Суддзя Мінскага гарадскога суда Уладзімір Карноў пакінуў абвінаваўчы прысуд журналістам, не заўважыўшы істотных парушэнняў у адміністратыўных справах, паведамляе прэс-служба ГА «БАЖ».
У сваіх скаргах на ранейшы прысуд адвакат затрыманых 6 мая журналістаў Аляксандр Галіеў рабіў акцэнт на вялізнай колькасці недакладнасцяў і парушэнняў, якія мелі месца ў судзе над сябрамі ГА «БАЖ».
Апроч гэтага Аляксандр Галіеў падкрэсліў, што сведкі з боку міліцыі былі зацікаўленыя ў прызнанні журналістаў вінаватымі. Да довадаў адваката далучыліся і самі раней асуджаныя журналісты, якія падрабязна распавялі пра акалічнасці затрымання і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
У прыватнасці пра тое, што супрацоўнікі міліцыі не прадстаўляліся затрыманым, не тлумачылі прычыны затрымання, не далі магчымасць затрыманым азнаёміцца з пратаколам адміністратыўнага парушэння і гд.
Нягледзячы на гэта суддзя Уладзімір Карноў «не знайшоў падставаў» адмяніць адміністратыўнае пакаранне. Журналісты Аляксандр Ярашэвіч і Дзмітрый Галко з такім рашэннем не згодныя і намераны абскардзіць яго ў Вярхоўным судзе.