Змяненняў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося, гаворыцца ў дакладзе праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» аб сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ў свеце. Апублікаваны 23 мая даклад ахоплівае перыяд са студзеня па снежань 2012 года.

У прысвечаным Беларусі раздзеле гаворыцца, што ў 2012 годзе ў краіне працягваліся парушэнні правоў актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і журналіст аў. Улады працягвалі парушаць правы грамадзян на свабоду выказванняў, сходаў і асацыяцый, выкарыстоўвалі супраць журналістаў, якія выступалі з крытыкай улад, артыкулы Крымінальнага кодэкса аб паклёпе і знявазе ў дачыненні да прэзідэнта.

Як зазначаецца ў дакладзе, у турмах працягваюць заставацца, прынамсі, чацвёра палітзняволеных, асуджаных пасля падзей 19 снежня 2010 года — Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Дзмітрый Дашкевіч і Эдуард Лобаў.
Апрача таго, падкрэсліваецца, што кіраўніку закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму ў студзені 2012 года суд адмовіў у апеляцыі.

У дакладзе таксама гаворыцца, што праваабаронцы, апазіцыйныя дзеячы і грамадскія актывісты працягвалі зведваць пераслед — як мінімум 15 праваабаронцаў, журналістаў і апазіцыйных актывістаў у 2012 годзе былі асуджаны па абвінавачанні ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскіх месцах.

«Міжнародная амністыя» таксама згадвае аб ліквідацыі па рашэнні суда праваабарончай арганізацыі «Платформа» і падкрэслівае, што ў Беларусі працягвае дзейнічаць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

Таксама зазначаецца, што ў Беларусі прыводзяцца ў выкананне смяротныя прыгаворы. Прычым праводзяцца яны ва ўмовах сакрэтнасці, сваякам асуджанага не паведамляецца пра час пакарання, ім не выдаецца цела пакаранага смерцю і не паведамляюць пра месца пахавання.

Асобна зазначаецца, што асуджаных за выбух у мінскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва расстралялі ў сакавіку 2012 года, нягледзячы на запыт Камітэта ААН па правах чалавека не прыводзіць прыгавор у выкананне, пакуль іх справы будуць разглядацца Камітэтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?