24.08.2007 / 09:13

Першакурсьнікі ўскруцілі цэны 1

Арэнда сталічнага жылля падаражэла на 20—50 USD.

Арэнда сталічнага жылля падаражэла на 20—50 USD.

Трэці год запар спецыялісты рынку нерухомасці па арэндзе жылля менавіта ў жніўні адзначаюць істотнае павелічэнне попыту на жыллё з боку іншагародніх грамадзян краіны.

Цэны «скокнулі» ўсяго за тыдзень

Рынак арэнды жылля ў галоўным мегаполісе краіны пачаў актывізавацца яшчэ ў апошнія дні ліпеня, але менавіта з сярэдзіны мінулага тыдня ў горадзе ўзнікла ажыятажная хваля попыту на арэнду жылля.

Сёння самая мінімальная цана арэнды аднапакаёвай кватэры ў загазаваным Заводскім раёне і Шабанах 220—230 долараў.

Паводле інфармацыі начальніка аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Час пік» Сяргея Кадолы, за апошнія 10 дзён прапанова арэнды кватэр паменшылася прыкладна ў два разы, а за гэты ж час попыт павялічыўся ў 2—3 разы. Менавіта таму цэннік на самыя танныя кватэры павысіўся ў сярэднім на 20—50 долараў. Сёння самая мінімальная цана арэнды аднапакаёвай кватэры ў загазаваным Заводскім раёне і Шабанах. Гаспадары тамтэйшых кватэр жадаюць атрымаць за свае аднапакаёўкі 220—230 долараў. Больш якасныя аднапакаёўкі ў спальных раёнах каштуюць прыкладна 220—250 долараў. У цэнтры аднапакаёвыя кватэры каштуюць ужо не менш за 300 долараў. Мінімальны цэннік на арэнду двухпакаёвых кватэр у Заводскім раёне, Шабанах і Чыжоўцы пачынаецца з 250—260 долараў. У мікрараёне Зялёны Луг дасягае 280—300 долараў плюс аплата камунальных паслуг. Двухпакаёвыя кватэры сёння, бадай, самае запатрабаванае жыллё для студэнтаў, якія здымаюць яго на 3 ці нават 4 чалавекі. Самымі папулярнымі тут лічацца Фрунзенскі і Маскоўскі раёны, а таксама новыя мікрараёны Малінаўка і Сухарава. Менавіта ў гэтых кропках сталіцы шмат новых дамоў, таму самая вялікая колькасць прапаноў і адносна невысокія цэны. Разам з тым, цэннік на кватэры залежыць ад наяўнасці паблізу метро, або калі дом знаходзіцца побач з тым або іншым інстытутам. У цэнтральных і элітных раёнах сталіцы арэнда двухпакаёвых кватэр каштуе ўжо 400—500 долараў і больш.

Амаль на ранейшым узроўні застаўся цэннік арэнды на трохпакаёвыя кватэры, які вагаецца ў межах 320—350 долараў. У Малінаўцы і Шабанах такія кватэры каштуюць каля 300 долараў плюс камунальныя плацяжы. У цэнтры горада арэнда такога жылля каштуе ад 500 долараў і больш. Чатырохпакаёвых кватэр на другасным рынку арэнды жылля вельмі мала і каштуюць яны прыкладна 300—350 долараў плюс аплата «камуналкі».

Студэнтаў «сартуюць» па вопратцы і… не толькі

Наш эксперт ад агенцтва нерухомасці «Час пік» Сяргей Кадол лічыць, што моцны бум на арэнду жылля ў сталіцы выклікалі менавіта студэнты‑першакурснікі. Гэта сапраўды так. Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэя Стрыгельскага, зараз у Мінску месцамі ў інтэрнатах забяспечаны толькі каля 68 працэнтаў студэнтаў ВНУ. Такім чынам, сёлета як і летась самастойна жыллё пачалі шукаць каля 20 тыс. студэнтаў.

Пакойчык з мэбляй «пад ключ» каштуе не менш за 100 долараў.

Аднак зараз гаспадары жылля даволі асцярожна падыходзяць да здачы кватэр менавіта студэнтам, якія яшчэ ўчора былі школьнікамі і жылі ў невялікіх гарадах і вёсках краіны. Справа ў тым, што студэнты‑першакурснікі не маюць вопыту вядзення перамоў наконт арэнды жылля. Пошук кватэр для іх ажыццяўляецца больш хуткімі тэмпамі, калі ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць бацькі былых абітурыентаў. Менавіта яны і з’яўляюцца пэўнай гарантыяй для гаспадароў жылля, у выпадках, калі студэнты, атрымаўшы поўную свабоду на новым месцы, пачынаюць канфліктаваць з суседзямі, рабіць з кватэры маладзёжны клуб, адмаўляюцца своечасова плаціць за кватэру і г.д. Асобныя бацькі «зялёных» студэнтаў пакідаюць нумары сваіх тэлефонаў уласнікам кватэр і суседзям, каб апошнія ў выпадку чаго сігналізавалі «на радзіму».

Існуе яшчэ адзін варыянт для студэнтаў — арэнда асобных пакояў у звычайнай кватэры адзінокіх бабуляў. Такімі варыянтамі карыстаюцца галоўным чынам студэнты‑першакурснікі з прыкладнымі паводзінамі, якія яшчэ не адшукалі сабе сапраўдных сяброў, а даходаў на асобнае жыллё ў іх бацькоў няма. Цэны на асобныя пакоі таксама куслівыя. Пакойчык з мэбляй «пад ключ» каштуе не менш 100 долараў, у Заводскім раёне і Шабанах можна адшукаць нядрэннае памяшканне і за 70—80 долараў. Сёння наяўнасць мэблі, тэлефона або тэлевізара на кошт арэнды ўжо не ўплывае ніяк. Пры здачы жылля сям’і на працяглы тэрмін лепш мець нават паўпустую кватэру, бо ў такіх кватарантаў ёсць ужо свой набор мэблі. Сучасныя студэнты сядзець дома каля тэлевізара таксама ўжо не будуць.

Цэны павялічыліся і адкату не будзе?

Спецыялісты арэнды жылля лічаць, што павелічэнне арэнды кватэр да максімальных паказчыкаў ужо адбылося. Так, у апошнія дні жніўня на хвалі ажыятажу 5—6 іншагародніх кліентаў могуць дазволіць сабе зняць і вельмі дарагое жыллё, але гэта прынцыпова на другасны рынак арэнды ўжо не паўплывае.

На думку экспертаў, існуючыя цэны могуць захавацца і пасля спаду студэнцкага ажыятажу.

Між іншым, на думку экспертаў, існуючыя цэны могуць захавацца і пасля спаду студэнцкага ажыятажу. Сяргей Кадол лічыць, што арэнда аднапакаёвых кватэр застанецца на ўзроўні не менш як 230—240 долараў. На якаснае жыллё, якое прапануецца паблізу ВНУ, магчымы нават павышаны попыт, а таму і крыху завышаныя цэны.

За паслугу лепш плаціць па факту

А зараз некалькі слушных парад аб тым, як шукаць жыллё. Тыя студэнты, у якіх з грашыма сапраўды цяжка, займаюцца пошукам кватэр самастойна. Гэта расклейванне аб’явак на слупах і гутаркі па душах з бабулямі на лаўках. Такі механізм сёння прыносіць мінімум вынікаў. Другая група кліентаў размяшчае свае аб’яўкі ва ўсіх спецыялізаваных выданнях па бясплатнаму прынцыпу і дае інфармацыю ва ўсе падобныя па тэматыцы Інтэрнэт‑сайты. Большая ж частка студэнтаў самастойна ці з бацькамі накіроўваецца ў агенцтвы нерухомасці. Агенцтвы бываюць розныя: белыя, шэрыя і ўвогуле аднадзёнкі. Так, спецыялістамі Мінюста толькі сёлета была прыпынена дзейнасць 14 рыэлтарскіх кампаній. Суразмоўца лічыць, што самы надзейны варыянт для кліента, калі аплата за паслугі агенцтва ажыццяўляецца па факту засялення.

У агенцтве «Час пік» такая паслуга каштуе 320 тыс. рублёў. Так, згадзіцеся, гэта не танна. Разам з тым, па словах Сяргея Кадолы, зараз у сталіцы існуе шмат падобных структур, якія прапануюць кліентам толькі інфармацыю аб існуючых варыянтах. Часам гэта інфармацыя неправераная, або нават выдуманая.

Разам з тым, лепш за ўсё шукаць кватэры праз знаёмых і сяброў, якіх вы добра ведаеце.

Сяргей Куркач, «Звязда»

0
Демьян / Адказаць
24.08.2007 / 10:20
Интересная статья, но называть Минск 'мегаполисом', да еще и 'главным', как будто в Белоруссии есть и другие мегаполисы.. :)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру