Першы ў Беларусі «мультыкамфортны дом» пабудаваны ў Дзяржынску Мінскай вобласці. Унікальнасць збудавання ў тым, што, дзякуючы выкарыстанню інавацыйных для Беларусі будаўнічых тэхналогій, энергаспажыванне «мультыкамфортнага дома» ў чатыры разы ніжэйшае за цяперашні стандарт, а каэфіцыент натуральнай асветленасці ў разы перавышае нарматыўны.

У доме прыменена гібрыдная сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, дзякуючы чаму максімальна змяншаецца нагрузка на ацяпленне. Гарачае водазабеспячэнне прадугледжана праз сонечныя калектары. Усе інжынерныя сістэмы аб’яднаны ў адзіную аўтаматызаваную сістэму кіравання домам, якая вымярае і кантралюе тэмпературу, асветленасць, узровень CO2 і вільготнасці.

«Энергаэфектыўнасць — гэта толькі адзін з аспектаў канцэпцыі нашага дома, — падкрэсліў генеральны дырэктар кампаніі „Сен-Габен“ у краінах СНД Ганзаг дэ Пірэ. — Другі складальнік — гэта камфорт, уключаючы акустыку, якасць паветра, колькасць святла і цяпла ў памяшканні. Дом таксама павінен быць эканамічна даступным для насельніцтва».

Прымяненне энергазберагальных тэхналогій павялічвае сабекошт квадратнага метра ў сярэднім на 10–15%. Паводле слоў дырэктара кампаніі «Сен-Габен Будаўнічая Прадукцыя Белрус» Алены Шыёнак, укладанні акупляюцца за 6–7 гадоў. Раней заяўлены кошт квадратнага метра ў «мультыкамфортным доме» складае 1.500 долараў, у той час як у сталічных шматпавярхоўках сярэдні кошт вар’іруецца ад 1.400 да 1.800 долараў за квадратны метр.

«Нашай мэтай было правесці эксперымент, пратэсціраваць на эфектыўнасць рознае абсталяванне, — сказаў архітэктар праекта Аляксандр Кучаравы. — Пасля двухгадовага маніторынгу мы зможам зрабіць пэўныя высновы і распачаць тыпавы праект „мультыкамфортнага дома“. Далей усё будзе залежаць ад попыту на рынку. Наша задача — знайсці баланс паміж камфортам і коштам такога жылля».

Унутраныя аздабленчыячныя работы ў новабудоўлі яшчэ не завершаны. Фінальным штрыхом павінна стаць ветраўстаноўка, дзякуючы якой дом не толькі забяспечыць сябе энергіяй, але і зможа «зарабляць» 500 долараў у год.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця «мультыкамфортнага дома» ўзялі ўдзел пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры і намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?