Беларусь ужо ў дзявяты раз далучаецца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Акцыя прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая.

Сёння больш як 100 дзяржаўных музейных устаноў краіны, а таксама мастацкія галерэі ў Мінску і рэгіёнах прапаноўваюць наведвальнікам культурныя праграмы, накіраваныя на папулярызацыю музейнай справы і мастацтва ў цэлым.

Нацыянальны мастацкі музей (НММ) Беларусі на гэты раз вырашыў звярнуцца да беларускай тэматыкі.
Падчас «Ночы музеяў» тут будуць арганізаваныя 16 культурных праектаў, аб’яднаных матывам твора «Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. У ролі сюжэтаўтваральнага персанажа гэтага твора — шляхціца Завальні — выступіць дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў.

Канцэртныя і выставачныя праграмы падчас акцыі пройдуць як у залах музея, гэтак і ў дворыку НММ, адкрыццё якога прымеркавана да гэтай падзеі. Наведвальнікам пакажуць выставы «Правіцелі і магнаты Вялікага княства Літоўскага» з экспанатаў украінскіх музеяў Львова і Луцка, «Начны візіт " Валерыя Слаука, фотавыставы «Беларусь у абдымках зорак» Віктара Малышчыца і «Беларусь сінявокая» Дзяніса Раманюка.

Розныя праграмы НММ пройдуць пры ўдзеле беларускіх музычных, тэатральных і танцавальных калектываў, дызайнераў.

Кошт уваходнага білета складзе 50 тысяч рублёў, але наведвальнікі ў «фантастычным» абутку ці «чароўных» акулярах змогуць трапіць на музейнае свята бясплатна.

Нацыянальны гістарычны музей (НГМ) сёлета робіць акцэнт на чысле 13 і спрабуе абвергнуць міф пра тое, што гэта чысло нешчаслівае.
Наведвальнікі акунуцца ў атмасферу Мінска 1913 года, Масквы 1813-га і г.д.

На выставе «Камунальная кватэра № 13» можна паназіраць за жыццём яе насельнікаў, нават сыграць з жыхарамі кватэры ў даміно. У рамках экспазіцыі «Гісторыя Беларусі XVI–XVIII стст. у партрэтах і геральдыцы» можна будзе адлюстраваць сябе ў эстэтыцы сармацкага партрэта.

У залах музея на працягу ўсёй акцыі будуць працаваць джазавыя калектывы. Гасцей чакае інтэрактыўная гульня «12 крэслаў + 1», а таксама спартыўная гульнёвая праграма для дзяўчат, прысвечаная 13 ліпеня 1908 года, калі ўпершыню да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях былі дапушчаныя жанчыны.

Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы правядзе для сваіх гасцей «PaЎlinka PARTY», прымеркаваную да 100-годдзя першай пастаноўкі спектакля «Паўлінка».

У рамках музейнай ночы на алеях парку імя Купалы размесціцца выстава-кірмаш рукатворных вырабаў. На ганку музея пройдуць канцэрты з удзелам беларускіх гуртоў Alta Mente, Folkmashina і «Босае сонца». Тут жа будуць арганізаваныя прадстаўленні тэатра танца «ОтражениЯ», студэнцкага эксперыментальнага тэатра-студыі «ARTvoyage» (БДУІР) і «Адэкватнага тэатра «вКУБЕ».

Асноўнай праграмай акцыі Купалаўскага музея стане модны паказ у суправаджэнні духавога аркестра пагранічных войскаў, у якім удзел возьмуць як прафесійныя мадэлі, гэтак і супрацоўнікі музея. У музейных залах будуць працаваць цырульнікі і візажысты.

Праграма, арыентаваная на неакадэмічнае мастацтва, адбудзецца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.
Адзіная ноч музеяў у літаральным сэнсе пройдзе ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, дзе да шасці гадзін раніцы 19 мая бесперапынна будуць выступаць беларускія музычныя калектывы.

Да святкавання міжнароднай музейнай акцыі падключыліся таксама мастацкія галерэі. Адмысловыя праграмы падрыхтавалі Гарадская мастацкая галерэя Леаніда Шчамялёва і галерэя «Ў».

З падрабязнай інфармацыяй аб графіку мерапрыемстваў, якія падрыхтавалі беларускія музеі, можна азнаёміцца на сайце Міністэрства культуры Беларусі www.kultura.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?