Паўстанцы 1863-га. Тагачаснае фота.

Паўстанцы 1863-га. Тагачаснае фота.

Артур Гротгер. «Абарона штандара».

Артур Гротгер. «Абарона штандара».

Помнік-каплічка на магіле паўстанцаў. Мілавіды.

Помнік-каплічка на магіле паўстанцаў. Мілавіды.

22 мая 1863. Апоўдні. Тры пяхотныя роты Стараінгерманландскага палка расейскага войска пры падтрымцы чатырох гарматаў пачынаюць штурм умацаванага лагера паўстанцаў Каліноўскага
на шашы Брэст-Бабруйск, ля вёскі Мілавіды. У лагеры сканцэнтраваныя вялікія сілы — пяць атрадаў з усёй Гродзеншчыны. Некаторымі камандуюць былыя вайсковыя афіцэры, але большасць паўстанцаў — цывільныя, патрыёты, якія пайшлі ваяваць за незалежнасць. У ноч напярэдадні іх наведаў вайсковы камісар Гродзенскага ваяводства — Каліноўскі…
Слаба навучаныя цывільныя з малымі стратамі адбілі ўсе атакі рэгулярнага войска.
Гэта дало падставы ў пазнейшых мемуарах назваць вынік бітвы перамогай паўстанцаў.
Пра бітву пад Мілавідамі карэспандэнт НН пагутарыў з гісторыкам Дзмітрыем Матвейчыкам.

«Наша Ніва»: Спадару Дзмітрый, распавядзіце трохі, як увогуле ваявалі ў тыя часы? У фільмах пра еўрапейскія войны ХІХ стагоддзя мы бачым, як праціўнікі шыхтуюцца адзін супраць аднаго і пачынаюць крокам набліжацца…

Дзмітрый Матвейчык: Несумненна, у фільмах баі выглядаюць прыгожа і атракцыйна, але да рэалій партызанцкай вайны, якая вялася паўстанцамі ў 1863 годзе, гэта мае дастаткова далёкае дачыненне.

Паўстанцы саступалі расійскім войскам у колькасці людзей і якасці агняпальнай зброі, таму прыняць бой у адкрытым полі роўна пастроеным шыхтом для іх было фактычна самагубстам. Яны стараліся як мага больш выкарыстоўваць выгоды лясістай і перасечанай мясцовасці, хаваючыся за дрэвы, расліннасць, у яры, рабіць засады, хутка адступаць і раздзяляцца…
Перасоўвацца ў такіх умовах шыхтамі было б проста немагчыма. Адкрытых баёў зафіксавана мала, і ўсе яны скончыліся для паўстанцаў дрэнна. Расійскія ж войскі наадварот, выкарыстоўваючы перавагу ў колькасці і якасці, стараліся як мага хутчэй зблізіцца з паўстанцамі, ажно да штыкавой атакі, якую паўстанцы рэдка вытрымлівалі, і не даць ім адступіць у баявым парадку.

ДЗМІТРЫЙ МАТВЕЙЧЫК гісторык, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук. Аўтар манаграфіі «Выгнаныя з роднага краю: паслялістападаўская эміграцыя з Беларусі і Літвы (1830-я1870-я гады)».

«НН»: Наколькі вялікія сілы былі задзейнічаныя ў здушэнні паўстання ў Беларусі і Літве?

ДМ: Да пачатку паўстання на тэрыторыі Віленскай вайсковай акругі размяшчаліся 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі. Пасля пачатку баявых дзеянняў сюды былі пераведзеныя гвардзейскія і казацкія палкі, артылерыйскія батарэі, пяхота.

Пры канцы чэрвеня 1863 у акрузе знаходзілася каля 123 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Да іх таксама трэба далучыць батальёны ўнутранай варты, інвалідныя і этапныя каманды і паліцыю.
Менавіта гэтая вайсковая сіла стала гарантам здушэння паўстання ў Беларусі і Літве. Нават у масштабах вялізнай Расійскай імперыі гэта была істотная частка яе войска.

«НН»: Ці вядома, дзе набіраліся рэкруты расейскія злучэнні, якія душылі паўстанне?

ДМ: З усяе імперыі. У прыватнасці,

сюды былі пераведзеныя пяць спецыяльна для гэтага набраных палкоў данскіх казакаў.
Сярод звычайных шарагоўцаў, мяркуючы па захаваных прозвішчах, былі як славяне, так і прадстаўнікі іншых народаў (яўрэі, немцы і інш.). Аднак больш за ўсё было людзей з тыповымі для праваслаўных імёнамі.

На мой погляд не варта падзяляць жаўнераў расійскіх войскаў па прыкмеце народнасці ці веравызнання — усе яны падначальваліся адзіным правілам службы.

Не варта таксама забывацца, што і сярод тых, хто душыў паўстанне, былі шматлікія выхадцы з беларускай шляхты, што знаходзіліся на расейскай вайсковай ці грамадзянскай службе.

«НН»: Ці шмат вайсковых прафесіяналаў было сярод паўстанцаў 1863-га?

ДМ: Паўстанцы адчувалі пільную патрэбу ў кваліфікаваных вайсковых кадрах. Стваральнікамі атрадаў часта выступалі былыя афіцэры расійскага войска, што паходзілі з земляў былой Рэчы Паспалітай — Зыгмунт Серакоўскі, Рамуальд Траўгут, Людвік Звяждоўскі, Валеры Урублеўскі, Баляслаў Кульчыцкі, Ігнат Будзіловіч, Уладзіслаў Машэўскі… Аднак асноўная частка паўстанцаў з’яўлялася людзьмі цывільнымі, якія не мелі вайсковага досведу.

Пасля вясны 1863, калі загінула вялікая частка паўстанцаў-афіцэраў, замяніць іх проста не было кім. Гэта і ёсць адной з прычын, чаму паўстанцкія атрады, часам немалыя па колькасці, часта расцярушваліся расійскімі войскамі без вялікіх намаганняў.

Што тычыцца бітвы пад Мілавідамі, дык былыя афіцэры расійскага войска былі там прадстаўлены — Вітальд Міладоўскі, Густаў Стравінскі, безумоўна, камандзір гэтага злучэння палкоўнік Аляксандр Лянкевіч. Аднак у цэлым там былі пераважна цывільныя асобы, у тым ліку і частка кіраўнікоў атрадаў — Францішак Юндзіл і Фелікс-Адам Улодак.

«НН»: Вядома, што ў ноч напярэдадні бітвы лагер паўстанцаў наведаў Каліноўскі. Ці захаваліся ўспаміны пра тую інспекцыю?

ДМ: У крыніцах захаваліся толькі фрагментарныя звесткі. Вядома, што

Каліноўскі прыбыў пад Мілавіды са сваім паплечнікам па Гродзенскай арганізацыі Эразмам Заблоцкім напярэдадні бітвы — увечары 21 мая (2 чэрвеня). Ён праверыў выдаткі атрадаў Лянкевіча, Юндзіла і іншых, выдаў кнігі для вядзення рахункаў у далейшым, а таксама правёў агляд атрадаў.
А 3-й гадзіне ночы, атрымаўшы звесткі пра набліжэнне расейцаў, ён пакінуў лагер і скіраваўся ў Гродна.

«НН»: Як разгортваліся падзеі пасля бітвы? Перамаглі паўстанцы, але хавалі палеглых расейскія салдаты…

БІТВА ПАД МІЛАВІДАМІ — КАЛІ: 22 мая (3 чэрвеня) 1863. ДЗЕ: каля вёскі Мілавіды (сучасны Баранавіцкі раён), каля шашы Брэст-Бабруйск. З КІМ: — Слонімскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Навагрудскі, Пружанскі паўстанцкія атрады (700–800 чалавек) супраць трох рот Стараінгерманландскага пяхотнага палка Расейскай арміі (каля 700 чалавек). СТРАТЫ: Расейцы — 9 забітых і 41 паранены. Паўстанцы — 9 забітых і не менш за 5 цяжкапараненых. ПАМЯЦЬ: У 1913 на магіле расейскіх салдатаў быў усталяваны чыгунны крыж. У 1933 польскія ўлады ўсталявалі памятны знак на магіле паўстанцаў. У 1990 побач з’явіўся памятны камень з мемарыяльнай плітой па-беларуску. У 1993 Мілавідская школа была названая ў гонар Аляксандра Лянкевіча. Каля памятных знакаў штогод збіраюцца патрыёты, каб ушанаваць памяць палеглых.

ДМ:

На мой погляд, бітва скончылася агульнай нічыёй — ні паўстанцы, ні расейцы не змаглі нанесці адзін аднаму значных страт ці захапіць пазіцыю праціўніка.
Суадносіны сіл былі прыкладна аднолькавыя: 700–800 паўстанцаў супраць прыкладна 700 расейцаў. Пры гэтым расейцы мелі перавагу ў зброі (у бітве яны ўжывалі нават артылерыю), на баку паўстанцаў была добра абраная і ўмацаваная пазіцыя. Страты бакоў у выніку бітвы прыкладна аднолькавыя. Як сведчыць рапарт камандзіра расейцаў падпалкоўніка Булгарына, яго страты — 9 чалавек забітымі і 41 параненымі, паўстанцаў — таксама 9 забітымі і не менш за 5 цяжкапараненымі.

Паўстанцы пасля таго, як адбілі наступ расейцаў, не зрабілі спробаў разбіць іх дэмаралізаваныя роты. Наадварот, паводле ініцыятывы Лянкевіча (Ляндэра), яны падзяліліся на атрады і разышліся ў розныя бакі. Назаўтра, калі да Булгарына падышлі падмацаванні, ён цэлы дзень змарнаваў на тое, каб знайсці хаця якія-небудзь рэшткі паўстанцкіх атрадаў, але безвынікова. І на месца бітвы ён вярнуўся толькі праз дзень пасля яе заканчэння (24 мая), калі і сабраў целы паўстанцаў і сваіх жаўнераў і пахаваў у дзвюх розных магілах.

У цэлым,

стратэгічная ініцыятыва, дасягнутая паўстанцамі ў рэгіёне сканцэнтраваннем значных сіл, была пасля бітвы імі згубленая. Для Булгарына асабіста бітва мела непрыемныя наступствы. Мураўёў звінаваціў яго ў нерашучасці і няўмеласці і аддаў пад следства.

«НН»: Як бітва пад Мілавідамі паўплывала на далейшы ход паўстання? І ці паўплывала?

ДМ: Яна паказала нявыгаднасць канцэнтрацыі ў адным месцы вялікай колькасці паўстанцаў, бо ўзнікалі як складанасці з забеспячэннем атрадаў харчаваннем, так і цяжкасці з манеўраваннем у лесе значнай колькасці людзей без вайсковага досведу. Стваралася і патэнцыйная небяспека знішчэння ў адным месцы асноўнай колькасці паўстанцаў адразу з некалькіх паветаў. Расейцы ж вынеслі ўрокам з бітвы тое, што для знішчэння значных паўстанцкіх злучэнняў неабходна дабівацца колькаснай перавагі і рашуча дзейнічаць.

ХАДА БІТВЫ — Расейскія войскі цягам дня штурмавалі ўмацаваны паўстанцкі лагер. Паўстанцы здолелі адбіць усе іх атакі. Увечары расейцы адступілі на пачатковыя пазіцыі. Паўстанцы не сталі чакаць, пакуль да ворага падыйдуць свежыя сілы, пад покрывам цемры іх атрады пакінулі лагер.

«НН»: Які быў лёс паўстанцкіх правадыроў, якія змагаліся пад Мілавідамі?

ДМ: Пасля бітвы навагрудскі атрад на чале з Вітальдам Міладоўскім вярнуўся ў свой павет, дзе пацярпеў некалькі паразаў, але пратрымаўся да восені, калі быў распушчаны. Сам Міладоўскі трапіў у палон і быў высланы ў Сібір. Астатнія ж — Лянкевіч, Улодак, Стравінскі і Юндзіл — біліся да канца года ў розных паўстанцкіх злучэннях Гродзенскай губерні, пасля чаго эмігравалі.

На жаль, амаль нічога невядома пра тое, дзе яны знаходзіліся ў эміграцыі і чым займаліся. Увогуле, праблема эміграцыі з Беларусі ўдзельнікаў паўстання 1863--1864 гг. пасля паразы практычна не распрацавана ў беларускай гістарыяграфіі. Тут гісторыкам застаецца шырокае поле для даследаванняў.



Уладзімір Арлоў: У дачыненні да каліноўцаў мы можам сказаць: Gloria victis!

«На абшарах былога Вялікага Княства Літоўскага ад лютага да жніўня 1863 адбылося каля сотні бітваў і сутычак інсургентаў з царскімі карнікамі. Бітва пад Мілавідамі — найбуйнейшая з іх, — кажа пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў. — Трэба адзначыць: з аднаго боку ў ёй стаялі войскі Расійскай імперыі, якія выконвалі ролю карнікаў. З другога — нашы продкі, беларусы-літвіны, якія ўзяліся за зброю, каб процістаяць „новаму еўразійскаму парадку“, які неслі каланізатары. У дачыненні да каліноўцаў мы можам сказаць: Gloria victis! — Слава пераможаным! Бо паўстанцы баранілі еўрапейскі выбар нашай краіны».

Ад паўстання 1863-га ланцужок падзей да 25 сакавіка 1918-га, калі была абвешчаная незалежнасць БНР, і ў 1991-ы, калі Беларусь выйшла з складу СССР. Паўстанне было ля вытокаў ідэі мадэрнай беларускай нацыі — хоць сама ідэя яшчэ не фармулявалася, гэтыя дрожжы ўжо хадзілі.
Паўстанне засведчыла, што беларусы — гістарычна, ментальна культурна — гэта еўрапейцы. Таму гэтая тэма так востра дагэтуль гучыць, выклікае такую шалёную рэакцыю прарасейскіх сілаў».

* * *

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?