Ілюстрацыйнае фота
У пятніцу, 17 мая, мужчына з вёскі Варняны Астравецкага раёна вырашыў паехаць ў краму. Скончылася тым, што яго затрымаў сабака памежнай службы.
Калі мужчына ехаў у краму, супрацоўнік ДАІ падаў жэзлам сігнал, каб праверыць дакументы. Мужчына кіўнуў галавой і зрабіў выгляд, што збіраецца спыніцца. Але ён падмануў супрацоўніка ДАІ: павялічыў хуткасць і памчаўся далей.
Уцякаючы ад машыны ДАІ, мужчына ледзь не збіў дзяўчынку, якая ехала на ровары.
Каб напалохаць кіроўцу, міліцыянер стрэліў у паветра, а потым яшчэ некалькі разоў па колах.
Мужчына зразумеў, што так ён не ўцячэ ад міліцыі і звярнуў у рапсавае поле. Кінуўшы там машыну, схаваўся.
Кіроўцу «Жыгулёў» атрымалася затрымаць з дапамогай службова-вышуковага сабакі памежнай службы. Да іх па дапамогу звярнуліся супрацоўнікі міліцыі.
Усяго на парушальніка склалі восем пратаколаў. Па-першае, мужчына правоў кіравання не мае. Страхавога пасведчання ў затрыманага таксама не аказалася. Аўтамабіль тэхагляду не праходзіў. За апошні тыдзень супрацоўнікі дарожнай інспекцыі затрымалі яго за рулём ў другі раз.