28.05.2013 / 11:36

«Савецкі міф пра Польшчу-ворага не працуе» 5

Навуковая канферэнцыя «Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне» прайшла ў Гродне 25 траўня.

Канферэнцыя і дыскусія адбываліся ў адной з залаў польскага консульства.

Адкрылі мерапрыемства пасол Польшчы Лешак Шарэпка і палітык Аляксандр Мілінкевіч. Апошні заўважыў, што хоць і лічыцца палітыкам, усё ж яшчэ і краязнаўца.

Першым з дакладам выступіў былы выкладчык ГрДУ і адзін з аўтараў «Гродназнаўства» Вячаслаў Швед.

Выступ быў прысвечаны фальсіфікатарам гісторыі паўстання. Прафесар спыніўся на асобе Валера Чарапіцы як аднаго з найбольш адыёзных сучасных крытыкаў паўстання, вылучыўшы найбольш грубыя гістарычныя памылкі апошняга.

Акрамя беларускіх навукоўцаў і зацікаўленай гісторыяй публікі з выступамі прыехалі прадстаўнікі Польшчы: праф. Адам Даброньскі і праф. Ежы Здрада, з Беластоцкага і Ягелонскага ўніверсітэтаў адпаведна.

Найбольш жыва прайшла дыскусійная частка, прысвечаная вострым нацыянальным пытанням у паўстанні.
Яе мадэраваў гісторык Алесь Краўцэвіч.

«Наўмысна рабіць Каліноўскага палякам — гэта халасты стрэл лукашэнкаўскай ідэалогіі, — адзначыў Краўцэвіч, — Асабліва ў Заходняй Беларусі, дзе не знойдзеш чалавека, які б не меў сувязяў з Польшчай. Савецкі міф, які прадстаўляе Польшчу ворагам, не працуе!»

Краязнавец Уладзімір Хільмановіч, у сваю чаргу, звярнуўся да папярэдняга выступу прафесара Шведа: «Не пагаджуся са Шведам адносна таго, што паўстанцы змагаліся не супраць самадзяржаўя ў Расіі, а за сваю Бацькаўшчыну супраць акупацыйнага рэжыму. А Бацькаўшчына ўжо была ў кожнага свая: Рэч Паспалітая, Вялікае Княства альбо Беларусь, ідэя якой акурат фармулявалася, у тым ліку паўстанцам Багушэвічам».

Краязнавец з в. Лунна (Мастоўскі р-н) Лявон Карповіч звярнуў увагу на практычны бок ушанавання памяці: «Чаму каля паўстанцкіх крыжоў бачныя толькі бела-чырвоныя стужкі? Дзе бел-чырвона-белыя? І так не толькі з Каліноўскім. Таксама і на лініі Сталіна — едуць экскурсіі з пустымі рукамі. Ані Сталіну, ані Каліноўскаму…»

Скончыў дыскусійны блок малады гісторык Васіль Герасімчык:

«Мы кажам, што гэта няважна, быў Каліноўскі беларусам ці не. А людзям гэта важна! Людзям трэба ведаць, якім мае быць беларус.
І Каліноўскі ўжо тады, у свае 26, стаў беларусам больш, чым мы з вамі!.."

Па абедзе, на кніжныя прэзентацыі, народу засталося менш. Першым выступіў гісторык і актывіст Саюза палякаў у Беларусі Юзаф Пажэцкі з польскамоўным пуцяводнікам па паўстанцкіх мясцінах Гарадзеншчыны. Пасля яго эстафету пераняў беларускі даследчык Андрэй Вашкевіч з аналагічным пуцяводнікам, але ўжо з маршрутам па самім горадзе. Абодва друкаваныя асобнікі любы прысутны мог атрымаць бясплатна.

Канферэнцыя скончылася круглым сталом гісторыкаў ды краязнаўцаў з рэгіёнаў. Станіслаў Суднік расказаў пра помнікі паўстанцам на Лідчыне, Мікалай Быхаўцаў — на Ваўкавышчыне, а Мілінкевіч закрануў тэму так і не пастаўленага помніка Каліноўскаму ў Гродне.

0
zhd / Адказаць
28.05.2013 / 13:28
Загаловак (гэта ўжо норма апошнім часам) стасуецца не да зместу артыкула, а да намераў маніпуляваць чытачамі. Непрыемна!
0
Ales J / Адказаць
28.05.2013 / 17:20
to жд: толькі на такіх умовах і можа існаваць незалежнае выданне. А самі палякі, асабліва блізпрылеглыя да нас), нічым ад нас не адрозніваюцца - ані гісторыяй, ні мэнталітэтам. Нат говар падобны.
0
2Ales J / Адказаць
29.05.2013 / 03:31
Лолшто? Польская бліжэй да расійскай. Тут жа, на НН калісці пісалі, што паляку прасцей зразумець расійцы ніж беларуса.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру