У Мінску і ўсіх абласных цэнтрах днём 23 жніўня ўстаноўлены новыя тэмпературныя рэкорды. Палі абсалютныя максімумы, што трымаліся ад 39 да 69 гадоў.

Як паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, у сталіцы слупок тэрмометра падняўся да адзнакі 33,5 градуса цяпла. Былы рэкорд, што зафіксаваны ў 1938 годзе, быў роўны плюс 29,1 градуса.

Новыя абсалютныя максімумы ўстанаўліваюцца ў Мінску трэці дзень запар. 21 жніўня было зарэгістравана 31,7 градуса (29,9 у 2001 годзе), 22 жніўня — 31,8 (30,9 у 1932 годзе). Паказчык 23 жніўня быў у сталіцы трэцім за ўсю гісторыю метэаназіранняў у апошні месяц лета разам з рэкордам 30 жніўня 1992 года (таксама 33,5 градуса). Абсалютны максімум жніўня ў Мінску — плюс 34,4 градуса (11 жніўня 1992 года), на другім месцы — 33,7 градуса (5 жніўня 1963 года).

У Гродне 23 жніўня зафіксавана 30,7 градуса вышэй за нуль (былы рэкорд — 29,4 у 1968 годзе), у Брэсце — 32,5 (30,3 у 1959‑м), у Віцебску — 33,4 (30,9 у 1938‑м), у Магілёве — 33,8 (31,1 у 1946‑м), у Гомелі — 35,4 (31,6 у 1946‑м).

На чатырох метэастанцыях тэмпература перавысіла 35 градусаў цяпла, што адпавядае катэгорыі моцнай спёкі. У Лельчыцах (Гомельская вобласць) зарэгістравана плюс 36 градусаў, паведамілі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры.

24 жніўня ў Мінску чакаецца 29‑31 градус цяпла пры абсалютным рэкордзе гэтага дня плюс 31,7 (у 1938 годзе).

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0