Ігар Сечын — найбліжэйшы паплечнік прэзідэнта Пуціна, таксама выхадзец з вярхоў КГБ. Раней ён быў віцэ-прэм'ерам, цяпер кіруе «Роснефтью». Гэта амаль як «Газпрам», толькі ў нафтавай галіне.
Вядома, «Роснефть» не манапаліст, але самы ўплывовы гулец на энергетычным рынку. Прычым займаецца яна не толькі нафтай, але і газам.

Міхаіл Гуцэрыеў — чалавек багаты, але рангам ніжэйшы. Не так даўно ён нават шукаў прытулку ў Брытаніі, бо не сышоўся з пуцінцамі й сечынцамі, але сітуацыю неяк разруліў і вярнуўся. Затое Гуцэрыеў мае даўнія і блізкія кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён працаваў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым і атрымаў канцэсію на здабычу калійных соляў на новым радовішчы. Калі Лукашэнка на адной з прэс-канферэнцый расказаў аб карупцыйных прапановах алігарха «Мішы», многія падумалі менавіта пра яго.

Што прывяло Сечына й Гуцэрыева ў Мінск цяпер?
Пакуль ёсць толькі афіцыйная інфармацыя агенцтва БелТА. Вось яна.

«Для развіцця супрацоўніцтва Беларусі з ААТ НК «Росснефть» і ААТ НК «РуссНефть» няма абсалютна ніякіх перашкодаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 мая падчас сустрэчы ў Мінску з прэзідэнтамі гэтых кампаній Ігарам Сечыным і Міхаілам Гуцэрыевым.

Беларускі бок, адзначыў Лукашэнка, гатовы абмеркаваць пытанне аб пашырэнні аб’ёмаў пастаўкі нафты й газу. «Калі, дапусцім, умовы будуць нармальныя, лепшыя, чым у іншых кампаній, то мы можам узяць большую колькасць нафты на перапрацоўку пры вашым, вядома ж, жаданні. Тут у нас праблем ніякіх няма», — сказаў ён.

«Што датычыць паставак нафтапрадуктаў, калі ласка, давайце будзем дамаўляцца разам, у нас таксама тут ніякіх перашкод няма. Нашы нафтаперапрацоўчыя заводы вы ведаеце», — было сказана.

Лукашэнка таксама прапанаваў расійскаму боку ўдзел у рэалізацыі праектаў у сферы хімічнай прамысловасці. «У нас добрыя вопыт і школа па вытворчасці азотных угнаенняў. У вас ужо пад 50 млрд куб. м газу, вы не ставіце на экспарт, але, я думаю, унутры, у саюзнай дзяржаве, мы маглі б дамовіцца.
І вы маглі б пад 3 млрд куб. м перапрацоўваць, калі мы пабудуем новы завод, а пляцоўка ўжо гатовая. Вы пастаўляеце газ, дамовімся па акцыянаванні прадпрыемства і пастаўках на замежны рынак, вельмі добрая эканоміка», — падкрэсліў ён. Пры гэтым Лукашэнка дадаў, што ў выпадку неабходнасці гатовы абмеркаваць гэтую тэму з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
«Мы гатовыя адкрыць дзверы, для таго каб вы маглі вельмі эфектыўна ўвайсці ў Беларусь, і пажадана, вядома, каб была высокая даходнасць і эфектыўнасць вашай работы», — заявіў Лукашэнка.
«Прынцып адзін: у нас павінна быць зацікаўленасць трошкі вышэй, чым у іншых кампаній. Я думаю, вы зможаце Беларусь зацікавіць, паколькі аб’ёмаў і нафты, і газу ў вас вельмі шмат, і наперадзе вялікае развіццё», — сказаў ён.
Ігар Сечын адзначыў, што кампанія актыўна працуе ў Беларусі і пастаўляе прыкладна палову аб’ёмаў нафты, што перапрацоўваецца на беларускіх заводах.
«Цалкам пацвярджаю, што прынцыпы, якія мы будзем вызнаваць ў працы з нашымі стратэгічнымі беларускімі партнёрамі, — гэта давер, узаемная павага і ўлік узаемных інтарэсаў. Мы гатовы ў поўным аб’ёме дзяліцца выгадай з нашымі партнёрамі і ствараць доўгатэрміновыя праекты», — сцісла цытуе ягоныя словы прэзідэнцкая прэс-служба.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?