Прадстаўніцы Беларусі Алене Ланской на міжнародным песенным конкурсе «Еўрабачанне-2013», фінал якога прайшоў 18 мая ў шведскім горадзе Мальмё, не хапіла вопыту выступаў на вялікай сцэне. Так пракаментавала яе ўдзел у музычным форуме заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева.

«Гэта не яе віна, так склаліся абставіны. Вопыт выступаў на вялікіх пляцоўках прыходзіць з гадамі. Публіка заўсёды адчувае няўпэўненасць артыста.

Напрыклад, падчас паўфіналу ў Алёны быў адсутны погляд, рухалася яна на аўтапілоце. Было відаць, што яна вельмі моцна хвалявалася. Яно і зразумела, бо конкурс — сур’ёзнае выпрабаванне.
Трэба валодаць ярка выяўленай харызмай, каб супрацьстаяць націску, што ідзе на цябе», — сказала Іна Афанасьева. У той жа час яна адзначыла, што Беларусь прадставіла сваю песню годна, у нумары адчувалася вялікая праца. Да таго ж, Алёна прадэманстравала вялікую сілу волі, выступіўшы на сцэне «Еўрабачання».
Гаворачы аб пераможцы конкурсу датчанцы Эмілі дэ Форэст, Іна Афанасьева выказала сумнеў наконт яе трыумфу.
«Калі ў мінулым годзе лідар (шведка Ларын. — Заўвага. БЕЛТА) быў відавочны, цяпер усё было вельмі спрэчна, хоць, гэта справа густу. Мне спадабаліся прадстаўнік Азербаджана Фарыд Мамедаў і ўкраінская выканаўца Злата Агневіч. Дарэчы, украінцы — вельмі ўпэўненая ў сабе нацыя. Не важна, колькі гэтай дзяўчынцы гадоў. Яна выйшла на сцэну і ў ёй адчувалася магутная энергетыка. Нам, беларусам гэтага не хапае», — сказала Іна Афанасьева.
Разам з тым заслужаная артыстка Беларусі адзначыла, што да падобных форумаў трэба ставіцца спакайней.
Такія фестывалі — выдатная магчымасць для артыста пагутарыць, пашырыць аўдыторыю і набыць каласальны вопыт. «Для творчага чалавека гэта добрая магчымасць сябе рэалізаваць і падняць свой прафесійны ўзровень, які ў далейшым дапаможа заявіць пра сябе», — сказала яна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?