Алекс Гальчанюк выступае ў зборнай ЗША пад нумарам 32, а таксама гуляе за "Манрэаль Канадыенс"

Алекс Гальчанюк выступае ў зборнай ЗША пад нумарам 32, а таксама гуляе за "Манрэаль Канадыенс"

Зборная ЗША (14 гульцоў маюць узрост да 26 гадоў) заваявала бронзавыя медалі чэмпіянату свету па хакеі. У матчы за 3-е месца амерыканцы па булітах выйгралі ў Фінляндыі 3:2.

Асноўны час і авертайм скончыліся з лікам 2:2, а ў серыі булітаў амерыканцы перамаглі 2:1, прычым дзве шайбы закінуў гулец беларускага паходжання, 19-гадовы Алекс Гальчанюк.

На гэтым чэмпіянаце Алекс правёў за ЗША чатыры матчы: тры плэй-оф і апошні матч групавога турніру са Славакіяй, прыляцеўшы перад гульнёй.

Алекс у студзені, дарэчы, разам з ЗША заваяваў золата моладзевага чэмпіянату свету.

А 21:30 пачнецца фінал Швецыя — Швейцарыя.

Пяць фактаў пра Алекса Гальчанюка

***

Алекс нарадзіўся ў 1994 годзе ў Мілуокі, штат Вісконсін. Тады ў Штатах за мясцовую каманду гуляў ягоны бацька — Аляксандр Гальчанюк, які шмат гадоў выступаў за зборную Беларусі, нават на Алімпіядзе ў Нагана-1998.

Гальчанюк-малодшы казаў Прессболу так: «Усё ж такі я нарадзіўся ў ЗША. Больш правільна сказаць так: я амерыканец з беларускімі каранямі. Не хаваю, што ў мяне ёсць беларуская кроў. Кожны год наведваю радзіму бацькі, каб аднавіць сілы, дапамагчы бабулі з дзядулем на дачы. Заўсёды з задавальненнем прыязджаю ў Мінск».

Вядома, што за хакеіста Гальчанюка змагаліся расейцы, яны хацелі, каб хлопец прыняў іхняе грамадзянства. Але Алекс выбраў амерыканскае, аб чым сёння не шкадуе.

Што датычыць беларусаў, то сам хакеіст дзівіўся, чаму з Мінска не было ніякіх запрашэнняў.

«Мне не прапаноўвалі гуляць за беларускую зборную. За ўвесь час я не размаўляў ні з адным з кіраўнікоў вашай федэрацыі.»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?