынкi, якiя былi зроблены. нас чакае вялiкая праца. усе злачынцы хочуць каб аб ix забылiся, родныя баяцца, што дзядулька герой можа аказацца злачынцам, той, хто жыве у габрэйскiм доме не хоча узгадваць пра халакост, нехта не захоча даведацца што стала з уладарамi пярсценкау, што захоуваюцца у сям'i ад часоу вяртання салдат з вайны. але прауда усе адно выйдзе.
0
2 Гісторык / Адказаць
18.05.2013 / 13:51
Ня трэба ўпадаць у крайнасці. Абое рабое: камунізм і нацызм. Сталін больш забіваў сваіх, а Гітлер чужых. Трагедыя насельніцтва Беларусі ў тым, што для Гітлера мы былі чужымі, а для Сталіна сваімі. А прыстойнаму чалавеку, які бы ў тыя часы захацеў змагацца за незалежную дэмакратычную Беларусь не было куды падзецца. Адныя з тых, хто хацелі змагацца за Беларусь пайшлі ваяваць за Сталіна, іншыя з тых, хто хацелі змагацца за Беларусь пайшлі на нейкія дамоўленнасьці з нацыстамі. І ў тым таксама трагедыя. Чым мусіць стаць 9 (ці 8 мая) ў дэмакратычнай Беларусі? Днём памяці і смутку. А перамога? На жаль, гэта не наша перамога.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру