29.05.2013 / 08:45

Аляксандр Францкевіч. Абдымі мяне мацней 1

Палітвязень Аляксандр Францкевіч перадаў з турмы шэраг сваіх апавяданняў. Публікуем адно з іх. Публікацыю падрыхтаваў былы палітвязень Алесь Кіркевіч.

Яны сустрэліся ўначы на адной з цёмных вуліцаў. Ён рухаўся шпаркім крокам, яна выйшла з-за рогу: так давялося ім сутыкнуцца лоб у лоб. Ад удару ў яе на імгненне пацямнела ў вачах, але праз пару секундаў яна апрытомнела. І пабачыла над сабой схіленага хударлявага юнака, амаль хлопчыка.

— Ну вось, папярэджваць трэба, перад тым як так раптоўна з’яўляешся, не? — дрыготкім голасам спытаў яе хлопец.

— Прабачце. Гэта ўсё цемра. Я ішла з працы, я пасля працы заўжды не бачу дарогі, — ціха і збянтэжана адказала яна.

— Ну, не варта апраўдвацца. У мяне чэрап моцны.

Юнак замаўчаў і ўсміхнуўся. Пачасаўшы лоб, яна раптам зразумела, што сядзіць сярод пылу.

— Ой, нармальна я так стукнулася… — прамармытала яна і таксама ўсміхнулася.

— Давай дапамагу, — хлопец падаў ёй руку і дапамог устаць, — мяне Сяргей завуць, дарэчы.

— А мяне — Надзя, — прадставілася дзяўчына, нават не зразумеўшы, навошта.

Хлопец адразу ёй спадабаўся. Толькі адчувалася ў ягоных рэзкіх рухах, у цёмных стомленых вачах нейкая нямая злосць і сум, які нельга схаваць нават у цемры, нават за жыццярадаснай усмешкай.

— Ты, Надзя, навошта ходзіш уначы, а не днём, строем? Ды і няўжо ўначы працуе нехта, акрамя вартавых ды патруля? — не змяніўшы інтанацыі, ён адначасна дэманстраваў падазронасць.

Каб ён, што лагічна, аказаўся патрульным, далей не было б нічога, акрамя дурнаватай смерці нікім не зразуметага падлетка. Ці то дзяўчына не адчула жывога страху перад патрульнымі, ці то ад удару яшчэ не адышла, але замест таго каб падскочыць і пабегчы, яна засталася на месцы і цалкам цнатліва адказала:

— Ой, насамрэч я ж не зусім з працы. Змена мая скончылася ўжо, пэўна, гадзінаў пяць таму. Справа ў тым, што ў суседніх дамах засталося шмат кніг, і я…

Сяргей вылупіў вочы і здзіўлена перапытаў:

— Кнігі?! Навошта?!

— А, сапраўды, вы хіба не ведаеце… Граданачальнік абвясціў набор у навуковую акадэмію крыху раней.

Хлопец апусціў галаву і панік, быццам расчараваўшыся ў надзеі, што толькі ўспыхнула.

— Чаму ж не ведаю? Ведаю. Не бойся, ты экзамен здасі і без кніг.

— Але яны, кажуць, бяруць прыклады з экзаменаў перад Засухай, — здзівілася Надзя словам новага знаёмага.

— Кажуць, кажуць…

— Ну і тым больш — яны мне падабаюцца… кнігі. Не ўсе, праўда, — і замоўкла.

Ён падняў на Надзю вочы. Так яны прастаялі доўгую хвіліну, гледзячы адно на аднаго. Сяргей, імаверна, прымаў рашэнне, а Надзя пад гэтым задуменным і ўедлівым позіркам гублялася, усё больш захапляючыся гэтым загадкавым хлопцам. За свае сямнаццаць гадоў Надзя Карнеева, сустрэўшы Засуху і Пажары ў сем, адчувала такое толькі аднойчы, яшчэ перад тым, як сонца бязлітасна спаліла большую частку планеты. Хударлявая і невысокая, яна здзіўляла ўсіх сваёй сціпласцю і прыгажосцю і тым не менш мала захаплялася хлопцамі. На ёй была старая парваная зімовая куртка і такія ж старыя джынсы, але валасы былі падстрыжаныя акуратна і з веданнем справы: коратка, але роўна. Чорныя валасы былі пакрытыя такой жа чорнай шапкай. Роўная пастава, амаль дзіцячае аблічча з невялічкім носікам і вялікімі блакітнымі вачыма стваралі неверагоднае ўражанне. Для тых, праўда, хто не адвучыўся бачыць прыгажосць. Сяргей не адвучыўся.

— Можа, давесці цябе да казармаў? Я ведаю кароткую дарогу, ніякі нягоднік цябе не кране. Гэтым часам раскажаш мне пра кнігі, а я — пра тое, што чытаў сам. Трэба ж неяк выкупіць віну за шышку на ілбе, — Сяргей рассмяяўся.

Яна, зачараваная ягонай нязмушанай манерай, пагадзілася. Пагадзілася яна пайсці тым самым маршрутам і заўтра, але ўжо адразу пасля працы. А праз некалькі дзён яны разам абшуквалі дамы, але не ў пошуках ежы, а ў пошуках кніг. Так мінуў месяц. Незаўважна для сябе Надзя захапілася Сяргеем. А Сяргей — пошукам кніг. Ён і сам шмат што паспеў прачытаць, але дзе — не казаў. Ды і наогул, ён аказаўся даволі таямнічай асобай, менш казаў і больш слухаў, жартуючы ў адказ на нязручныя пытанні. Але чаша цярпення Надзі аднойчы перапоўнілася.

У той дзень яны знайшлі ў паўразбураным доме цудоўную калекцыю: Біблію, Экзюперы і шмат дзіцячай літаратуры. У колішнім дзіцячым пакоі яны сядзелі на падлозе, разглядаючы сваю галоўную знаходку: Біблія аказалася не звычайнай, таннай, а поўнай ды яшчэ са шматлікімі дадаткамі.

— Сяргей, а табе не падаецца, што немажліва месяц кантактаваць з дзяўчынай і нічога не расказаць пра сябе? Бо дзяўчына можа падумаць, што ты маньяк альбо людажэр, — пасміхаючыся, прамовіла Надзя і закрыла Біблію.

— Ты так лічыш?

— Я ўжо не ведаю, што думаць, — весела працягнула яна, — ну хто, акрамя маньяка, будзе лічыць нагодай пабыць з дзяўчынай чытанне Бібліі?

Сяргей засмяяўся і глянуў на яе:

— Ну, а што казаць? Нарадзіўся, працаваў, жыў…

— Кім?

— Не паверыш: майстраваў зброю для патруля. Яшчэ на досвітку ягоным, — ён, чакаючы, прыжмурыўшыся.

— Хм, зброю? Яшчэ перад ачысткай горада ад людаедаў? Перад паўстаннем бульбяных фермаў?

— Так, перад усім гэтым. Тады яшчэ кармілі кансервамі, знойдзенымі ў бамбасховішчы. Граданачальнік і ягонае атачэнне — яны ж перад пажарамі былі важнымі людзьмі, ведалі, дзе ўсё знаходзіцца. Праўда, за гэтыя дзесяць гадоў ужо нічога не засталося. А бацька мой таксама быў важным чалавекам — рабіў зброю ды амуніцыю для войска. Вось і мяне навучыў. Я ўжо ў дзевяць гадоў ведаў, як зрабіць самапал, — гледзячы ў нікуды, згадваў юнак.

— А дзе цяпер твой бацька?

Сяргей схамянуўся ад пытання, нібыта яго аблілі халоднай вадой.

-Ён… ён у навуковай акадэміі. Яму было трыццаць пяць, калі яму прапанавалі. Ён быў не такім прадбачлівым, як я.

Надзя глядзела на суразмоўцу і ніяк не магла ўцяміць сэнс яго словаў. Чамусьці ёй падалося, што Сяргею не пашчасціла з бацькам. У любым выпадку ён меў падставу збрахаць. Яна ж ведала, што ў акадэмію бяруць толькі маладых.

— А дзе твая майстэрня? — рашуча змяніла тэму яна.

— А ты нікому не разнясеш? Ведаю, што дзяўчаты страшэнна гаваркія. Толькі дай ім папляткарыць, — і зноўку прыжмурыўся, чакаючы чагосьці.

— Ну блін! Калі так — можа, сам, без мяне кніжкі будзеш шукаць? Не баішся, што разнясу?

Надзя прыпаднялася, робячы выгляд, што хоча пайсці. Але юнак чакаў. Ужо падняўшыся, яна асэнсавала дурацкае становішча, у якім аказалася: нікуды сыходзіць ёй не хацелася. І зноўку прысела.

— Годзе, — сказаў ён праз некалькі імгненняў магільнай цішы, — я нідзе не працую. І не жыву ў казармах: ані ў мужчынскіх, ані ў жаночых.

— Але… але ўсе, хто не жыве ў казармах, прыроўненыя да людаедаў. Толькі патруль і гарадская рада жывуць асобна.

Такога Надзя не чакала. Адразу пасля стварэння патруля і рады Граданачальнік аб’явіў, што ўсе, хто адмовіцца ад перасялення ў казармы, — канібалы і будуць знішчаныя. Ёй падавалася, што за гэты час не засталося нікога, хто б жыў па-за межамі жылой зоны.

— Я і прыроўнены. Але ж ты нікому не скажаш? — Сяргей падміргнуў і, не даўшы адказаць, працягнуў: — А вось ты… ці не павінная са строем ісці пасля змены? Але ты ідзеш адна — ды ідзеш праз прахадную. І ў казармы не прабіраешся, а заходзіш праз галоўны ўваход. Як так?

— Ну, у нас як бы ўсім, хто рыхтуецца да паступлення ў навуковую акадэмію, даюць права самастойна шукаць літаратуру пасля працы. Толькі пасля прачытання здаць, інакш пагражаюць выгнаць з жылой зоны за захоўванне… — не паспела скончыць Надзя.

— Вы іх аддаяце? — закрычаў Сяргей. — Ды, халера на вас, лепш бы вы самі сабе адразу магілы капалі, але кнігі пакінулі! Колькі ты іх аддала?

Ён ускочыў, твар яго стаў чырвоным ад злосці. Маленькі ліхтарык у Надзіных руках задрыжаў — ёй стала адначасова страшна і сорамна. Не ведаючы, у чым яе віна і што ёй сказаць, яна раптам ціха заплакала.

Сяргей яшчэ некалькі секунд пыхцеў каля яе, але пасля узяў заплечнік і збег. На наступны дзень яна яго не дачакалася. Так прайшоў тыдзень: сярод тугі, сораму ды адчаю.

Праз тыдзень ён сам яе знайшоў. Яна хадзіла па шматпавярховіку, а пасля на выхадзе сустрэла яго.

— Надзь, ну як ты? — пачаў ён вінаватым голасам.

Яна зрабіла выгляд, што не заўважыла яго, і пайшла далей. Сэрца грукатала як шалёнае, радасць сустрэчы перапаўняла яе, але выгляду Надзя не падавала.

— Глядзі! Я не адзін. Са мной мой сябар — той самы Куэлью, — Сяргей нешта дастаў з заплечніка.

Надзя спынілася і павярнулася. Гэта была кніга. Яна сама сказала яму, што з усяго, што чытала, больш за ўсё яе ўразіў Куэлью, але яна знайшла ўсяго тры невялічкія кніжкі. А гэта быў вялікі том. Надзя ўсміхнулася, і Сяргей павольна падышоў да дзяўчыны.

— Вось, трымай.

Ён падаў ёй кнігу, пасля імгненнай паўзы яна ўзялася за том. Рэзкім рухам хлопец схапіў яе за руку, падцягнуў да сябе і абняў. Не чакаючы нічога такога, яна стаяла, не ведаючы, куды падзець кнігу ў руцэ. Сэрца выскоквала з грудзей. Яшчэ праз імгненне, прытуліўшыся да яго, абхапіўшы шыю рукамі, Надзя прамовіла:

— Я таксама сумавала.

Першы год пасля Пажараў і Засухі быў годам росквіту людаедства. Гарады, не здатныя доўгі час забяспечваць сваіх жыхароў ежай, прапаноўвалі толькі адно — суродзічаў, якіх было незлічонае мноства. Попел і смог ад пажараў надоўга засланіў сонца: пасля Засухі прыйшла зіма. Тым, хто вырашыў выжыць любой цаной, стала зразумела: мяса чалавека — самае карыснае з таго, што яны змогуць знайсці. За горадам — пустыня, прамерзлая і засыпаная попелам. Рэкі і азёры ўжо дзесяць гадоў не скідалі ледзянога панцыру, ды і ці знайшоўся б ненармальны, згодны лавіць рыбу за шмат кіламетраў ад жытла? Марадзёрства і колішнія хатнія жывёлы хутка зніклі. І вось праз год гэтай вакханаліі, калі брат еў брата, з’явіўся ён. Граданачальнік калісьці займаў найважнейшы пост у дзяржаве. Калі ён упершыню пасля Засухі з’явіўся ў горадзе, разам з ім быў картэж, сам ён ехаў на вайсковым джыпе, а колькасці вайскоўцаў поруч з ім магло б хапіць для зачысткі ўсяго горада за раз. Ужо праз тыдзень ягоныя людзі кантралявалі большую частку горада — рэдкія жыхары былі ўзброеныя. Аднавіўшы ўладу, першым сваім указам ён увёў смяротнае пакаранне за канібалізм, другім — тое самае за супраціў уладзе. Абвясціўшы сябе прэзідэнтам адноўленай рэспублікі, гэтая ўладная асоба, тым не менш, атрымала тытул Граданачальнік, на які з часам пагадзілася. Людаеды зніклі з вуліц горада, з’явіўся гарадскі патруль, людзей пасялілі ў казармах за калючым дротам — шмат хто казаў, што раней там трымалі злачынцаў. Уводзілася вайсковая дысцыпліна і практыка фізічных пакаранняў — а гэта, у сваю чаргу, не магло не выклікаць незадаволенасці сярод жыхароў горада. Спачатку гэтым змагаліся грубай сілай і заклікамі да адзінства ў барацьбе з людаедамі. Незадаволеных абвінавачвалі то ў канібалізме, то ў дапамозе канібалам. Людзям даводзілася, што распаўсюднікі крамольных думак ставяць мэтай вярнуць часы, калі чалавек для чалавека быў ежай. Аднак верылі не ўсе: часам дзякуючы жыццёваму вопыту, часам — праніклівасці. Тады і ўзнікла Акадэмія. Дзіўны і таямнічы пасёлак, створаны каля мора для аднаўлення страчаных чалавецтвам ведаў, поўны кніг і дзейнай электронікі. Што можа быць лепшым для шэрага сусвету грубай фізічнай працы, жыцця ў страі ды абмежаванага рацыёну, чым далёкая і жаданая ўтопія свабоды і дабрабыту? Аднак не ўсе маглі трапіць у «Зямлю абяцаную» новага свету — толькі самыя кемлівыя. Экзамены на паступленне прадугледжвалі не толькі праверку ведаў, але і здатнасць крытычна думаць, самастойна аналізаваць і даваць ацэнку. Гэтай катэгорыі давалася магчымасць самастойна шукаць кнігі пасля дванаццаці гадзінаў працы на бульбяных палях. Пасля паступлення ім цягам месяца давалі падвойны рацыён. Ім асабіста ўручаў дыплом Граданачальнік. І яны з’язджалі.

За месяц да экзаменаў Надзя ўпершыню адчула на сабе дысцыплінарнае пакаранне. Прайшло каля сарака дзён пасля таго, як Сяргей падарыў ёй кнігу, але іх пастаянныя сустрэчы і сумесныя пошукі літаратуры не засталіся незаўважанымі. Аднак і сама Карнеева пачала адчуваць сябе больш упэўнена пасля сустрэчы з гэтым дзёрзкім хлопцам, усё больш адкрыта выказвала сваю незадаволенасць то аднымі, то іншымі парадкамі. Пакаранне не прымусіла доўга чакаць.

Аднойчы, капаючы бульбу на ферме, Надзя ў натоўпе такіх жа работніц нечакана прамовіла:

— Я чула, што на складах поўна інструментаў — рыдлёвак, ну і іншага. А мы ўсю гэтую дзяўбаную бульбу капаем рукамі!

Жанчыны са страхам пераглянуліся, а адна, найстарэйшая, данесла ўсё патрулю. На наступны дзень, падчас шыхтавання, Надзя ўпершыню пабачыла «чорныя маскі». Раней ёй не даводзілася сустракаць супрацоўнікаў карнага аддзелу — іх служба была ахутаная таямніцай, а пакаранні адбываліся за сценамі Упраўлення. Звычайныя патрульныя насілі чырвоную павязку на правай руцэ, прадстаўнікі сакрэтнага аддзела хадзілі ў форме колеру хакі, а карнікі — ва ўсім чорным, у тым ліку ў чорных масках-балаклавах. Яна толькі чула, як і ўсе, аб пакутах, якія яны маглі прынесці за найменшы ўчынак. І вось пасля шыхтавання да яе падышоў тоўсты мужчына з чырвонай павязкай і папрасіў прайсці за ім. Ён павёў Надзю за жылую зону па горадзе, а смелая дзяўчына і не думала збягаць альбо супраціўляцца, хоць і не разумела да канца, што адбываецца. Не бачыла раней яна і Упраўлення, дзе жыў і працаваў патруль. Агромністы каменны будынак дакладна выконваў адміністрацыйную функцыю напярэдадні Пажараў, хоць ніхто ўжо не мог прыгадаць, якую. Шкла ў будынку не было. Але на вокнах найвышэйшага паверха засталіся краты. Побач стаяў вялікі каменны замак, акружаны калючым дротам. Казалі, што ў ім трымалі злачынцаў перад судом. Цяпер абодва гэтыя будынкі былі аддадзеныя пад Упраўленне.

Чалавек з чырвонай павязкай завёў Надзю ў высокі каменны будынак. У шырокім холе было чыста, каля ўваходу стаяў толькі адзін здаравенны дзяцюк з пісталетам на адным баку і вялікім нажом на іншым. Як толькі наваяўленая «зладзейка» і яе канваір зайшлі, дзяцюк перапытаў:

— Гэта тая курва з кнігамі?

У адказ патрульны хітнуў галавой і пайшоў. Бугай у два шырокіх крокі падышоў да Надзі, моцна схапіў яе за руку, вывернуўшы яе за спіну. Дзяўчына закрычала ад болю, а дзяцюк без эмоцыяў пайшоў з ёй праз хол да лесвіцы на другі паверх. Там ён завёў яе ў невялікі кабінет з чырвоным дываном на падлозе і драўляным сталом на ім. На сцяне ў раме вісеў пажаўцелы партрэт Граданачальніка, зроблены яшчэ напярэдадні Засухі. За сталом сядзеў мажны мужчына ў касцюме колеру хакі, у ягонай руцэ была асадка, а на стале ляжала некалькі выдатна захаваных кніг. Дзяцюк выпусціў Надзіну руку і выйшаў, зачыніўшы за сабой дзверы.

— Ну што, Карнеева, — пачаў мужчына за сталом, — ты, пэўна, думала, што мы так і будзем цярпець тваю злачынную дзейнасць?

— Што?! — спалохана спытала Надзя.

«Няўжо яны ведаюць пра Сяргея?» — пранеслася ў яе галаве.

Мужчына доўга глядзеў на Карнееву. Падавалася, ён прасвідруе поглядам дзірку ў яе галаве. Пасля паўзы ён зноўку загаварыў:

— Карнеева, ты абвінавачваешся ў паклёпніцтве на ўлады рэспублікі, а таксама ў сабатажы вытворчасці. Табе ёсць што сказаць?

— Але… я не… — Надзя канчаткова перастала арыентавацца ў там, што адбываецца, і вылупілася на свайго абвінаваўцу.

— Табе, значыцца, рыдлёўкі патрэбныя? Твой вырак — дваццаць бізуноў. Пакаранне будзе выкананае без затрымкі, — з сапраўднай нянавісцю прамовіў мужчына за сталом, — Міша!

Дзяцюк зноўку ўзнік у кабінеце.

— Адвядзі да карнікаў, скажы: «Дваццаць».

Міша, да болю скруціўшы Надзю, павёў яе з кабінета насустрач пакаранню.

Прагулка па лесвіцы і калідоры заняла каля пяці хвілін, і перад новымі дзвярыма Міша сціснуў руку ледзь не да хрусту так, што Надзя ўскрыкнула. Раптам дзверы адчыніліся, і на «парушальніцу» ўтаропіўся здаровы дзядзька ва ўсім чорным і чорнай масцы-балаклаве на галаве.

— Прымай, дваццаць, — спакойна прамовіў канваір.

«Чорная маска» выцягнуў руку і схапіў дзяўчыну за шыю. Канваір аслабіў захват, і чалавек у балаклаве зацягнуў яе ў кабінет. Увесь гэты час Надзя ад шоку не магла вымавіць ні слова. Такая сітуацыя і такое стаўленне былі для яе навінкай, хай за тры гады рабскай працы яна пабачыла ўсялякага. Яна чула пра пакаранні і катаванні ва Упраўленні, але толькі ад трэціх асобаў, якія самі тут ніколі не былі. Ёй гэта ўсё падавалася такім далёкім і нерэальным, што нават калі «маска» зацягнуў яе ў памяшканне, дзе чакалі яшчэ чатыры ягоныя саслужыўцы, Надзя толькі здзівілася таму, які рэалістычны сон ёй прымроіўся. У пакоі стаяла медыцынская кушэтка і стол, дзе гарманічна асталяваўся хлыст побач з кусачкамі, малатком і скальпелямі ўсіх памераў. На скураной канапе насупраць сядзела трое «масак», яшчэ адзін стаяў поруч. Рознага росту і камплекцыі, усе яны мелі адну агульную рысу: іх вочы гарэлі нездаровым агнём.

Надзі ўсё гэта падавалася сном, пакуль не пачуўся голас:

— Раздзявайся! — гаркнуў карнік, які стаяў каля канапы.

Пасля гэтых словаў дзяўчыну пачало калаціць: яна зразумела, што гэта зусім не сон, што ў гэтым будынку, у гэтым пакоі, з ёй могуць зрабіць усё што заўгодна.

— Раздзявайся, я сказаў! — гаркнуў ён яшчэ раз, а той, што трымаў Надзю за шыю, свабоднай далонню ўдарыў яе па твары.

У вачах дзяўчыны ўсё паплыло, яна ўскрыкнула і заплакала. Карнік даў ёй яшчэ адну аплявуху так, што Надзя ледзь не страціла прытомнасць. Усхліпваючы, дрыготкімі рукамі яна пачала павольна здымаць з сябе вопратку. Сцягнуўшы куртку, шапку і швэдар, Надзя зразумела, што ім гэтага будзе недастаткова.

— Але… — усхліпваючы, прамовіла яна.

Цярпенню карніка прыйшоў кане. Ён разарваў на ёй майку і старыя джынсы, пакінуўшы амаль голай у падраных лахманах.

— Лягай! — зароў «маска» і паказаў на кушэтку.

Трасучыся ад страху яна павольна падышла да кушэткі і легла. Пошчак бізуна — адзін з карнікаў зрабіў спробны ўдар аб сцяну. Наступны яна адчула на сабе. Боль быў такі моцны, што дзяўчыне забракла паветра, а ў вачах пацямнела. Потым зноў. Яшчэ і яшчэ. Праз боль яна раптам пачула смех — смяяліся яе каты; пачула таксама, як яны пачалі ацэньваць яе цела. На чатырнаццатым удары Надзя страціла прытомнасць.

Апрытомнела яна ўжо на вуліцы, непадалёк ад Упраўлення. Яна так і ляжала ў лахманах, зверху была накінутая брудная коўдра, а поруч ляжалі яе куртка і шапка. Швэдра яна так і не знайшла. Надзя адчувала, што яе нібы не гвалцілі, хаця, мажліва, гэты боль замінаў ёй адчуваць што-кольвек іншае. А боль быў невыносным: спіну зводзіла ад найменшага дотыку. З цяжкасцю накінуўшы куртку ды коўдру на плечы, з шапкай у руках, яна павольна, трасучыся ад холаду і шоку, пацягнулася дадому.

Было ўжо цёмна, калі Надзя падышла да прахадной жылой зоны. Прапусцілі яе без пытанняў, толькі вартавы каля брамы грэбліва правёў позіркам па коўдры. Дайшоўшы да свайго невялічкага ложка з жалезных прутоў, прыкрытых матрацам, Надзя скінула коўдру і легла. Адзінай думкай было: абы ўсе спалі, каб толькі ніхто не бачыў майго сораму.

Надзя прыйшла ў сябе толькі праз тыдзень. Увесь гэты час яна жыла нібы на аўтапілоце, ні з кім не размаўляла і бездакорна выконвала ўсе загады патрульных, наглядчыкаў, начальнікаў. Жанчыны глядзелі на яе з непрыхаванай пагардай, а ёй было сорамна паказаць нават выглядам, што спіна нясцерпна баліць. Не кажучы ўжо пра тое, каб паказаць шрамы і сінякі. Толькі праз тыдзень, пасля працы, Надзя прыйшла да месца, дзе звычайна яе сустракаў Сяргей. Яна прастаяла там бітую гадзіну і ўжо збіралася сыходзіць. Але ён прыйшоў. Хмуры і нават крыху злы, ён спытаў яе:

— І што гэта было? Спалохалася спатканняў з людажэрам?

Надзя пагардліва паглядзела на яго, але не стрымалася і зараўла. Сяргей збянтэжыўся, яму нават стала сорамна за свае паводзіны і, ужо змяніўшы тон, працягнуў:

— Ну чаго ты, чаго ты? Прабач, проста я ўжо падумаў, што ты вырашыла спыніць нашы сустрэчы. Хадзі сюды, толькі не плач.

Зрабіўшы некалькі крокаў, Сяргей абняў заплаканую дзяўчыну і так прастаяў з ёй некалькі хвілін. Калі ж Надзя супакоілася, ён паглядзеў ёй у вочы і спытаў:

— Што здарылася?

Аповед пра пакуты, «злачынства» і пакаранне Сяргей слухаў моўчкі, не перабіваючы. Погляд ягоны нібыта праходзіў скрозь Надзю, дамы за ёй і наогул скрозь рэальнасць — у іншыя сусветы. Ён успамінаў, і гэтыя ўспаміны былі для яго, мабыць, няпростымі. А Надзя ўсё гаварыла і гаварыла, час ад часу выціраючы з твару слёзы. Ад пачатку да канца. Яна скончыла і неяк тупа вылупілася на яго. Нібы чакаючы, што Сяргей скажа нешта, што ёй неверагодным чынам дапаможа. Альбо сваімі словамі паверне час назад. Карацей, пасля сямі дзён маўчання яна чакала ад свайго першага суразмоўцы цуду. Аднак цуду не адбылося. Ён выйшаў з прастрацыі, падышоў і абняў яе са словамі:

— Праз гэта праходзілі і праходзяць усе сапраўдныя людзі. Ты малайцом, ты сапраўдны чалавек.

Агаломшаная логікай Сяргея, дзяўчына спачатку хацела нават нахаміць яму. Але потым, супакоеная ягонымі абдымкамі, прыняла гэтую логіку, ягоную логіку, ператварыўшы найвялікшы свой сорам у трыумф. На нейкі час ёй нават падалося, што ўсё, што адбылося, нават падняла яе над шэрай масай жанчынаў-мышак, поруч з якімі яна працавала. І Надзя ўпершыню пацалавала Сяргея.

Нягледзячы на поўную распусту навокал, нашая гераіня доўгі час заставалася ў асабістым жыцці пурытанкай. Шматлікія кавалеры рабіліся з часам больш напорыстымі, але Надзю ратавала тое, што пасля і падвяло, — жалезны парадак. Улады глядзелі на ранняе палавое жыццё скрозь пальцы, пакуль гэта не даводзіла да канфліктаў. А Надзя магла і давесці. Таму пасля аднаўлення рэспублікі яна ў пэўнай меры знаходзілася пад апекай. У год, які прыпаў на ўсталяванне новага парадку пасля Засухі, дзяўчынкай апекаваўся бацька, былы салдат. Яна памятала страшны час, калі многія мужчыны глядзелі на яе адначасова з пажадай і галоднымі іскрамі ў вачах. Ніводзін мярзотнік не дакрануўся да яе, аднак яе бацька ў бясконцых баях атрымаў фатальнае раненне. Ужо прыход новай улады ён сустрэў на парозе смерці.

Сяргей чымсьці нагадваў ёй бацьку. Ён таксама ніколі не шкадаваў яе, але і ніколі не рабіў балюча. Але чамусьці Надзі падалося, што калі б побач замест хударлявага хлопца апынуўся яе бацька, ён бы сказаў нешта падобнае.

Да гэтага дня Надзя мела блізкасць толькі з двума падлеткамі. І здарылася так таму, што на ведала: дзеля пастаўленай мэты яны могуць перайсці ўсе межы. Таму быў знойдзены своеасаблівы кампраміс: яна сама аддаецца і тым самым страчвае для іх усялякую цікавасць. А каб яе сувязь не стала здабыткам грамадскасці, на наступны дзень яна абвяшчала кавалеру аб сваёй цяжарнасці. У гэты новы дзіўны час нараджэнне дзяцей было цалкам падкантрольным і рэгламентаваным, адыход ад плану пагражаў маці прымусовым абортам, а таксама суровым пакараннем для абодвух бацькоў. Праз сваю непісьменнасць ніводзін з яе партнёраў нічога не зразумеў. Абодва кляліся самым дарагім, што ўсё гэта застанецца таямніцай, калі яна самастойна пазбавіцца дзіцяці. І пасля гэтага ў запале канспірацыі нават не размаўлялі з ёй. Але гэта былі вымушаныя крокі, спробы пазбавіцца праблемаў з найменшымі для сябе наступствамі. А сёння гэта быў яе выбар, яе жарсць.

Калі разабрацца, то свет пасля Засухі — гэта свет шэрага колеру. Шэры бетон, шэры снег, шэрае неба. Шэрыя людзі. Попел усіх адценняў шэрага. Але зрэдку ў цяжкіх папяловых хмарах узнікае прасвет. Нядоўга, мажліва, гадзіну ён радаваў здзічэлых жыхароў планеты сінім альбо чорным. Часам у гэтым невялічкім прасвеце ўначы можна было ўбачыць зорку. Альбо нават дзве. Ну і надзвычайным момантам свайго жыцця можна было назваць той, калі ты бачыў сонца. Вось толькі над галавой была попельная столь. І раптам дзве агромністыя хмары разышліся, і вогненнае вока асвятліла ўсё. Заззяў бетон, снег, пыл у паветры, заззялі твары людзей. У такія моманты нават на твары скончанага канібала з’яўляліся іскры розуму, а вочы рабіліся чыстымі, як у дзіцяці. Святло прабіралася праз вокны, праз разбураныя дахі, трапляючы туды, дзе яго ніколі не чакалі. Але вось на месца адной хмары прыходзіць новая, яшчэ большая, і перакрывае сонца, як перакрываюць кісларод. І свет зноўку робіцца шэрым, размаіты толькі ў адценнях, а попельная столь быццам апускаецца яшчэ на некалькі метраў, пагражаючы раструшчыць усіх.

У той дзень Сяргей і Надзя ўбачылі сонца. Яны былі на верхнім паверсе пяціпавярховага будынку ў памяшканні з разбураным дахам. Яны крыху пачысцілі пакой ад цэглы і бетону: цяпер тут можна было любавацца шэрым небам. І менавіта тады, калі яны абодва бессэнсоўна глядзелі праз дзірку ў столі, паказалася яно. Трохі бліжэй да левага краю бездані па-над імі ўзнік спачатку сціплы праменьчык, які з кожнай секундай рабіўся ўсё шырэйшым. Ужо праз паўхвіліны ўгару немажліва было глядзець — звыклыя да цемры, яны адвялі позіркі ад вогненнага кола, хай і зусім не жадалі гэтага. Ім неабходна было ўбачыць сіняе неба, такое рэдкае ў гэтым жыцці, але сонца выпальвала вочы і не давала магчымасці разглядзець што-кольвек. Затое пакой, асветлены дзённым святлом, уражваў. Адна справа разглядаць яго ў невялічкім коле ліхтара, іншая — бачыць усё цалкам, увесь ужо добра забыты інтэр’ер. Такім яго бачылі гадоў дзесяць таму. Вось рознакаляровыя шпалеры, віты ўзор апаясвае ўвесь пакой. Вось паліцы: пустыя, з пластыку — інакш бы даўно пайшлі на дровы. Офіснае крэсла, праўда, з разадраным сядзеннем. Пасярэдзіне пакоя Надзя з Сяргеем ляжаць на матрацы. Але вось святло пачынае згасаць, і яны абодва, быццам дамовіўшыся, рэзка паварочваюць галовы да неба. А там ужо суцэльная попельная плёнка.

Сонца з часоў досвітку чалавецтва было для людзей чымсьці сакральным. А боства, як вядома, можа як мілаваць, так і караць. Так, успышка на сонцы дзесяцігадовай даўніны была чымсьці зусім незаўважным для свяціла, як адрыжка для чалавека. Але для планеты з атмасферай гэта значыла карэнны паварот у жыццёвым цыкле. Ніхто не даведаецца, што Венера цяпер цяплейшая на 100 градусаў. Як ніхто не даведаецца і пра знікненне плямаў на Юпітэры. Ніхто не падлічыць колькасць кольцаў вакол Сатурна. А пра тое, што адбылося на Зямлі, ведаюць усе. Маці чалавецтва змяніла бела-сіне-зялёную аздобу на бела-шэрую. На месца тонкага азонавага слоя, які надоўга пакінуў зямлю, прыйшло тоўстае покрыва з пылу і вулканічнага попелу, якое не дае ультрафіялету дабіць усё жывое. Магнітны полюсы ўжо паспелі змяніць адзін аднаго, што выклікала каскад землятрусаў і стыхійных бедстваў. Першая ўспышка спаліла фактычна ўсе лясы, забіла мільёны людзей, і хай бы нават яна была адзінай, гэтага хапіла б для сумнага канца цывілізацыі. Але яна была не адна — выпальваючая бамбардзіроўка ішла тыдзень. У тыя дні паўночнае ззянне ўначы было звычайнай справай, ды і ноччу нельга назваць той доўгі захад.

Электроніка, тэлевізары, усё ўключанае і неабароненае заскварчэла, каб патухнуць назаўжды. Цяпер сусветную вайну можна было пачынаць хіба каменнымі сякерамі.

Магчыма, каб Сяргей і ягоная сяброўка ведалі, чыя маленькая ўспышка змарнавала іх род, іх стаўленне да спаткання са сваім свяцілам было б іншым. Але яны не ведалі і адчувалі сябе самымі шчаслівымі людзьмі на зямлі.

— Ведаеш, я ж таксама праз гэта прайшоў. Нават горш, — пачаў Сяргей пасля доўгага маўчання.

— Горш? — Надзя павярнулася да яго тварам.

— Так. Мяне білі не толькі бізуном, а ўсім, чым мажліва. Яны хацелі даведацца, дзе мой бацька. Тады я правёў там цэлы тыдзень. Але не сказаў. Тата прыйшоў сам. І змог сысці, — дзіўны бляск зноўку з’явіўся у вачах юнака.

— А твой бацька? — пасля паўзы спытала яна.

— Як я і казаў, трапіў у навуковую акадэмію, — ён неяк злосна пасміхнуўся пасля гэтых словаў. Надзі зрабілася пагана.

Яны замаўчалі, і гэтая ціша яшчэ больш згушчала цемру вакол. Пасля Сяргей не вытрымаў:

— А што ты там шукаеш? У акадэміі.

— Ммм…ну, мора, спакой, кнігі.

— Спакой? Я неяк асабліва не заўважыў за табой імкненне да спакою. Ты хутчэй няўрымслівая, — Сяргей крыху падняўся.

— Гэта я з табой такая. А наогул я ціхая і закрытая.

І зноўку маўчанне. Але ўжо не такое прыгнятальнае.

— Што б ты сказала, калі б даведалася, што людаедаў ніхто не забіваў? — прамовіўшы гэта, Сяргей пільна паглядзеў на сяброўку, сочачы за найменшым яе рухам. Надзя задумалася.

— Ты маеш на ўвазе, іх выгналі? Я асабіста бачыла, як патрульныя збіраліся і выходзілі на зачысткі, — сказала яна, падумаўшы.

— А калі ніхто не выганяў? Калі патрульныя забівалі зусім іншых людзей? — ён сачыў за ёй, не адводзячы вачэй.

— Не ведаю, глупства, навошта ім гэта? Не. Наўрад ці, — Надзя была збянтэжаная гэтай размовай. Нават пасля гадзінаў ва Упраўленні яе крамольныя думкі не ішлі далей за няўмеласць і празмерную жорсткасць пакаранняў. А тут ужо стваралася ўражанне тэорыі змовы, якое біла галоўны козыр новай улады. Абсурднасць такой думкі падавалася відавочнай. Ніяк не чакала Надзя пачуць такое ад ціхага і абачлівага Сяргея. Ён быццам пачаў павольна мяняцца ў яе вачах, усё больш нагадваючы ненармальнага.

— Але і збіць бізуном маладую дзяўчыну — глупства. Не? — прамовіў Сяргей з нейкім выклікам у голасе.

— Я… я не ведаю, — Надзя збянтэжылася, а пасля спытала: — Навошта ты пачаў гэту тэму?

Сяргей здзіўлена падняў бровы. Ён ведаў, што калі-небудзь гутарка дойдзе да гэтага пытання: «Навошта гэтая размова?» Але ён не чакаў гэтага акурат цяпер. Папраўдзе, ён ніколі не быў бы гатовы да гэтай размовы, таму што сам не ведаў адказу. Чаго ён чакаў? «Хадзем, разам скончым з усім гэтым»? Падтрымкі? Хіба што ён ужо стаміўся ісці да сваёй мэты ў адзіноце. І няхай неабходнасць ставіла перад ім умову быць самотным, сам па сабе ён цяжка пераносіў усё гэта, то тут, то там шукаючы родныя душы. Аднак часцей за ўсё людзі аказваліся недалёкімі, дробнымі і не хацелі ведаць, што адбываецца насамрэч. Але з Надзяй, падавалася, ён быў блізкім як ніколі. Яна таксама цягнулася да ведаў, таксама была самотнай, таксама стала ахвярай сістэмы. Заставалася толькі падштурхнуць яе да барацьбы з гэтым крывадушным і крыважэрным парадкам. Раскрыць ёй вочы, сказаць праўду, і вось ён ужо не самотны, іх двое. А там…

У кнігах, якія чытаў Сяргей, часта сустракаўся вобраз рэвалюцыянера, барацьбіта за свабоду. Мэтанакіраваны юнак сам шукаў такія кнігі, а той, хто шукае, заўжды знойдзе. У кнігах ён знайшоў апраўданне для сябе, сваю мэту, там жа знайшоў апраўданне гэтай мэты. Барацьба за праўду, за народ. Ён ужо не самотны мсцівец за бацьку, якога падштурхоўвае пачуццё віны. Ён — кашмар для тыранаў, самотны рэвалюцыянер-тэрарыст. Самотны праз абставіны, праз бясконцую падатлівасць іншых. Рэвашоль, Унабомбер, Баадэр, Банана… Шмат аб кім са сваіх папярэднікаў Сяргей ведаў усё на памяць. Аднак і тыя, за выключэннем Тэда Качынскага, не маглі абысціся без хаўруснікаў. Настаў момант ісціны: пойдзе яна разам з ім да агульнай мэты альбо ён так і застанецца самотнікам.

У той фатальны дзень ён сам сышоў. Сам, нікога не спытаўшыся. Яму было пятнаццаць, у гэтым узросце з бацькамі часта сварацца. Вось і Сяргей не змог знайсці агульнай мовы з бацькам, а прычынай паслужыла іх сумесная праца са зброяй. Дакладней, з выбуховым рэчывам: у той дзень ягоны тата збіраў гранаты з боепрыпасаў, што адслужылі сваё. І абачліва лічыў, што дзецям побач няма чаго рабіць. Сяргей сышоў, а яго ўжо чакалі.

Раней бацька ахоўваў юнака ад кантактаў з новай уладай, аднак, гледзячы па ўсім, новая ўлада вырашыла ўзяцца за іх сямейства сур’ёзна. Раней атрымлівалася выкручвацца альбо нават выгандлёўваць ежу ўзамен на зброю, аднак патруль рос ды ўзмацняўся: высокім начальнікам ужо падавалася прыніжальным гандляваць, калі можна проста браць. Была толькі адна праблема: ніхто не ведаў, дзе жыве гэты таямнічы збройны майстар.

Сяргея заўважылі ў цэнтры пустога горада, недалёка ад руінаў супермаркета. Яны ўжо ведалі, што майстар мае сына, ведалі ягоны прыкладны ўзрост. І бралі ўсіх, хто падыходзіў. Ужо праз дзесяць хвілін нехта накінуў на галаву падлетку мяшок.

Святло ён убачыў толькі ва Упраўленні, сярод чорных масак карнікаў. Апісаць тыя катаванні Сяргей і цяпер быў не ў стане: яго білі бізуном, жалезнымі і гумовымі дубінкамі, душылі супрацьгазам і прышпільвалі наручнікамі ў самых нязручных позах. Пазбаўлялі ежы і сну, крычалі і пастаянна прыніжалі. Усё гэта працягвалася каля тыдня, і яны патрабавалі аднаго — інфармацыі аб месцазнаходжанні ягонага бацькі, ягонай працы, а таксама аб тым, як бяспечна да яго дабрацца. Ні на адно з пытанняў Сяргей не адказаў і ўжо, імаверна, не змог бы перажыць чарговы дзень допытаў. Але праз сцяну ён пачуў неймаверна гучны голас свайго бацькі. Голас гэты казаў, што выйдзе са схову толькі калі пабачыць свайго сына.

Сяргея вывелі на ганак. З разбуранага будынка з’явіўся бацька з гучнагаварыцелем у адной руцэ і звязкай гранат у другой. З будынка выйшаў чалавек ў плямістай форме таксама з гучнагаварыцелем.

— Міша, колькі год! — прагрымеў плямісты чалавек праз узмацняльнік.

— Вось ужо каго не чакаў сустрэць. Дзіма, я так і ведаў, што ты нягоднік. Аддай дзіця, і я здамся.

— Міша, мы ж прайшлі аднолькавыя школы і інстытуты. І ты памятаеш, што абмен з ворагам мажлівы пры наяўнасці гарантыяў, — плямісты пасміхнуўся. — Якія гарантыі, што ты не ўцячэш?

— Я знаю, што ты ўзяў мяне ў кальцо, Дзіма. Ведаю, што ты маеш стрэльбы. Навошта ты задаеш такія дурныя пытанні? — бацька Сяргея на імгненне замаўчаў, але, не чакаючы адказу, працягнуў: — Папярэджваю! Любы неакуратны рух — і я падарву і сябе, і майстэрню.

— Дык мы ведаем, дзе яна, Міша, — прагрымеў плямісты. Сяргей злосна глянуў на яго і ўжо хацеў папярэдзіць бацьку, але чыясьці рука заціснула яму рот.

— Каб ведалі — не было б гэтай размовы. Пакінь свае аператыўныя прыёмы. Не той час. Я хачу пачуць сына — інакш нічога не будзе.

Плямісты завагаўся, але пасля рэзка паднёс узмацняльнік да галавы Сяргея і жэстам загадаў прыбраць руку.

— Тата, я нічога не сказаў! — закрычаў падлетак, і рэха наломленага голасу разнеслася па руінах горада. Плямісты вярнуў узмацняльнік.

— Вось і цудоўна. Зараз яшчэ адно, Міша. Павер, у мяне дастаткова людзей па горадзе, каб зафіксаваць выбух, дзе б ён ні адбыўся. За гэта ты заплаціш жыццём свайго сына.

— Адпусці хлопца. Менш размоваў: у мяне нервы не жалезныя.

Рука «маскі» адпусціла Сяргея. Ён прастаяў некалькі секундаў, не верачы ў сваё вызваленне, а пасля павольна пайшоў. Паскорыўшы крок, ён хутка сарваўся на бег і хутка быў ужо поруч з бацькам.

— Тата, я… — пачаў ён запінаючыся.

— Няма часу. Бяжы ў той бок, — Міша вачыма паказаў налева, — а як толькі ўбачыш, што за табой нікога няма, ідзі дахаты. Зразумеў?

Падлетак маўчаў, і ў вачах ягоных была збянтэжанасць. Ён жа думаў, што яны пойдуць разам, што ў бацькі ёсць план ратавання. Павольна да яго даходзіла, што бацька вырашыў здацца.

— Тата, не ідзі да іх! Цябе заб…

Міхаіл даў сыну добрую аплявуху, ды так, што той адхіснуўся.

— Ты мяне зразумеў?

— Зразумеў. — Бяжы!

І Сяргей пабег. Змучаны тыднем допытаў, ён бег так, як не бегаў ніколі. Ён ні разу не азірнуўся, хоць ззаду застракатаў аўтамат і пачуўся выбух. Сяргей бег, бег, бег, пакуль лёгкія ўнутры не загарэліся, а ў вачах не пацямнела. Па дарозе ён не сустрэў нікога. Той ноччу ён не начаваў дома — прытулкам яму паслужылі парэшткі згарэлага аўто.

Сяргей не хацеў быць самотнікам, калі саюзнік, падавалася, ужо знойдзены. Надзя ляжала поруч з ім, моўчкі чакаючы адказу. Першая дзяўчына, з якой у яго ўсё сур’ёзна. Якая не здала яго на наступны дзень. Якая сама падарыла сябе. Яны разам бачылі сонца. Гэта знак, не інакш.

— Памятаеш, ты пыталася, дзе мой дом? Я пакажу табе і раскажу тое, што яшчэ нікому не расказваў.

Дарога была няблізкай. Дзе б ні жыў Надзін каханак, гэта, мабыць, быў не звычайны дом у рысе горада. Яны ўжо дайшлі да ўскраінаў, калі Сяргей жэстам паказаў на паварот з парэшткаў праспекта. Прайшоўшы пару кварталаў, ён спыніўся перад невялікім моцным бетонным будынкам. Аднапавярховая скрыня і жалезныя дзверы, больш нічога. З кішэні Сяргей дастаў бірульку і дэманстратыўна шчоўкнуў у бок будынка. Пачуліся скрыгат і глухі ўдар, Сяргей упэўнена падышоў да дзвярэй і пацягнуў на сябе. Унутры было цёмна, у цьмяным святле адкрытых дзвярэй быў бачны вялікі чорны блін па цэнтры. Сяргей зайшоў сам і паклікаў Надзю.

— Вітаю. Пакінь надзею кожны, хто сюды ўваходзіць.

Ён зноўку дэманстратыўна шчоўкнуў убок чорнага бліна. Зноўку скрыгат і глухі ўдар. Сяргей пацягнуў на сябе люк, які пакорліва адчыніўся, пад ім было светла.

— Зачыні дзверы.

Надзя ціха падышла да сталёвай пліты і вярнула яе на месца. Тым часам Сяргей ужо спусціўся у даўно знаёмы яму свет падземнага бамбасховішча.

Па памерах яно адпавядала невялікаму дамку. Тры пакоі, санвузел і дызельны генератар. Адзін пакой, найбольшы, быў адведзены пад майстэрню, другі, найменшы, служыў Сяргею спальняй. У трэцім з мэблі былі толькі стол і зэдлік. Затое сцены… Усе сцены былі заклееныя фотаздымкамі ды выразкамі з газет. Надзя была агаломшаная — некаторыя здымкі былі зробленыя хутчэй за ўсё пасля Пажараў! На выразках у асноўным фігуравала тая самая асоба — Граданачальнік.

— Шмат хто ведае, што Граданачальнік перад Засухай быў не апошнім чалавекам, — пачаў аповед Сяргей. — Ён сапраўды і ў той час займаў галоўныя пасады ў дзяржаве. Быў дарадцам за колішнім кіраўніком дзяржавы, сваім бацькам. Калі пачаліся Пажары, шмат хто з важных дзяржчыноўнікаў і вайскоўцаў пастараўся трапіць у бамбасховішчы, такія самыя, як гэтае, толькі нашмат большыя. І лепш забяспечаныя ўсім неабходным. Яны думалі, гэтая спёка не скончыцца. Аднак не ўсе маглі дабрацца да сховішчаў. Шмат тэхнікі ўжо не працавала… Граданачальніку ўдалося ўратавацца і перажыць першы год у бяспецы. А разам з ім ягонай ахове, і шмат каму з важных супрацоўнікаў спецслужбаў і спецпадраздзяленняў. Тым часам на паверхні пачаўся голад, і людзі пачалі есці адно аднаго. Так атрымалася, што лепш за ўсіх падрыхтаванымі і ўзброенымі аказаліся людзі, якія да Пажараў ахоўвалі парадак, — той жа патруль, але з іншай назвай. Яны збіраліся ў банды людаедаў-вылюдкаў і наводзілі на горад тэрор. Пасля вярнуўся Граданачальнік. Калісьці гэта ж былі ягоныя падначаленыя. Ён не стаў знішчаць іх, а ўзяў да сябе ў гэтыя карніцкія брыгады. А каб ніхто іх не пазнаў, яны пачалі насіць маскі. Тыя ж, каго адстрэльваў патруль, не былі канібаламі: гэта тыя, хто адмовіўся перасяляцца ў баракі і жыць па армейскіх прынцыпах. Але самае страшнае не ў гэтым. Пасля мяса немажліва перайсці на бульбяную кашу. Спачатку былі кансервы з крамаў, сховішчаў. Але скончыліся і яны…

— Ты хочаш сказаць, што карнікі да гэтага часу ядуць людзей? — перабіла Надзя.

— Не зусім. Людзей ядуць усе яны: і карнікі, і сам Граданачальнік.

Нельга сказаць, што Надзя і раней моцна любіла парадкі, якія панавалі ў яе родным горадзе. Ды і не верыла яна ва ўсё, што прамаўлялася на сходах у бараку. Але гэта… гэта ёй трэба было асэнсаваць. Пасля апошніх словаў Сяргея ўсё тым больш падавалася ёй абсурдным. Не магла яна, ды і сотні іншых, раптам апынуцца пад прыгнётам канібалаў. Уяўленне малявала карціну жалезнага парадку, але зусім не крывавай оргіі на чале з найвышэйшым кіраўніцтвам. Сяргей альбо прыдумаў гэта, альбо недзе прачытаў. Вось і хоча здзівіць яе. А мажліва… хоча, каб Надзя пайшла да яго. У любым выпадку апошняя думка падалася ёй прыемнай, і яна вырашыла не паказваць свайго недаверу.

— Але з барака толькі зрэдку нехта знікае… — нерашуча прамовіла яна.

— Але і не з’яўляецца нікога новага, праўда? У горад прыходзіць шмат люду, бо ў ваколіцах ходзяць чуткі пра фермы і пра тое, што тут не засталося людаедаў. Што тут аднавіўся стары парадак. Іх патруль і ловіць на самых подступах да горада. Іх трымаюць у замку побач з Упраўленнем, дзе раней была турма. Па чарзе забіваюць і ядуць. Я змог пабываць унутры, глядзі, — Сяргей паказаў на сцяну з фотаздымкамі.

На сцяне было шмат фота калідораў і маленькіх бетонных пакойчыкаў. То тут, то там на іх трапляліся схуднелыя, брудныя і хворыя людзі. Часам былі зусім здаровыя, нават поўныя мужчыны і жанчыны. Але потым на вочы Надзі трапіў здымак. На ім былі бачныя крукі ды нейкія тушкі на іх. Дзяўчына прыгледзелася, і раптам яе ледзь не знудзіла: уздоўж доўгага калідора на круках віселі чалавечыя целы. Надзя закрыла твар рукамі і прысела на кукішкі.

— Надзя, табе трэба сыходзіць адтуль. Тое пакаранне бізунамі — кветачкі ў параўнанні з тым, што яны яшчэ могуць зрабіць з табой. Ідзі да мяне. У мяне ёсць план, як забіць Граданачальніка і ўсю ягоную хеўру. А без кіраўніцтва яны самі адно аднаго з’ядуць. Тут у мяне ёсць кансервы, яшчэ на год наперад, процьма розных кніг, тут заўжды цёпла і светла. Ніякіх вайсковых парадкаў. Разам мы спынім усё гэта, скончым з людаедамі і прыгнятальнікамі… — Сяргей ужо пачаў захапляцца, калі пабачыў, што Надзя глядзіць на яго з лёгкай усмешкай. — Што тут смешнага?

— Ты ўсё гэта прыдумаў, каб я сышла да цябе? Фотаздымкі ты ж знайшоў недзе, так? Сяргей, я не магу сысці. Я вырашыла паступіць у акадэмію, у цябе тут добра… прабач.

Сяргей быў у шоку. Думкі блыталіся, ён не мог зразумець, у чым ягоная памылка, чаму Надзя не верыць яму. Ён упершыню ў жыцці, адкрыўся — планы, свой дом, расказаў праўду, якой дагэтуль нікому не расказваў. А яе рэакцыя аказалася нават горшай, чым Сяргей мог сабе ўявіць. І яшчэ гэтая акадэмія… Праз усё гэта ён разгубіўся, не ведаючы, што адказаць і як.

— Надзя, няма ніякай акадэміі. Гэта міф. Яшчэ перад Засухай кіраўнікі ўвесь час сутыкаліся з разумнымі маладымі людзьмі, якія ўмелі думаць і бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць. І па-рознаму спрабавалі з імі скончыць, праз турмы і высылкі. У Граданачальніка таксама былі праблемы з моладдзю, што мысліць. Цяпер яны прыдумалі акадэмію, каб з’ядаць студэнтаў, пазбаўляючыся такім чынам ад імаверных мяцежнікаў.

— Але я сама бачыла фотаздымкі! На беразе мора… — Надзя ўжо фактычна крычала, Сяргей пачынаў яе моцна раздражняць.

— А ці не падобныя яны да фота, зробленых перад Засухай? З сінім небам і сонцам?

Дзяўчына на імгненне разгубілася. Нахабнасць Сяргея вывела яе з раўнавагі, яна з цяжкасцю стрымлівала сябе. Яна ж нармальнай чалавечай мовай патлумачыла, што не можа, што ўжо паставіла сабе мэту. Навошта брахаць? Навошта праз брахню зацягваць да сябе? Надзя верыла ў акадэмію, апошнія два гады яна жыла чаканнем экзаменаў. Не можа гэта ўсё аказацца фікцыяй! Бо дыпломы выдае асабіста Граданачальнік на сходзе. І ўсміхаецца, цісне руку, хлопае па плячы. І фотаздымкі. Не адзін — мноства; кожнага пакоя, мора, даследчыцкіх станцыяў і бібліятэкі. З сінім небам і сонцам, зоркамі па начах. Не маглі яны так падмануць.

Надзя сарвалася. Нервы не вытрымалі, яна закрычала і заплакала адначасова:

— Не! Не, хопіць брахаць! Выпусці мяне з гэтага склепа! Табе патрэбна толькі адно! Вам усім патрэбна толькі адно! Выпусці мяне!

Яна ўчапілася за куртку Сяргея і паспрабавала пацягнуць яго да выхаду з бункера. Юнак нейкі час стаяў з пустым позіркам, нават не хістаючыся. Для яго ўсё было скончана. Паветраны замак, які ён сам для сябе збудаваў, разбураны лёгкім подыхам рэальнасці. Сяргей забыў, што ягоная мэта патрабуе адзіноты, забыў, што пакуль не здзейсненая мара, яму нікому нельга адкрывацца. Ён зноў сам-насам з ворагамі ды абыякавасцю. Змагаецца за ідэю, зразумелую яму аднаму. Альбо не ідэю? Вендэту, помсту паводле прысягі. Але яму не хацелася, каб гэта было старое «зуб за зуб». Усё павінна мець мэту. Народная свабода, справядлівасць. Шмат паветраных замкаў абрынулася ў той момант у ягонай галаве. Засталося вызначыць, хто цягне яго да выхаду, — абыякавая альбо вораг. Сяргей без эмоцыяў адштурхнуў Надзю і павольна скіраваўся да выхаду. Скрыгат, глухі ўдар. Яны ўжо ў першым пакойчыку. Надзя, у стане істэрыкі, і Сяргей, кантужаны з пустымі вачыма. Скрыгат, глухі ўдар. Надзя выбегла і хуткімі крокамі скіравалася ў бок свайго жытла, да свайго маленькага ложка і мараў пра мора. Ніхто не зможа забраць у яе мора, застаўся месяц да экзаменаў. І яна будзе там: салёны пах, лёгкі вецер і шум прыбою. Спакойнае жыццё сярод такіх самых, як яна. А ён хацеў забраць усё гэта. Каб авалодаць яе целам, ён хацеў яе падмануць, зрабіць сваёй палонніцай і рабыняй. Ніхто не адбярэ ў яе мары.

Сыходзячы, дзяўчына не заўважыла, як Сяргей адпрацаваным рухам кілера дастаў пісталет і скіраваў ёй у спіну. Так і прастаяў, пакуль яна не схавалася за рогам. Потым схаваў зброю і зачыніў дзверы ў бункер. Яму трэба спяшацца, ён мае не больш за тры гадзіны.

У той дзень Надзя з’явілася каля прахадной пазней чым звычайна, але нікога гэта не хвалявала. Патрульныя ведалі, што яна — туша, частка іх будучага рацыёну. Таму і не сказалі ёй нічога, калі яна рыдаючы падышла да брамы.

Дайшоўшы да ложка, яна не раздзяваючыся залезла пад коўдру і абняла ногі рукамі. Так, у позе эмбрыёна, яна і праспала да другой гадзіны дня.

Звычайны дзень для жыхароў зоны пачынаецца, а шостай. Але нешта адбылося. Не было ранішняга шыхтавання. Настрой тых, хто прачнуўся, можна было ахарактарызаваць як панічны. Даносіліся пагалоскі аб выбуху ў будынку Упраўлення і смерці Граданачальніка. З патрульных засталіся толькі двое, і тыя зачыніліся каля прахадной, не прапускаючы нікога. Але вось на зону зайшоў цэлы атрад карнікаў, некалькі патрульных у хакі і асабіста Граданачальнік. Ён быў у вайсковай форме. Карнікі вялі некага, заламаўшы яму рукі высока за спінай. Адзін з тых, у хакі, узяў узмацняльнік і абвясціў:

— Збор, а другой гадзіне перад баракам!

Надзю падняла старшая па бараку.

— Хутчэй, хутчэй збірайся, выхадзі на сход перад баракам! — прашыпела яна.

Надзі не трэба было нават збірацца. Яна абулася і механічна пайшла да выхаду. У галаве было пуста, самой — лёгка і спакойна. Яна на нейкі час забылася пра ўчорашні дзень. Ёй падавалася, што няма ніякіх праблемаў і турботаў, ёсць толькі радасць ад самых простых дзеянняў.

Вось яна выйшла: пад шэрым небам сабралася больш за тысячу брудных і перапужаных людзей. Насупраць барака і натоўпу стаяў ланцужок з людзей у хакі і сам Граданачальнік. Поруч карэ стаялі карнікі. Было бачна, што ўнутры карэ на каленях стаяў нейкі хлопец. Гэта быў Сяргей. Нават у крыві і з адлегласці 100 метраў яна пазнала яго і павольна пачала прыгадваць.

— Увага, грамадзяне Рэспублікі! — прагрымеў праз узмацняльнік голас чалавека ў хакі, — Сёння да вас звернецца прэзідэнт!

І тут жа перадаў рупар Граданачальніку.

— Вітаю вас, грамадзяне! Сёння ўначы старая зараза пад назовам канібалізм зноў пра сябе заявіла. Перапоўнены пачуццём помсты за сваіх хворых суродзічаў, гэты малады людаед, — граданачальнік паказаў на Сяргея, — вырашыў вярнуць Рэспубліку да хаосу і бязладдзя. Падступна пранікнуўшы ва Упраўленне, ён заклаў выбухоўку і справакаваў выбух. Трыццаць два супрацоўнікі загінулі ад рук гэтага тэрарыста. Згадаем іх хвілінай маўчання.

Запанавала ціша. А Надзя ўсё ўспомніла. І зразумела. Сяргей насамрэч хацеў забіць Граданачальніка. Не ўсё ўчора было пастаноўкай. А можа, пастаноўкі не было наогул? Надзя глядзела на хлопца з роспаччу, хоць і старалася не выдаваць сваіх перажыванняў. Сяргей жа вачыма шукаў яе. Хвіліна прайшла, і Граданачальнік працягнуў.

— Такое злачынства нельга дараваць і забыць. За яго абавязкова належыць караць. Мы ведаем, што ў людаеда ёсць саўдзельнік, хутчэй за ўсё сярод вас, на Жылой! Гэта мярзотны здраднік, грамадзяне! І ў нас ёсць падазрэнні, па сутнасці, вядома ягонае імя. Але паколькі мы адрозніваемся ад жывёлаў і канібалаў, я даю яму магчымасць аслабіць сваю віну. Раскрый сябе і пакайся тут і цяпер! Тады ты захаваеш жыццё сабе і канібалу. Пакаранне будзе ў любым выпадку, але менавіта ад цябе залежыць, застаняцеся вы жывымі ці не. Паслухай хаця б свайго сябра-канібала, здраднік!

Граданачальнік упэўненым крокам падышоў да Сяргея і паднёс узмацняльнік да яго вуснаў. Сяргей паспеў пабачыць краем вока тую, якую шукаў і, каб не выдаць яе, скіраваў погляд на сцяну барака.

— Не кажы! Разам назаўж… — карнік высока ўзняў звязаныя за спінай рукі Сяргея і перарваў ягоную кароткую прамову.

«Дзіўна, што яны ўсяму паверылі», — пранеслася ў галаве хлопца. Ужо пасля ўсіх катаванняў, калі яго павялі з Упраўлення, Сяргею прапанавалі расказаць хаця б пра тых, хто навёў яго на кабінет карнікаў. Разыграўшы пастаноўку, ён урэшце сказаў карніку ў хакі, што не памятае, як завуць таго хлопца, але калі даць Сяргею магчымасць звярнуцца да яго, той сам выдасць сябе. За гэта яму і ягонаму «сябру» абяцалі жыццё… ага. Сяргей ведаў, што не мае шанцаў, і ўсміхаўся скрозь боль у выкручаных руках. Маральна ён перамог. Граданачальнік не чакаў такога нахабства. Літаральна праз некалькі секундаў ён дастаў пісталет і прастрэліў Сяргею галаву. Яшчэ некалькі куляў ён увагнаў у труп, каб не заставалася сумненняў. Вярнуўшы пісталет у кабуру, ён зноўку звярнуўся да людзей:

— Паслухаеш ягонай парады — пойдзеш услед за ім. У цябе дзень, здраднік. Увечары мы прыйдзем па цябе.

І зноўку ціша. Карнік адпусціў труп Сяргея, і той упаў тварам у бруд. Надзя назірала за ўсім моўчкі, вочы яе блішчэлі, а ў думках нібы праносілася бура. Незаўважна для астатніх яна закусіла губу, а пальцамі адной рукі ўчапілася ў другую. На языку яна адчула салёны смак крыві.

— Хай для ўсіх грамадзянаў гэта паслужыць прыкладам нашага імкнення да стабільнасці і дабрабыту. Ніякіх саступак канібалізму не будзе! Толькі так мы зможам аднавіць зруйнаванае катастрофай. Сённяшні дзень аб’яўляецца выходным і днём жалобы па загінулых пры выкананні! Парадак і дысцыпліна — гэта тое, што не дае нам скаціцца да жывёльнага існавання. Можаце разысціся, — і тут ён раптоўна павярнуўся і пакрочыў да выхаду з зоны.

Наступны дзень Надзя правяла ў поўнай апатыі і прастрацыі. Яна адчувала сябе вінаватай у смерці Сяргея. Бо калі б яна не сышла тады, ён таксама б не наважыўся. Ён падумаў, што Надзя выдасць яго, і ўсё адно захаваў ёй жыццё. Каханне да гэтага хлопца абудзілася з новай сілай. Гэтыя два дні былі самымі цяжкімі ў жыцці Надзі. Хацелася плакаць, хацелася крыві патрульных, хацелася ўсё вярнуць назад. Пераасэнсаваўшы і тысячу разоў пракруціўшы ў галаве іх апошнюю размову, яна паверыла. Выраклася ілжывай мары. І прысягнула адпомсціць нават цаной свайго жыцця.

Цягам трох тыдняў, якія заставаліся да экзамену, Надзя штодзённа наведвала бункер. Ключ яна знайшла каля ўваходу. Мабыць, Сяргей быў упэўнены, што нікога дзяўчына выдаваць не збіраецца. Яна даследавала бамбасховішча, вывучыла фотаздымкі, прачытала столькі кніг, колькі змагла. І перабрала ўсю майстэрню.

Экзамены аказаліся надзіва простымі. Надзя спецыяльна адказвала няправільна на ўсе заданні, але ўсё адно было абвешчана, што Надзея Карнеева здала на «выдатна» і разам з дзевяццю іншымі прадстаўленая да дыплому аб паступленні ў Навуковую акадэмію.

Надзі выдалі асаблівае адзенне, спецыяльна для цырымоніі. Чымсьці яно нагадвала школьную форму, але было нашмат больш смелым. Не выключана, што перад смерцю яны гвалцяць дзяўчат альбо нават ствараюць гарэмы. На фотаздымках у бамбасховішчы ў камерах не было ніводнай прыгожай, ладнай дзяўчыны. Глыбокае дэкальтэ на кашулі, міні-спадніца, белыя панчохі. Яна шмат разоў бачыла цырымоніі ўзнагароджання, але ніколі не надавала значэння таму, што такую форму даюць толькі сімпатычным дзяўчатам. Астатнія былі заўжды апранутыя ў пінжакі са штанамі, як і хлопцы.

Кішэні ў кашулі занадта маленькія, у спадніцы нічога не схаваеш. Надзя разарвала сваю старую майку і ў кожны з ласкутоў завярнула невялічкі жалезны шарык, так, каб тырчалі маленькія медныя вусікі. Станік, большы на два памеры, яна падрыхтавала загадзя. Як выявілася, не дарэмна.

Шэрае неба ў дзень цырымоніі ажно двойчы дало трэшчыну і агаліла сінія вантробы. Літаральна на пару хвілінаў, але Надзя заўважыла гэта. Яна сядзела на сваім ложку ў святочнай форме і глядзела праз напаўразбітае акно. А дзяўчаты вакол глядзелі на яе нечакана выраслыя грудзі.

Яна чула іх перашэптванні, але не звяртала ўвагі. У бамбасховішчы засталася невялічкая нататка аб тым, як усё было. Ключ каля ўваходу. Нарэшце Надзя зразумела, якая самая карысная кніга з усіх, што ёй давялося прачытаць.

Адкрытая пляцоўка каля барака. Цырымонія ўзнагароджання дыпломамі. Каб усе бачылі. Пастка для тых, хто цягнецца да ведаў і ісціны. Яны, дзесяць студэнтаў, сядзяць у першым шэрагу. Заўважна, што ў дзевяці на тварах сумесь урачыстасці і хвалявання. Толькі на твары Надзі нічога, акрамя дурной усмешкі. Яна адна тут апранутая ў дзявочую школьную форму, калі так можна назваць адзенне з сэкс-шопу. Людзі ззаду пляскаюць у далоні, гучаць прамовы, гаворыцца пра хуткае адраджэнне і далёкую акадэмію. Вось пачынаюць па адным выклікаць для ўзнагароджання. Твары тых, хто атрымаў дыплом, поўныя шчасця. Яны, дрыжучы ад хвалявання, сядаюць на свае месцы.

На трыбуне пяць чалавек у хакі — найвышэйшыя чыны патруля, двое ў строгіх пінжаках, некалькі шарагоўцаў з чырвонымі павязкамі. За кулісамі чакаюць «чорныя маскі», бачныя толькі вочы — галодныя і дзікія. Дыпломы раздае асабіста Граданачальнік. Здаровы мужык гадоў пяцідзесяці. Чорныя валасы. Маленькія вочы, у якіх заўважны шалёны бляск. Сёння ён таксама ў строгім шэрым пінжаку. Кіраўнік шэрага горада пад шэрым небам.

Надзю амаль не абшуквалі. Не так ужо багата месцаў, куды можна было б нешта схаваць. Ды і што можа зрабіць гэтае маленькае дзяўчо?

Апошняй для ўзнагароды клічуць яе. Надзя ўстае і элегантнымі дробнымі крокамі падыходзіць да лесвіцы на трыбуну, быццам перад танцам, падымаецца ўгару. Вось ён усміхаецца, зараз дасць дыплом і моцна абдыме яе. Падумае, патрэбная яна яму ці можна аддаць халуям. Вочы блішчаць — Граданачальнік нават не глядзіць на яе твар, яму цікава, што гэта за грудзі, праз якія сарочка сядзіць ледзь не ў абцяжку.

Надзя грацыёзна падышла да ўвасаблення ўлады. Перад і пасля Засухі. У яго ўжо ўзнік план, як незаўважна праверыць на пругкасць частку цела, якая не дае спакою. Надзя нібы пацягнулася па дыплом, але замест гэтага паправіла нешта адной рукой акурат каля станіка, а пасля другой. Яна выцягнула рукі да Граданачальніка: у абодвух далонях ляжала па чацэ. Граданачальнік апусціў вочы. Пакуль яго мозг ліхаманкава асэнсоўваў тое, што адбываецца, Надзя скінула з далоняў спускавыя механізмы ад маленькіх супрацьтанкавых гранатаў і раптоўна абняла свайго «шэфа».

— Абдымі мяне мацней… — прашаптала яна яму.

У галаве неймаверна хутка праносіліся думкі. За гэтыя сем секундаў Надзя перажыла ўсё жыццё нанова. Вочы Граданачальніка зрабіліся круглымі ад страху, і ён паспрабаваў вырвацца з абдымкаў, але дзяўчына моцна ўчапілася ў яго. Людзі ў плямістай форме, як і астатнія, так да канца і не зразумелі, што адбываецца. А Надзя яшчэ раз пераканалася, што самая важная кніга ў яе жыцці — «Кароткія ўводзіны ў выбуховыя рэчывы, сапёрную справу (з аглядам зброі з утрыманнем ВР)». Калі непарушны гарант стабільнасці паспрабаваў агучыць чарговы загад, прагучаў выбух.

Аляксандр Францкевіч

0
раніца / Адказаць
15.06.2013 / 06:54
Ой, зачапіла.. Але ж надта вялікі тэкст.. Абавязкова прачытаю, ня гледзячы на "чашу цярпеньня" і "магільную цішу". Сапраўды - зважаючы, але - ня гледзячы.. Каб застацца ў прасторы твора..
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру