Паслы Кыргызстана ў Беларусі і Вялікабрытаніі будуць прызначаныя пасля таго, як у гэтых краінах вырашаць пытанні аб экстрадыцыі на радзіму былога прэзідэнта Курманбека Бакіева, яго малодшага брата Жаныша, а таксама малодшага сына экс-прэзідэнта Максіма Бакіева. Пра гэта паведамляе газета «Вечерний Бишкек» са спасылкай на крыніцу ў дыпламатычных колах Кыргызстана.

«Беларускі бок пайшоў на перамовы. Мы аптымістычна глядзім на гэты працэс і будзем спадзявацца, што прынятыя рашэнні ў дачыненні да Бакіевых вернуць адносіны дзвюх краін на ранейшы ўзровень і нават нададуць ім новы імпульс», — цытуе суразмоўцу выданне.

Нагадаем, пасол Кыргызстана быў адкліканы з Мінска ў жніўні 2012 года. Гэта адбылося пасля таго, як у інтэрнэт трапіў здымак Жаныбека Бакіева, брата экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, які быў сфатаграфаваны ў цэнтры Мінска. Кіргізскі бок запатрабаваў ад Мінска затрымання і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку па абвінавачванні ў асабліва цяжкіх злачынствах. Чаканай рэакцыі з беларускага боку не было.

Пасол Кыргызстана ў Вялікабрытаніі быў адкліканы восенню па той жа прычыне — з-за адсутнасці рашэння па экстрадыцыі Максіма Бакіева.

Курманбек Бакіеў з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыехаў у Беларусь па асабістым запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі 19 красавіка 2010 года пасля дзяржаўнага перавароту ў Кыргызстане. Падчас перавароту загінулі каля 90 чалавек, прыкладна тысяча атрымалі раненні. Курманбек Бакіеў, яго брат Жаныбек, сын Марат і іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, спалучаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і аб’яўлены ў міжнародны вышук. Новыя ўлады Кыргызстана неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева, але атрымлівалі адмову. На думку беларускага боку, прававых падстаў для задавальнення просьбы аб выдачы Бакіева няма.

14 мая віцэ-прэм’ер Кыргызстана Шаміль Атаханаў заявіў, што Бішкек працягне прымаць намаганні па экстрадыцыі Курманбека і Жаныша Бакіевых з Беларусі.
Ён таксама паведаміў, што нядаўна ў Беларусі пабывала рабочая група, якая «правяла перамовы, вызначыла першыя этапы развіцця адносінаў». «Раней жа не было наогул магчымасці весці перамовы. Гэта работа будзе працягвацца», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
15 мая намеснік міністра замежных спраў Кыргызстана Аскар Бешымаў паведаміў журналістам, што працэс экстрадыцыі Бакіевых «мае пазітыўны рух» і зараз «ідуць перамовы».
Ён нагадаў, што раней у адказ на адмову беларускага боку ў выдачы Бакіева кыргызстанскае знешнепалітычнае ведамства панізіла ўзровень свайго дыпламатычнага прадстаўніка ў Беларусі да часовага паверанага замест паўнамоцнага пасла.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?