Гаворка тут пойдзе пра веру ў Бога, якога, я спадзяюся, на шчасце, у класічным разуменні няма, і пра рэлігію, якая ў класічным разуменні дакладна і на жаль ёсць. Тых, каго гэты тэкст можа абразіць — ён адназначна абразіць. Астатніх, імаверна, не зацікавіць.

Асана, і не менш

Адна з найважнейшых рысаў чалавека — развітая здольнасць аналізаваць папярэдні досвед і здольнасць прагназаваць вынікі сваёй дзейнасці. Гэта дазваляе чалавеку камфортна функцыянаваць кожны дзень: вы кладзяце цукар у каву і ведаеце, што яна будзе салодкай.

Вы купляеце, а не крадзяце, бо такім чынам вы падтрымліваеце існаванне грамадства, якое гарантуе і вам права на неад’емную маёмасць.

Вы падаяце жабраку, бо не хочаце жыць у грамадстве, дзе ёсць беднасць. Вы на ніжэйшым узроўні змагаецеся з чужой беднасцю, бо гэта ў выніку спрыяе вашай бяспецы ці паляпшае настрой.

Вы плаціце падаткі на дапамогу інвалідам, бо гэта вам гарантуе дапамогу ў выніку ўласнай інваліднасці. Пажарны не пойдзе рызыкаваць жыццём у імя вашай маёмасці, калі вы і астатнія не дасцё яму неабходных умоў і гарантый яго працы.

Так і жывём

Мы ведаем, што такое добра і што такое кепска. Мы вырашаем спрэчкі ў судах ці ў размовах, дзе аперуем аргументамі і фактамі. Мы пішам законы, якія дазваляюць нам ведаць межы свайго і чужога і ізалюем тых, хто гэтым законам не падпарадкоўваецца.

Мы існуём дзякуючы таму, што большасць людзей купляе, а не крадзе, вырабляе, а не атрымлівае, ратуе, а не забівае.

Я неймаверна ўдзячны тым, хто прыдумаў кола, вінт, лінзу, даў свету вакцыны, напісаў законы, лавіў злачынцаў, вучыў дзяцей, праектаваў і будаваў дамы, адкрываў і праводзіў электрычнасць, пісаў кнігі і музыку. Я ўдзячны тым, хто займаецца гэтым цяпер. Я ведаю, што гэта адзіны шчыры і бяспечны спосаб захоўваць жыццё і, калі хочаце, любоў.

І я не веру у закон. Я ведаю. Ведаю, што ён неабходны. Я не баюся кананічнага псіхапатычнага бога і ягонай кананічнай кары. Я не адчуваю сябе рабом ані бога, ані чалавека. Мне не патрэбна ні пастыраў, ні адпушчэнне грахоў. Ні ўхваленне, ні настаўленне. Мне не патрэбна чужая вера.

Маці скажа свайму малому сыну, які ударыў рыдлёвачкай сябра: «А што будзе, калі ён цябе так ударыць?» — і дасць маленькаму чалавеку самы важны ў ягоным жыцці аргумент на карысць дабра.

Яна не прапануе яму паверыць у пасмяротныя пакуты. Яна не прымусіць яго верыць у тое, што біць чалавека — кепска. Яна яму гэта даказвае і фактычна падводзіць яго да асэнсавання ў будучыні кантаўскага імператыву: «Рабі згодна толькі з той максімай, кіруючыся якой ты ў той жа час пажадаеш, каб яна стала ўсеагульным законам».

Лёгка растлумачыць самаму шчыраму верніку, што, калі ён будзе ўвесь час перабягаць вуліцу на чырвонае святло, ён мае незайздросную перспектыву сустрэцца са сваім богам у самы бліжэйшы час. Але нельга растлумачыць мне, што субота — свяшчэнны дзень.

Паразіт паразітуе

Вера (я маю на ўвазе тут і надалей кананічную хрысціянскую веру ў бога) — гэта такі арганізм, які жыве ўнутры чалавека і выядае Чалавека знутры. Упусціўшы у сябе такую веру, чалавек пачынае заўважаць, што неўзабаве гэты паразіт унутры пачынае прыпісваць сабе ўсё самае лепшае ў чалавеку, а ўсё самае кепскае пакідаць гаспадару. Гаспадар цела, дзе жыве паразіт веры, пачынае «не красці ў імя бога», нават калі ніколі дагэтуль не чуў пра бога і не краў сам па сабе. Гаспадар цела не забівае ў імя пятага запавета і кахае сваю жонку ў імя дзясятага, хаця раней проста не забіваў і кахаў.

Аднаму вера загадвае клапаціцца пра бацькоў, каб Бог дараваў доўгае жыццё, а не таму, што яны самыя любімыя людзі на зямлі, а другога паразіт веры выядае знутры, бо той не клапоціцца пра бацькоў-вырадкаў. Паразіт веры не лічыць аргументам, што вырадкі ў маленстве прапівалі зімовую вопратку дзіцяці. Паразіт веры загадвае прабачыць, бо для паразіта гэта адзіны спосаб захаваць сябе ўнутры цела. Паразіт не прызнае выключэнняў.

Гаспадар цела ўжо ніколі не ведае, як сябе паводзіць і як рэагаваць на зло. Бо рэакцыю яму дыктуе не ягоны жыццёвы досвед, а кананічны тэкст і маленькі паразіт. Ён любіць слабых і злых і неяк абыякавы да моцных і добрых, бо пастыры не навучылі яго: яны самі ніколі не звяртаюць увагі на добрых людзей. Яны заняты вырадкамі.

Як і любы паразіт, вера не абавязкова павінна знішчыць свайго гаспадара. П’яўкі бываюць карыснымі. Яны ачышчаюць кроў. Наркаман знаходзіць у веры апірышча для руху да вызвалення. Але, вызваліўшыся, ён не скажа: «я змог перамагчы страшэнную хваробу. Цяпер я змагу усё». Ён падзякуе богу і будзе спадзявацца, што той дасць яму магчымасць больш ніколі не стаць наркаманам, а ягоны сябар (яшчэ адзін наркаман) зробіць выснову, што бог яму дапаможа таксама. З гэтай думкай ён і стырчыцца за два гады і памрэ, пакінуўшы пасля сябе вялікую загадку для ўсіх наркаманаў: чым першы заслужыў любоў бога ў большай ступені? Яны наўрад ці звярнуць увагу на той факт, што першы прыкаваў сябе да батарэі і пераламаўся, а другі купіў сто свечак, бухаў кагор і маліўся.

Пра веру і любоў скажуць Сведкі Еговы, што забароняць пераліць кроў свайму хвораму дзіцю. Паразіт перашкодзіць ім дазволіць ратаваць жыццё так, як прапануе доктар. Бацькі з паразітам у галаве будуць сачыць за смерцю свайго дзіцяці і перажываць. І нават плакаць. І шмат маліцца.

Скажам, я — такіх бацькоў саджаў бы пажыццёва. На першы раз. Але я не рэлігійны чалавек. І да маіх заклікаў караць ніхто не прыслухаецца.

Пра тых, да каго прыслухоўваюцца

Шмат сумных думак прыходзіць у галаву пасля прачытання артыкулаў людзей, якія пішуць пра сакральную любоў з вялікай літары. Дапусцім, Пётра Рудкоўскі прыпісвае секулярнаму свету стварэнне ўмоў для росквіту шарлатанства. Ён піша тэкст, хтосьці чытае тэкст. Тэзіс, мінаючы галаўны мозг, трапляе наўпрост да паразіта веры, усмоктваецца ім і засвойваецца на 100 адсоткаў.

А на самой справе, для чалавека, які не верыць у бога, розніца паміж пастырам і медыумам прынцыпова неістотная, бо і першы і другі аперуюць бяздоказнымі тэзісамі. Для містыка ж ні першы ні другі не з’яўляюцца шарлатанамі, бо даюць яму мажлівасць накарміць паразіта веры.

Запатрабаванасць медыумаў, якая лічыцца Рудкоўскім прыкметай секулярнага грамадства, нікуды і ніколі не знікала. Яны жылі задоўга да секулярызацыі грамадства, бо чалавек заўжды хацеў атрымаць адказы, пажадана не прыкладаючы для іх з’яўлення ніякіх намаганняў. Медыумы былі да хрысціянства ў выглядзе шаманаў. Яны былі падчас росквіту сярэднявечнага хрысціянства ў выглядзе чувачкоў, якія гаварылі з богам, людзей, якія трэслі сваімі стыгматамі перад натоўпамі хрысціяна-зомбі. Дык з чаго б ім знікнуць зараз, калі насуперак тым, што вучаць карыстацца здабыткамі інтэлекту, абсалютна легальна і бязбедна існуюць паразітычныя рэлігійныя канфесіі, якія, з аднаго боку, загадваюць верыць у анёлаў, а з другога чамусьці забараняюць верыць у дамавікоў і духаў «сярод нас».

Рудкоўскі, дапусцім, слушна занепакоены тым, што «ў Вялікабрытаніі, на радзіме славутага прапаведніка атэізму Рычарда Докінза, спадарыня Сэлі Морган стала тэлезоркай і здабыла вялікую папулярнасць акурат у якасці медыюм-акультысткі».

Але ў ЗША, дапусцім, Гаральд Кемпінг, папулярны амерыканскі тэлепрапаведнік, тройчы прадказваў судны дзень, які, наколькі мне вядома, так і не адбыўся. Кемпінг нёс мільёнам божае слова і за свае прагнозы ніякай адказнасці на сябе не ўсклаў. Проста рэгулярна прасіў прабачэння, што натуральна для чэлавека, які і хварэе на аднаіменны сіндром («прабачэнняў»). У той жа час, дапусцім, у 2009 годзе у італ’янскай Аквіле 6 сейсмолагаў пасадзілі ў турму за тое, што яны не пралічылі ступень сур’ёзнасці сейсмічнай пагрозы. Ці варта было ім абвяшчаць мажлівасць землятрусу на ўсялякі выпадак кожны дзень? Ну, як найлепшыя з хрысціян?

Для мяне медыумы, пастыры і чароўныя тайскія дадаткі ў ежу функцыянальна рэчы аднаго парадка. Але важней іншае. Секулярны свет шырэйшы за клерыкальны. У секулярным свеце права хадзіць у царкву абаронена свецкім законам. Ён не забараняе быць медыумам. Сектантам і нават эльфам. Але эльфы не хочуць падмяць пад сябе секулярны свет. Эльфы не хочуць мне расказаць, як жыць, працаваць і кахаць жонку. А пастыр бычыць у гэтым сэнс жыцця і нават называе гэта «місіяй».

Што можа мне расказаць пра літасць да бліжняга і шлях у рай праз раздачу маёмасці абстрактны поп, які наогул слаба сабе уяўляе, як ствараюцца грошы, і лічыць, што грошы — корань зла? Перафразуючы Айн Рэнд, ці могуць усе папы свету зрабіць новы «Эпл», іконкі якога эстэтычна мне падабаюцца болей за іконы?

Пётра Рудкоўскі піша, што свет гніе ў распусце, і той факт, што многімі прагляд парнаграфіі не лічыцца злачынствам, засмучае яго. Цяпер я вам раскажу пра казус клерыкальнага свету. У Саудаўскай Аравіі прыкладна 80% жанчын праходзяць прымусовае абразанне клітара. А ісламскі свет — бадай адзіны «шчыра несекулярны», які існуе на нашым блакітным шарыку.

Той жа аўтар перажывае праз закон пра недапушчальнасць крытыкі гамасексуалізму і жаночай распусты. А як у ідэале ён бы хацеў крытыкаваць гомасексуалізм? Ці варта лячыць гамасексуалістаў? Высылаць у гета? Логіка мне падказвае, што крытыка мусіць мець у перспектыве нейкі вынік. Калі я крытыкую ўладу, я мяркую, што карысным было б яе змяніць. Як царква збіраецца змяняць бяскрыўднага гамасека? Забараніць яго, перарабіць яго? Ці гэта такая своеасаблівая крытыка, якая не мае ніякай мэты?

Я не лічу, што магу ўказваць чалавеку, што ён мусіць робіць у сваім ложку, ці, як сказала Ранеўская «са сваёй ср.кай». Я не лічу, што яна належыць госпаду. Акрамя таго, я не буду асуджаць жанчыну за тое, што ёй проста сумна жыць з адным мужчынам болей, чым пару тыдняў. І мне не зразумела, як так атрымалася, што логіка, якая дазваляе зрабіць каву салодкай, перастае працаваць, калі чалавек думае пра тое, што бліжняму рабіць з самім сабой?

У Эстоніі 84% атэістаў. У Даніі — столькі ж. Імаверна, там Садом і Гамора, а 16% хрысціян ці мусульман вымольваюць у Бога яшчэ пару дзён, каб паспець знайсці пару праведнікаў?

Самыя рэлігійныя краіны — Емен (99% іслам), Бангладэш (99% іслам), Нігер (79% — іслам і 20% каталікоў). Вельмі радаснае жыццё ў Ліберыі, дзе хрысціяне, якіх 85%, паралельна займаюцца адпраўленнем афрыканскіх культаў і пры гэтым называюцца хрысціянамі. Радасна і ва Угандзе (каталікі- 41,9%, пратэстанты — 42%, мусульмане — 12,1%, іншыя вераванні- 3,1%, а атеісты — 0,9%.) Уганда дала свету мусульманіна Ідзі Аміна ў асобе прэзідэнта, які еў сваіх ворагаў, угрохаў паўмільёна насельніцтва і меў схільнасць да забіцця сваіх жонак пасля разводаў. А гэта — не змрочнае сярэднявечча, а нашыя слаўныя 1970-я.

Карацей, вось што я хацеў бы сказаць. Я не тое што «нападаю» на рэлігію. Не надта хацелася. Я папросту не думаю, што яна з’яўляецца неабходнай часткай жыцця духоўнага (у маім секулярным разуменні) чалавека. Я, на жаль, не ведаю ніводнага грамадства, духоўны стан якога быў бы палепшаны намаганнямі царквы. Рабства, масавыя забойствы, голад і генацыд — усё гэта існавала да хрысціянства, падчас хрысціянства і нават у імя хрысціянства. Прыхаджане самых вялікіх храмаў пасля выйсця са службы радасна наведвалі спальванні ведзьмаў ажно да канца ХVIII стагоддзя, пісалі даносы, куплялі індульгенцыі, забівалі, ваявалі, кралі і г.д.

Хрысціяне ў Старажытным Рыме моцна пакутавалі за сваю веру. Яны былі ахвярамі забойстваў і імгненна перайшлі да караў ерэтыкоў пасля сваёй духоўна-культурнай перамогі.

У Тулузе канца XVI ст. паставілі рэкорд, спаліўшы 400 «вядзьмарак» на адным вогнішчы.

30-гадовая вайна пачатку XVII ст. паміж каталікамі і пратэстантамі ў Германіі скараціла яе насельніцтва ўчацвёра (з 16 да 4 млн.)

Такія прыклады можна знаходзіць бясконца, і справа, безумоўна, не ў тэксце Святога Пісьма. Справа ў тым, што любая ідэя інтэрпрэтуецца згодна з развіццём грамадства.

Проста паразіт веры не хоча, каб гаспадар цела спасцігаў сусвет. Ён хоча, каб цела ведала правілы камфортнага для паразіта функцыянавання. Паразіт веры мае толькі адну мэту: выжыць і памножыцца. Але калі чалавеку вера ў бога так унутрана неабходна, як сцвярджаюць носьбіты паразіта, — чаму людзі ніколі не ваявалі за тое, каб прымусіць кагосьці падзяліцца сваёй верай? Наадварот. Паразіт шукаў новую ахвяру сам. Паганцы, у якіх не было рэлігіі, якая б вучыла іх любові да бліжняга, ваявалі за зямлю і за ежу. Хрысціяне, акрыленыя «тым, хто ёсць Любоў», сплаўлялі першых з іхнымі ідаламі па рэках. У імя Бога. У імя праўды. У імя любові і ачышчэння. Землямі і багаццем нячыстых цывілізацый яны, праўда, таксама ніколі не грэбавалі. Калі сустрэнеце каго-небудзь з індзейцаў мая — спытайце, ён пацвердзіць.

Неабходнасць веры нельга растлумачыць. Але калі бацькі, якім дзіця давярае, скажуць, што пад ложкам у цемры нехта жыве і знікае, калі ўключыць святло, — дзіця не будзе сумнявацца.

Веды, нават сёння даказаныя, а заўтра прызнаныя памылкай, — не патрабуюць прымусу ў спасціжэнні. Рэлігія мае намер даць адзін адказ і назаўсёды: пад ложкам цёмна. Той, хто там жыве, проста не відаць. Я ведаю, дзе рубільнік, і выратую тваю задніцу, сынок.

Карацей кажучы, першай прыкметай сапраўднага хрысціяніна з’яўляецца страх. Людзі трацяць жыцці на пачуцце віны і страх, пра якія яны нічога не ведалі, пакуль ім не расказалі, што яны вінаватыя і што гэта страшна.

Куды падзець ідэйкі?

І вось самае цікавае (калі вяртацца да ідэй і іх інтэрпрэтацый у залежнасці ад развіцця чалавека і грамадства) у тым, што ёсць адна ідэя, якая гарантавана з’яўляецца тупіковай і небяспечнай. Зараз раскажу. З прыкладамі.

Хрысціяне фармальна прапаведавалі любоў, неабходнасць адмаўлення чалавека ад таго, што было прызнана заганным, прапаведвалі самаўдасканаленне. У выніку — пакінулі пасля сябе дзясяткі мільёнаў трупаў і сотні мільёнаў ментальных паразітаў у наступных пакаленнях, якія чакаюць літасці, раздачы хлеба і лічаць, што чаканне літасці і хлеба — гэта сэнс жыцця для адных і абавязак іх раздачы для ўсіх іншых. Многія людзі тлумачаць свае паразы воляй бога ці карай, а свае здабыткі і перамогі — божай дапамогай. Хворыя людзі, якія вераць у тое, што ад іх нічога не залежыць, дзеляцца сваёй верай як чумой.

Камуністы верылі ў звышчалавека. У новую духоўнасць. У выніку яны пакінулі пасля сябе мільёны трупаў, знешне неадрозных ад хрысціянскіх, пакалечаныя душы такіх жа паразітаў, толькі ў профіль, і адабраную волю да жыцця.

Ніцшэ, які дэклараваў заганнасць і першай ідэалогіі, і другой быў у выніку ўзняты як сцяг гітлерскімі нацыянал-сацыялістамі. Вынік мы ведаем.

Як жа так, — думаў я? Чаму пра ўсёй розніцы падыходаў мы маем больш-менш аднолькавы вынік? Ну, вось у маёй любімай Айн Рэнд ёсць такая фраза: «Калі нешта не сыходзіцца ў высновах, — праверце сыходныя палажэнні». Вынік праверкі — у адным падабенстве. Сутнасным.

Там, дзе пачынаецца вучэнне пра новага чалавека, пра новую любоў да бліжніх, пра новую свядомасць ці самасць, там, дзе ад чалавека патрабуецца прызнаць сябе недастаткова дасканалым для самога сябе (ці бога) і ўзненавідзець сябе і стаць сабе суддзёй і наглядчыкам — там і з’яўляюцца трупы. Там, дзе пачынаюць паляпшаць людзей агулам, там з’яўляюцца трупы і горы «бракаваных».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?