Кіраўніцтва Савецкага РУУС Мінска за садзейнічанне органам унутраных спраў у раскрыцці злачынстваў выказала ўдзячнасць выкладчыку кафедры фізічнага выхавання БДУІР Вользе Мастоўнікавай.

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, у канцы сакавіка — пачатку красавіка ў Савецкае РУУС паступіла некалькі заяў аб крадзяжах асабістых рэчаў студэнтаў са спартыўных раздзявалак ВНУ. У выніку вышуковых мерапрыемстваў у распараджэнне супрацоўнікаў аддзела крымінальнага вышуку прадастаўлена фатаграфія магчымага злодзея. Фота зрабіла Вольга Мастоўнікава.

«Я ведаю ў твар амаль усіх нашых студэнтаў, — сказала яна. — А гэты малады чалавек быў мне незнаёмы, да таго ж ён паводзіў сябе даволі дзіўна: бессэнсоўна заходзіў з раздзявалкі ў раздзявалку, а калі з ім спрабавалі загаварыць, дэманстрацыйна адварочваўся, робячы выгляд, што размаўляе па тэлефоне. Тады я дастала мабільны тэлефон і сфатаграфвала гэтага хлопца».

Потым фота было размешчана на розных інтэрнэт-рэсурсах і ў СМІ. Вынік не прымусіў сябе чакаць. Хутка ў дзяжурную часць Савецкага РУУС паступіў тэлефонны званок. Той, хто званіў, паведаміў, што ведае адшукваемага маладога чалавека.

Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку праверылі гэту інфармацыю, пасля чаго затрымалі 23-гадовага падазронага. Ён практычна адразу прызнаўся ў тым, што зрабіў, а таксама сказаў, што выкрадзеныя грашовыя сродкі траціў на стаўкі ў букмекерскай канторы. Устаноўлена, што зламыснік мае непасрэдныя адносіны да чатырох крадзяжоў.

Выкладчыку ўручаны падзячны ліст і грашовая прэмія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?