Нядаўна ў прасторах сацыяльных сетак з’явілася фатаграфія, на якой чатыры аголеныя хлопцы стаяць на фоне Беларускай акадэміі мастацтваў. Аднак асноўны доказ сваёй прыналежнасці да мужчынскага полу яны затуляюць рукамі.

Акцыянізм ў такой форме не новая вынаходніцтва — напрыклад, Асмалоўскі, Брэнер, Маўрамаці і Шугалей зрабілі акцыю «Ганьба» яшчэ ў 1993, пакінуўшы майкі, затое нічога не прыкрываючы. У іх дэкарацыямі служыў урадавы будынак. Беларуская версія хутка набыла сваю порцыю славы, вымеранай у «лайках», рэпостах і каментарах. Сайт kyky.org папрасіў мастацтвазнаўцу даць каментар наконт гэтага бунту.

Валярына Кустава, літаратар, мастацтвазнаўца:

«Больш за ўсе еўрапейскія музеі мне не падабаюцца музеі сучаснага мастацтва. Найчасцей там дэманструюць не творы мастацтва, а канцэпцыі, голыя канцэпцыі. Калі я пабачыла фотаздымак, дзе хлопцы стаяць аголеныя на тле Акадэміі — я ўсміхнулася. Гэта — маладосць, рызыка, эксперымент, іронія, гарачая кроў і крышачку бунт. Сама такая. Але апроч таго, што стараюся практыкаваць, яшчэ перыядычна і тэарэтызую напрактыкаванае. Таму калі КУ прапанаваў крыху паразважаць на гэты конт — не адмовілася. Хаця б і была ўжо першая гадзіна ночы.

Ад старэйшых калегаў я чула, як яны пад час свайго навучання і не такое выкідвалі (што да фота), адно што — тады не было сацыяльных сетак ды сайтаў, куды адразу „выкід“ магчыма было запампаваць, а раніцай атрымаць па вушах альбо па лайку ад сваіх выкладчыкаў, якіх маеш ва ўзаемных фрэндах.

З аднаго боку, фота цешыць, бо гэта чыстая акцыя, без якой-кольвек ідэалагічнай сімволікі і падцягнутай за вушы тлумачальні. Таксама фотаздымак не выпадае зразумець жаданнем знаньбіць імідж установы (як нядаўна нашумелы надпіс на даху Акадэміі).

Але, як на мяне, у фотаздымку ёсць некалькі відавочных эстэтычных недапрацовачак. Па-першае, задужа „агульная“ поза. Сімвалічней, канечне, было б сфатаграфавацца ў позах радэнаўскага „Мысляра“ альбо „Вітрувіянскага чалавека“ Леанарда да Вінчы, што, здавалася б, першым прыходзіць да галавы. Тое было б уцямна і нават пацягнула б на мастацкую канцэпцыю: аголеная натура, поза, асацыяцыя з пэўнымі творамі, акадэмічнымі прыкладамі, можна сказаць. Бунт быў бы больш ідэйным — і ад таго больш мастацкім. Па-другое, недагляд і нядбайнасць — вопратка ля хлопцаў як бы нам намякае, што рабілася ўсё ну вельмі на хуткую руку (зрэшты, пасля фотаздымкаў з метро, можна зразумець, адкуль такі стром). Мо і захуткую дзеля таго, каб называцца канцэпцыяй. І з таго прыходзім да высновы, што тое папросту — цытуючы стваральнікаў: „жарт над сур’ёзнай постаццю БДАМ… Супраць „акадэмізму“, як яго трактуюць мастадонты мастацтва, маразматызму, застою і ўсё-усё, што выклікае гэты здымак“.

Насамрэч — папросту жартаўлівая спроба закцэнтавацца на агучванні жадання скінуць з парахода сучаснасці класікаў, сваіх папярэднікаў (жаданне, што з’яўляецца ў кожнага новага пакалення ў мастацтве і літаратуры). І пачаць з чыстага ліста — сваё. Але ж мы ведаем, каб парушаць правілы — трэба іх для пачатку ведаць.

І так як аўтары не імкнуцца сябе апублічваць, называючы персанажаў здымку „зборным вобразам студэнтаў і выпускнікоў акадэміі“ прапаную ўсім разам усіхнуцца і ўсцешыцца, што рукі хлопцам не заламалі — а то апынуліся б яны ў віртувіянскай позе не па сваёй волі, а там і яшчэ ў якой іншай… Не дай Бог. Беражы маладосць мастацтва (дзе паставіць тут коску абярыце самі)!

Прынята лічыць, што ў мастакоў ёсць Муза, а ў мастачак… Муз? Магчыма, гэта тыя самыя начныя МУЗы мужынскага гендэру».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?