Як вы ставіцеся да забароны ўсталёўваць спадарожнікавыя антэны на фасадах шматкватэрных дамоў без узгаднення з уладамі? Чаму ўводзяцца такія абмежаванні? Меркаванні жыхароў Магілёва:

«Магчыма, абмежаванне інфармацыйнай прасторы. Калі гэта так, то кепска — інфармацыя павінна быць свабоднай».

«Атрымліваецца, што мае правы парушаюцца. Я вось збіраўся „талерку“ еўрапейскую паставіць — дык што, мне гэтую „талерку“ цяпер у прыбіральню хаваць? Гэта робіцца, каб народ менш ведаў, што ў свеце робіцца, і толькі варыўся ў кухні нашай беларускай. Мы ездзілі па ўсім краінам, і паўсюдна гэтыя „талеркі“ вісяць адна на адной, нікому не перашкаджаюць».

«Я б гэтую справу не забараняў. Чалавек вольны глядзець тое, што хоча. Я гэта звязваю з тым, што нашай дзяржаве не хапае грошай. Гэта ўсё паборы…»

«Пытанне гэтае чыста эканамічнае. Дзяржаве трэба зарабляць грошы, таму за дазвол трэба плаціць».

«Хутчэй тут палітыка, праўды не хочуць. Вось у Еўропе крызіс, а ў нас усё добра. Адразу ж ідзе інфармацыя, а потым усё астатняе».

«Месцамі ў нас выгляд фасадаў дамоў не дужа — вісяць „талеркі“ іржавыя. З іншага боку, людзей ушчамляюць, што давядзецца прайсці шмат розных інстанцыяў».

«Забараняюць доступ да інфармацыі. А што тут яшчэ можа быць? Гэта кепска зразумела».

«Аблічча дома не варта захламляць. Цяпер жа даступнае і оптавалакно, якое падводзяць да дамоў. Калі недзе на ўскрайку, то няхай, а калі цэнтральныя вуліцы — не варта».

«На дамы, на фасады, можа, і не варта. Фасады псуюцца, і можа быць парушаны сам будынак. Цяпер жа інтэрнэту ўдосталь, кожны выбірае свой стыль і прагляд. Для людзей гэта нармальна. Я не супраць, каб яны стаялі».

«У нас жа ўсё на грошы завязана. Хто не будзе выконваць пастанову, будзе плаціць штрафы, а хто будзе, таксама заплаціць — за абсталяванне, ўсталяванне і іншае».

«Зноў прыдумалі, за што грошы „знімаць“. Наш урад не думае, як нармальна грошы зарабляць, а толькі каб на халяву ўрваць. Так і з гэтымі „талеркамі“ — ну стаяць яны, каму перашкаджаюць? Як ты не затыкай — усё адно ж ёсць інтэрнэт. Калі ў адным месцы нешта перакрылі, то ў другім усплыве яно. Калі чалавек хоча знайсці інфармацыю — ён яе ўсё адно знойдзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?