Мы развіталіся з Усяславам Полацкім, калі ён страціў кіеўскі пасад у 1069 (гл. «НН»№4’2013). Але поўная эксцэнтрыкі палітычная і былінная гісторыя нашага героя на гэтым зусім не скончылася.

Усяслаў Полацкі, вызвалены з поруба і пастаўлены князем пасля кіеўскага паўстання 1068-га, не захацеў бітвы з выгнаным кіяўлянамі князем Ізяславам. У ноч перад бітвай Усяслаў таемна пакідае кіеўскае войска. Куды ідуць яго шляхі? У Полацк дарогі няма, там княжыць сын Ізяслава, Мсціслаў. А пасля, як той памёр, бацька паслаў у крывіцкую сталіцу іншага сына — Святаполка. Усяслаў ідзе на поўнач, набірае дружыну з фінскага племя водзь і выступае супраць Ноўгарада.

На чале водзі

Водзь была аскялепкам той фінамоўнай цывілізацыі, якая распусцілася ў расійскім этнасе. Гэты народ меў саманазву vaďďalaizхd (адкуль і паходзіць «водзь») і насяляў тэрыторыю сённяшняй Ленінградскай вобласці. Гэта іх землі назавуць Інгерманландыяй, ці Іжорай. Але што прывяло туды Усяслава? Мікола Ермаловіч вылучыў гіпотэзу, што маці полацкага князя магла паходзіць з гэтага племені. Гэтая версія не мае дакументальных пацверджанняў. Але мы пэўна ведаем пра водзь тое, што гэты народ у ХІ ст. плаціў даніну Ноўгараду. Даніна была цяжкай — у неўрадлівы 1071 на Белавозеры ўспыхне паўстанне. Мясцовае насельніцтва на чале з валхвамі прынясе ў ахвяру наўгародскіх пасаднікаў і падзеліць запасы хлеба і мёду. Ваявода Ян Вышаціч пасля жорстка задушыць хваляванні і сімвалічна павесіць валхвоў на дубе.

У пастаянных супярэчнасцях з Ноўгарадам фінскім лясным дружынам трэба быў такі дасведчаны ваяр, як Усяслаў. Аднак яго выправа на Ноўгарад была няўдалай — у бітве на рацэ Гзені наўгародцы пад кіраўніцтвам князя Глеба Святаславіча разграмілі водзь, а Усяслаў трапіў у палон.

«Адпусцілі Бога дзеля»

І тут лёс паднёс яму яшчэ адзін нечаканы падарунак. Усяслава, як паведамляе Наўгародскі летапіс, пераможцы «адпусцілі Бога дзеля». Магчыма, ён прысягнуў больш не нападаць на Ноўгарад. Раслі і наўгародска-кіеўскія супярэчнасці. Наўгародцам было палітычна нявыгадна трымаць такога ворага Кіева, як Усяслаў, у вязніцы. Большую карысць ён прынёс бы ім на чале полацкіх дружынаў.

І ў 1071 Усяслаў нечакана для кіеўскага гарнізона ў Полацку з’явіўся пад сценамі сваёй сталіцы ды выгнаў кіеўскага стаўленіка. Рэакцыя была хуткай — у тым жа годзе Ізяслаў накіраваў на Полаччыну войска. У бітве ля Галацічаска полацкае войска было разбітае. Дзе быў той Галацічаск — і сёння загадка. Але, відаць, па-за межамі Полацкай зямлі. І пасля бітвы кіеўскае войска на Полацк не пайшло.

Раскалоць і аслабіць

Усяслаў з досведу ведаў, што Яраславічаў, калі яны дзейнічаюць разам, ён перамагчы не можа. Таму, умацаваўшыся ў Полацку, Усяслаў заняўся раз’яднаннем братоў. Ужо ў 1073 чарнігаўскі князь Святаслаў выгнаў з Кіева свайго брата Ізяслава. Памагаў яму Усевалад Пераяслаўскі. Браты, калі верыць летапісам, баяліся, што Ізяслаў увойдзе ў саюз з іх даўнім ворагам Усяславам Полацкім. Гэты саюз нібы меўся быць аформленым праз шлюб княскіх дзяцей — чарнігаўскі князь заявіў брату, што «Ізяслаз сваціцца з Усяславам». Праўда, слова «сваціцца» магло значыць як «змаўляцца» — праектаў «саюзнай дамовы» князі даследчыкам не пакінулі. Ізяслаў уцёк у Польшчу, якая рэгулярна давала прытулак рускім князям. Але і Святаслаў не спяшаўся ісці вайной на Полацк: у зносінах наступае паўза, верагодна, мірная.

Праз тры гады Святаслаў памёр — на 50-м годзе жыцця, падчас адной з першых, вядомых нам паводле пісьмовых крыніц, хірургічных аперацый ва Усходняй Еўропе, ад «рэзання жэлве» (разразання пухліны). З наступнікамі Святаслава Полацк знаходзіўся ў стадыі перманентнага канфлікту. Пра гэта можа распавесці «Павучанне» Уладзіміра Манамаха.

Клопат Манамаха

Уладзімір — знакамітая постаць у гісторыі Русі. Ён быў сынам аднаго з антаганістаў Усяслава — Усевалада Яраславіча і дачкі візантыйскага імператара Канстанціна ІХ Манамаха. Уладзімір (1053—1125) быў самым адукаваным з рускіх князёў, ён склаў для дзяцей твор-павучанне, як трэба жыць і кіраваць. Хоць сам у рэальным жыцці не заўсёды трымаўся апісаных прынцыпаў. «Павучанне» цікавае нам тым, што змяшчае падрабязныя звесткі пра падзеі 1070—1110-х, найперш пра змаганне з Усяславам Полацкім.

Манамах распавядае, як летам 1077 ён з бацькам хадзіў на Полацк. Пра вынікі паходу не паведамляецца, гэта дазваляе меркаваць, што палачане выстаялі. Узімку таго ж года Манамах ужо разам з полаўцамі — зноў у паходзе супраць Усяслава. Захопнікі падпалілі горад, але ўмацаваны дзядзінец узяць не змаглі... Чаму такая актыўнасць — па два паходы на год? Трэба прыгадаць, што Усяслаў паразумеўся з Ноўгарадам. І цяпер спрабаваў падпарадкаваць сваёй уладзе Верхняе Падняпроўе. Гэта сустрэла жорсткі адпор кіеўскіх князёў.

Увосень 1078 полацкі князь здзейсніў самы рашучы крок сваёй «дняпроўскай» палітыкі — напаў на Смаленск і спаліў яго. Уладзімір Манамах з войскам спрабаваў дагнаць Усяслававу дружыну, змяняючы коней. Не дагнаў, але «паваяваў» ваколіцы Лукомля, Лагойска і Друцка. У 1084 (альбо 1085) Манамах зноў ідзе на поўнач: разам з полаўцамі ён узяў Менск і не пакінуў у горадзе «...ні чалядзіна, ні скаціны». Гэта значыць, захапіў самы каштоўны набытак — рабоў і быдла.

Потым паведамленні пра Полаччыну знікаюць са старонак рускіх летапісаў аж на восем гадоў. Затое запісы, якія датуюцца 1092, цалкам неверагодныя.

Нашэсце наўя

Па полацкіх вуліцах уначы на вуліцах сноўдала нячыстая сіла. Калі ж хто асмельваўся высунуцца са свайго жытла, «бываў уражаны нябачна ад бесаў язвай і ад таго паміраў». Пасля пачалі з’яўляцца здані на конях, але саміх коней не было бачна — толькі сляды капытоў. Летапісец дае назву гэтым вусцішным прывідам — наўё — і падкрэслівае, што навала прыйшла з Друцка.

Этымолагі кажуць, што «наўём» называлі нябожчыкаў, якія памерлі на працягу года. Даследчыкі па¬рознаму тлумачылі летапіснае паведамленне. Гісторык Леанід Аляксееў лічыў яго «тыпова літоўскім паданнем», запісаным на Полаччыне, якое пазней трапіла ў летапісы. Маўляў, хрысціянскае Полацкае княства процістаўлялася злу­насланню з суседняй паганскай Літвы. У падмацаванне версіі аўтар прыгадвае, што літоўцы ў старажытнасці хавалі нябожчыка разам з яго канём. Мікола Ермаловіч бачыў у гісторыі з «наўём» прапагандысцкія хітрыкі Кіева, які хацеў паказаць Полаччыну гняздом д’ябальскай нечысці і праклятым краем. Магчыма, у аснове легенды ляжыць праўдзівы факт нейкай эпідэміі, якая пачалася ў Друцку і дайшла да Полацка.

Але варта звярнуць увагу на год, пад якім апісаная падзея. Летапісы вяліся паводле візантыйскай сістэмы летазлічэння, ад стварэння свету, і нашэсце наўя на Полацк адбылося ў 6600 годзе. Праз кожныя сто год — у 1092, 1192, 1292 і г.д. (6600, 6700, 6800…) усходнехрысціянскі свет чакаў канца свету. Гісторык Генадзь Семянчук выказвае думку, што гісторыя з нашэсцем нечысці магла з’явіцца ў сувязі з пікам эсхаталагічных чаканняў. І «наўі» на конях з’яўляюцца вершнікамі Апакаліпсіса.

Апроч таго, даследчыкі знаходзяць тут яўныя паралелі з германскім фальклорам і архаічнымі звычаямі — калі моладзь збіралася ва ўзброеныя конныя групы і нападала на варожыя плямёны. Такі абрад называўся Дзікім паляваннем. Падобным чынам «полацкае наўё» і паказанае на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу — чорныя постаці скачуць на конях, наводзячы жах на наваколле.

Першы народны абраннік

Князь Усяслаў, герой і ахвяра, пераможца і шматкроць пераможаны, пайшоў з жыцця ў 1101. Летапісец пазначыў не толькі дзень, але нават час яго скону — 14 красавіка, а 9-й гадзіне дня, у сераду. Нібы падкрэсліваючы неардынарнасць постаці полацкага князя.

Што ж пакінуў Усяслаў нам, духоўна ці крэўна звязаным з ягонай дзяржавай і зямлёй? Безумоўна, гэтая постаць уваходзіць у беларускі пантэон. Але як здарылася, што полацкі ўладар, які прайграў столькі бітваў, пакінуў такі глыбокі след у народнай памяці? Вядома, да гэтага спрычыніліся кіеўскія падзеі 1068, калі на хвалі паўстання князь атрымаў арэол народнага абранніка.

Асноўным жа вынікам дзейнасці Усяслава трэба лічыць захаванне цэльнасці і палітычнай незалежнасці Полацкай дзяржавы. За 57 гадоў Усяслававага кіравання Полацкае княства толькі чатыры гады — ад 1067 да 1071 — знаходзілася пад уладай Кіева. Нечаканай можа падацца і іншая статыстыка. Як паказаў Марат Клімаў, за час уладарання Усяслава, якога часта называюць авантурыстам, толькі 15—20 гадоў прыпадаюць на перыяды актыўных ваенных дзеянняў. Усяслаў канчаткова далучыў да Полацкай зямлі Ніжняе Падзвінне і пачаў барацьбу за пашырэнне княства на ўсход. Адбудову полацкай Сафіі і аднаўленне Менска таксама можна залічыць на станоўчы рахунак гэтага няўрымслівага чалавека і ўладара.

Усяслаў Чарадзей

(1029—1101) Полацкі князь. Адстойваў незалежнасць Полацкай зямлі. Кіраваў 57 гадоў (1044—1101). Змагаўся з Ноўгарадам за гандлёвыя шляхі. Кароткі час (1068) быў кіеўскім князем. Пры ім Полацк займеў Сафійскі сабор і стаў роўным па велічы іншым двум вялікім усходнеславянскім цэнтрам — Ноўгараду і Кіеву. Згадваецца ў «Слове пра паход Ігараў», у народных былінах. Вобраз Усяслава шырока прадстаўлены ў беларускім мастацтве, у Полацку яму стаіць конны помнік.

Алег Дзярновіч

Гісторык. Нар. у 1966. Аўтар працаў па гісторыі, гісторыі культуры, археалогіі Сярэднявечча і Новага часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?