Як паведаміла агенцтва «Інтэрфакс», Следчы камітэт завёў крымінальную справу на былога кіраўніка Жыткавіч Мікалая Какору. Падазраецца экс-чыноўнік у выкарыстанні службовага палажэння для здзяйснння злачынстваў, скіраваных на атрыманне незаконнай страхавой выплаты ў сувязі з пашкоджаннем службовага аўто.

Спачатку мэра горада «сышлі» з пасады.

У адстаўку яго адправіў сам Лукашэнка. Прычына — «грубае парушэнне службовых абавязкаў і правіна, што не можа сумяшчацца са знаходжаннем на дзяржслужбе».

Вядома, што такія дзеянні нанеслі шкоду райвыканкаму і «Белдзяржстраху» ў асабліва буйным памеры (не менш за 100 мільёнаў рублёў). Нанесеную шкоду ён ужо выплаціў.

Мікалай Какора нарадзіўся ў 1967 у суседнім Петрыкаўскім раёне. Скончыў Гомельскі кааператыўны інстытут. Працаваў у райспажыўсаюзе. Служыў у групе савецкіх войскаў у Германіі. Ад 2005 да 2008 працаваў першым намеснікам мэра Калінкавічаў. Адметна, што мэрам тады быў Віктар Піліпец, які пазней заняў крэсла кіраўніка Гомеля, а летась быў арыштаваны. Какору падвысілі да старшыні Жыткавіцкага райвыканкама праз год пасля таго, як на павышэнне пайшоў былы шэф.

Райвыканкам Какора ўзначальваў амаль пяць гадоў. Жанаты, мае двух сыноў.

«Я — звычайны сельскі хлопец, з якога на сёння вырас старшыня райвыканкама, — адзначаў Какора ў адным з інтэрв’ю адразу пасля прызначэння. — У людзях я цаню прыстойнасць, шчырасць, дабрыню. Не трываю, натуральна, хлусні і падману. Як правіла, падмануць можна толькі раз, пасля гэта ўсё выяўляецца. Хацеў бы, каб усё-ткі ў людзях, якія вакол мяне, станоўчыя якасці пераважалі».

Хроніка апошніх арыштаў у мэрыях

Красавік 2013 — затрыманы намеснік мэра Барысава (падазраецца ў атрыманні хабару);

Люты 2013 — на 14 гадоў асуджаны нам. мэра Мінска Ігар Васільеў (атрыманне хабару);

Верасень 2012 — арыштаваны экс-мэр Гомеля Віктар Піліпец (абвінавачваецца ў перавышэнні ўлады);

Лета 2012 — нам. мэра Узды Міхаіл Крукоўскі абвінавачаны ў крадзяжы, пазней справу спынілі;

Май 2012 — арыштаваны экс-мэр Полацка Уладзімір Тачыла (злоўжыванне ўладай), пазней памілаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?