У Магілёўскай вобласці 23 мая павысіцца кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце.

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле транспарту і сувязі Магілёўскага аблвыканкама, кошт адной паездкі вырасце на 300 рублёў і будзе складаць 1.700 рублёў. Кошт месячнага праязнога білета ў Магілёве вырасце да 76.500 рублёў, у Бабруйску — да 74.500 рублёў.

Паводле слоў галоўнага спецыяліста аддзела Васіля Калгіна, пасажыры грамадскага транспарту змогуць набываць праязныя шматразовыя білеты працоўнага дня. Для жыхароў Магілёва такі праязны будзе каштаваць 61.200 рублёў, для бабруйчан — 59.650 рублёў, для жыхароў іншых раённых цэнтраў — 52.000 рублёў.

«Павышэнне выклікана эканамічным становішчам прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць перавозкі пасажыраў у гарадскім транспарце. Яны працуюць са стратай. Сваімі ўласнымі даходамі не кампенсуюць і 60% расходаў», — адзначыў Калгін.

Вадзіцелі маршрутных таксі самастойна ўстанаўліваюць тарыфы на перавозку пасажыраў, пры гэтым яны мусяць выконваць умову: іх даходы не павінны перавышаць расходы больш як на 15%. Зараз кошт праезду ў маршрутным таксі Магілёва складае 5.000 рублёў.

Паводле слоў Калгіна, сёлета запланаваны два павышэнні кошту праезду ў грамадскім транспарце. Другое чакаецца бліжэй да зімы.

Нагадаем, папярэдняе павышэнне кошту праезду ў гарадскім грамадскім транспарце Магілёўскай вобласці адбылося 4 кастрычніка 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?