Алена Ланская і Дзмітрый Баранаў, архіўнае фота. Open.by.

Алена Ланская і Дзмітрый Баранаў, архіўнае фота. Open.by.

На сёлетнім конкурсе «Еўрабачанне» Беларусь прадэманстравала «якасны музычны прадукт». Так пракаментаваў БелаПАН выступленне Алены Ланской у фінале конкурсу яе прадзюсар Дзмітрый Баранаў. 16-е месца ў фінале ён назваў «выдатным вынікам».

«Пасля трох гадоў, калі Беларусь наогул не з’яўлялася ў фінале, пасля дзікага застою тое, што мы ў фінале, — прарыў. Намі праведзена вялікая праца, і гэта самае галоўнае. Аленіна 16-е месца ў фінале — другі вынік Беларусі за ўсю гісторыю ўдзелу нашай краіны ў „Еўрабачанні“ (найлепшы вынік быў у Дзмітрыя Калдуна, які ў 2007 годзе заняў 6-е месца ў фінале. — БелаПАН.)», — падкрэсліў прадзюсар.

На «Еўрабачанні», адзначыў ён, «ужо ёсць нейкія стэрэатыпы ўспрыняцця краіны, якія „намазолілі“ вока, і ад іх чакаюць чагосьці пэўнага». «Думаю, трэба нейкі час, каб і пра нас Еўропа зразумела, што мы маем усе шансы быць годнымі ўдзельнікамі гэтага форуму, што ў нас ёсць класны музычны матэрыял, што мы можам рабіць добры прадакшн. Таму ўклад, які сёлета зрабіла ўся наша беларуская дэлегацыя, паклаўшы пачатак гэтаму, неацэнны», — перакананы Баранаў.

На пытанні аб верагоднасці паўторнага ўдзелу Ланской у «Еўрабачанні» прадзюсар адказаў: найперш, «як бы банальна гэта ні гучала, патрэбна песня». «І сам конкурс прадэманстраваў чарговы раз, што галоўнае — песня. Забаронных бар’ераў ніякіх няма — калі ласка, удзельнічай хоць мільён разоў. І прыкладаў таго, як адзін і той жа выканаўца ўдзельнічаў у конкурсе некалькі разоў, — мноства. Але пакуль пытанне (аб удзеле Ланской. — БелаПАН.) так не стаіць. Будзе песня — будуць нейкія планы. Спадзяёмся, што знойдуцца маладыя выканаўцы, якія змогуць вытрымаць планку, і знойдзецца такая песня, каб узяць удзел у гэтай вельмі непрадказальнай, вельмі цікавай і вельмі прэстыжнай самай галоўнай еўрапейскай музычнай падзеі», — сказаў Баранаў.

Паводле яго слоў, расчаравання ад удзелу ў «Еўрабачанні» няма ні ў самой спявачкі, ні ў беларускай дэлегацыі. «Мы атрымалі вялікі вопыт, пазнаёміліся з вялікай колькасцю нашых фанатаў па ўсёй Еўропе. І галоўнае — я ганаруся, што гэтым разам усё гэта зроблена беларусамі. Калі ў выпадку з Калдуном гаварылі, што ўсё зрабіў Кіркораў, а ў выпадку з гуртом 3+2 — што ўсё зрабіў Фадзееў, то ў нашым выпадку, хоць у нас і была міжнародная каманда, выступленне Беларусі, ад нараджэння ідэі песні і нумара і да фінальнага яе ўвасаблення — гэта ўсё беларускі прадукт», — падкрэсліў прадзюсар Ланской.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?