Мар'ян Місевіч. Фота Кастуся Шыталя, westki.info.

Мар'ян Місевіч. Фота Кастуся Шыталя, westki.info.

Той перафарбаваў гаўбец уласнае кватэры ў белы і чырвоны колеры, упрыгожыў беларускім арнамэнтам, а пасярэдзіне прыладкаваў «Пагоню». За гэта яго выклікаюць на адміністрацыйную камісію, каб аштрафаваць за «псаваньне архітэктурнага рашэньня будынка».

Паводле спадара Місевіча, ён расфарбаваў свой гаўбец у нацыянальныя колеры, чым упрыгожыў ня толькі свой «шматпавярховік», але й увесь цэнтар пасёлка Падсьвільле. Бо ў тым доме, дзе ён мае кватэру, ужо 40 гадоў не было рамонту: «Дом наш у тры паверхі, мая кватэра на другім. Дому 40 гадоў, з той пары так і стаіць. А гаўбцы ў нас такія: пара-тройка лоджыяў зашклёных, астатнія гаўбцы абшарпаныя. І ў мяне такі быў, калі я кватэру тут набыў пару год таму».

Мар’ян Місевіч вырашыў адрамантаваць свой гаўбец, а заадно паказаць, што гаспадар — шчыры беларус: «Гаўбец мой — 3 мэтры 10 сантымэтраў. І на ўсе гэтыя 3.10 ішлі тры паласы — белая, чырвоная, белая.
А па баках, сантымэтраў па 10 — арнамэнт беларускі. А пасярэдзіне — „Пагоня“. Я маляваў гэта на блясе, потым прыкручваў шрубамі, усё фундамэнтальна рабіў. „Пагоня“ была прымацаваная асобна на шрубах. Якая прыгожая была! Увесь горад упрыгожвала! Але ж камусьці не спадабалася».
Спадар Мар’ян цяпер вельмі шкадуе, што не пасьпеў сфатаграфаваць свой бел-чырвона-белы гаўбец, пафарбаваны на пачатку траўня. Бо прыкладна праз тыдзень камунальнікі, не папярэдзіўшы гаспадара, перафарбавалі яго ці то на свой густ, ці то казённай фарбай, якая знайшлася, — у чырвоны колер.
Запэцкалі і «Пагоню», прычым няйнакш як уночы, употайкі. Бо ніхто з суседзяў ня бачыў, як гэта адбывалася. Але ранкам 6 траўня Мар’ян Місевіч заўважыў, што гаўбец ужо ня той. І пачаў высьвятляць, хто гэта зрабіў.

Высьвятленьні скончыліся пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэньні, працягвае спадар Мар’ян: «Я паехаў высьвятляць адносіны ў пасялковы савет. Адразу перайшоў у напад: „Хто гэта ўсё нарабіў без майго дазволу?“ Старшыня зьбянтэжылася, сказала, што ня ведае. Участковы нешта прамямліў, што начальнік ЖКГ. Яны яшчэ патрабавалі зь мяне пісьмовых тлумачэньняў, але я адмовіўся: сказаў, што спачатку разьбяруся, хто тут што рабіў і па якім загадзе! Тады я паехаў у ЖКГ, да начальніка: „На якой падставе і хто сапсаваў маю прыгажосьць?“ Ён пачаў казаць, што гаўбец — гэта не мая прыватная маёмасьць. Ясна, адным словам: гэта яго падначаленыя зрабілі».

Паводле спадара Місевіча, начальнік ЖКГ у Падсьвільлі — былы кіраўнік Глыбоцкай раённай міліцыі. Таму й мэтады ў яго такія: адразу позву да галоўнага архітэктара раёна, каб складаць пратакол:
«Пратакол ён пры мне складаў. „Парушэньне архітэктурнага рашэньня будынкаў і збудаваньняў“, вось такі артыкул я парушыў. У пратаколе былі тры радкі на мае заўвагі. Я сказаў, што не ўкладуся, і ў маёй тлумачальнай запісцы, якую да пратакола прыклалі, я ўсё напісаў: „Па цэнтры гаўбца была „Пагоня“, гэта афіцыйны герб вобласьці. Па бакох я разьмясьціў для прыгажосьці беларускі арнамэнт. І наш дом адразу папрыгажэў, нягледзячы на лахманы, што сушыліся на суседніх гаўбцах, на рознакаляровыя рамы і лоджыі“. Так што тут, я думаю, галоўнае — не расфарбоўка. А тое, што намалявана!»
Паводле артыкула 21.13 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях за «парушэньне архітэктурнага рашэньня фасадаў будынкаў і збудаваньняў» Мар’яну Місевічу пагражае штраф ад 200 тысяч да мільёна рублёў.
Памер штрафу мае вызначыць адміністрацыйная камісія. На пасяджэньне спадар Мар’ян зьбіраецца прыйсьці ў сваім звычайным адзеньні — у майцы з «Пагоняй», са значкам у выглядзе бел-чырвона-белага сьцяжка. А з сабой абяцае ўзяць сапсаваны камунальнікамі старажытны герб: гаспадар зьняў яго з гаўбца, дзе засталася толькі пляма на месцы запэцканай чырвоным «Пагоні».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?