З 27 мая па 1 кастрычніка 2013 года Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт праводзіць міжнародны конкурс на архітэктурную канцэпцыю забудовы тэрыторыі ў межах вуліцы Аэрадромнай — паласы адводу чыгункі — 3-га гарадскога кола — вуліцы Кіжаватава — вуліцы Брылеўскай (тэрыторыя поліфункцыянальнага цэнтра «Мінск-Сіці»).

Як паведамляе прэс-служба гарвыканкама, азнаёміцца з умовамі конкурсу можна на сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта www.minsk.gov.by, на сайце ГА «Беларускі саюз архітэктараў» www. BSA.by або ў камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, што на вуліцы Савецкай, 19.

Сярод мэтаў правядзення конкурсу — пошук аптымальнай архітэктурна-горадабудаўнічай канцэпцыі, якая б прадугледжвала стварэнне новага пакалення грамадскіх і жылых будынкаў з інавацыйнай архітэктурай, «устойлівым, крэатыўным, камфортным і экалагічным асяроддзем», а таксама стварэнне дэталізаванага плана развіцця транспартнай інфраструктуры раёна.

Пераможцам конкурсу будзе прызнаны ўдзельнік, канцэпцыю якога камісія назаве лепшай з прадстаўленых у адпаведнасці з такімі крытэрыямі ацэнкі конкурсных работ, як арыгінальнасць, наяўнасць абгрунтаванняў (у тым ліку разліковых) прапанаваных рашэнняў, ступень адпаведнасці канцэпцыі патрабаванням задання на праектаванне, эфектыўнасць прапанаванай транспартнай схемы, высокая якасць асяроддзя, якасць графічных матэрыялаў.

Пераможцу дастанецца 15 тыс. долараў па курсе Нацбанка, другое і трэцяе месцы ацэнены ў 10 тыс. і 5 тыс. долараў адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?