Чалавек, якога дапытвалі ФБР ў сувязі з выбухамі ў Бостане, быў застрэлены ў Арланда, штат Фларыда, пасля таго як ён напаў на федэральных агентаў, паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на тэлеканал Сі-бі-эс.

Па наяўных дадзеных, гэта 27-гадовы Ібрагім Тадашаў. Як піша газета Orlando Sentinel, цела апазнаў яго сябар.

Разам з іншым мужчынам яго дапытвалі, як мяркуюць, з-за знаёмства з Тамерланам Царнаевым, адным з падазраваных у выбуху на марафоне ў Бостане. Ёсць звесткі, што Тадашаў кантактаваў з Царнаевым незадоўга да выбухаў, ездзіў у Бостан для сустрэчы з Царнаевым, а таксама планаваў паездку ў Чачню.

Паводле інфармацыі карэспандэнта Сі-бі-эс, які знаходзіцца на месцы падзей, стрэлы пачуліся неўзабаве пасля ночы па мясцовым часе ў кватэры, дзе пражываў Тадашаў. Гэтаму папярэднічала сварка паміж ім і агентамі ФБР, падчас якой Тадашаў нібыта напаў на аднаго з іх. Адзін з супрацоўнікаў ФБР у інтэрв'ю тэлеканалу Local 6 пацвердзіў факт гібелі падазраванага.

Тамерлан Царнаеў быў забіты ў перастрэлцы з паліцыяй праз некалькі дзён пасля выбухаў у Бостане. Яго брат быў затрыманы на наступны дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?