29.05.2013 / 15:30

Віктар Марціновіч: «Мой новы раман — «Людзі на балоце-3» 31

Кніга «Сфагнум» выйшла адначасова па-расійску і па-беларуску.

Дэбютным раманам Марціновіча лічыцца «Параноя», які ў свой час быў негалосна забаронены. Цяпер гэты раман выйшаў па-англійску ў ЗША, а бліжэйшым часам будзе выдадзены яшчэ на некалькіх мовах у шэрагу еўрапейскіх краін.

Новы раман Марціновіча «Сфагнум» — гэта пазачарговы эксперымент. Гэта ўжо не той звыклы Віктар Марціновіч, «Сфагнум» — гэта эксперымент у прэзентацыі, жанры і стылі.

Упершыню беларускі раман адначасова выходзіць адразу на дзвюх мовах — па-руску, на мове арыгіналу, у электронным выглядзе, які можна спампаваць тут і ў папяровым выданні у перакладзе на беларускую мову.

Мы пагутарылі з Віктарам і распыталі яго пра новы раман.

«Наша Ніва»: Першае пытанне, якое ўзнікае ў галаве — чаму «Сфагнум»? Што стала нагодай выкарыстання ў назве аднаго з відаў моху і ў чым хаваецца сакральны сэнс?

Віктар Марціновіч: «Сфагнум — гэта беларускі „першаэлемент“, з якога складаюцца нашая матэрыя і рэальнасць. Так, гэта мох, але ў пасохлым выглядзе гэта будаўнічы матарыял, якім перакладаюць бярвенні хаты, гэта яшчэ і лекі, бо балотны сфагнум дужа насычаны ёдам і можа лекаваць раны. Па сутнасці,

мой новы раман — „Людзі на балоце — 3“, бо першых людзей на балоце напісаў Мележ, другіх — Караткевіч у „Дзікім паляванні“.
Я вырашыў вярнуцца да тэмы, трымаючы ў галаве тое, што балота і Беларусь — гэта вельмі блізкія з’явы.

НН: Пра што ўвогуле раман?

ВМ: Раман пра побытавую магію, пра сэксі-красуняў, якія аказваюцца вядзьмачкамі, што забіраюць здароўе ў хлапцоў — пра ўсё тое паганства, з якім сутыкаешся на трэці дзень жыцця ў вёсцы.
Але гэты раман не варта ўспрымаць як тэкст „пра вёску“, пра „гопнікаў“ ці " пра прыроду». «У беларускім кантэксце «балота» і балота — розныя рэчы. Гэта кніга пра беларускі абсурд. Пра беларускую варажбу. Пра шуканне скарбаў там, дзе іх няма. Гэта казка з дрэннымі героямі і спрэчным канцом.

НН: На каго арыентаваны «Сфагнум»?

ВМ: Гэты раман для беларусаў.

Я паспрабаваў распавесці пра надзвычай складаныя рэчы вельмі простай мовай — менавіта каб не звужаць сваю аўдыторыю. Каб тыя людзі, якія чытаюць расійскія дэтэктывы, дазналіся пра Беларусь праз «беларускі дэтэктыў», які, відавочна, дэтэктывам з’яўляецца толькі па форме.

НН: На каго вы кіраваліся, ствараючы раман, і што стала чыннікам змены стылю падачы тэксту?

ВМ: У пэўнай ступені я трымаў у галаве Кастанэду, ствараючы «пост-рэалістычны» тэкст. У пэўнай ступені арыентаваўся на Таранціна і Гая Рытчы, з якімі мяне ўжо, чорт, пачалі параўноўваць. Для літаратуразнаўцаў хацеў бы зазначыць, што на мяне моцна паўплывала рэцэнзія на «Вырай», апублікаваная ў «Новай Еўропе». Крытык Лідзія Міхеева дапамагла мне пазбавіцца ад састарэлага стыля пісання: асэнсаванне гэтай рэцэнзіі і вывела мяне на той «анты-псіхааналітычны» стыль нарацыі, які мы бачым у Сфагнуме.

НН: Чаму пераклад раману на беларускую мову рабіў Віталь Рыжкоў, а не Вы самі?

ВМ: Аўтапераклад — рэч па-вар’яцку складаная. Гэта просты шлях у шызафрэнію. Аўтапераклад, па словах Набокава, парушае сценкі паміж рознымі аўтарскімі ідэнтычнасцямі.
Што тычыцца Віталя: калі ў мяне спыталіся, каго б я хацеў пабачыць перакладчыкам, я, ў парадке трызнення, сказаў: Рыжкова. Бо Рыжкоў для мяне на той момант быў аб’ектам моўнага захаплення. Я нават і ня марыў, што ён возьмецца за «Сфагнум». Але ён зрабіў пераклад. Які вельмі высока ацанілі адмыслоўцы. Рэдактура Сяргея Сматрычэнкі наогул зрабіла тэкст выкшталцоным.

НН: Ці прысутнічае ў рамане крамольшчына ці любая іншая нагода, якая можа выклікаць забарону твору?

ВМ: Крамольнага там шмат. Забароненага — нічога няма!

НН: Чаму варта прачытаць раман «Сфагнум»?

ВМ: Ужо зараз з’явіліся водгукі, што «як „Анегін“ — энціклапедыя рускага жыцця», так «Сфагнум — энцыклапедыя нашага жыцця». Мне гэтае прачытанне тэксту падаецца трапным. Для чытача я зрабіў усё, што мог: выйшаў да яго на дзвюх мовах, на дзвюх розных платформах. Кніжка ёсьць у дзяржаўных кнігарнях.

Трэба толькі спампаваць — набыць і правесці некалькі вечароў за ёй. Гэта лепей, чым чытаць «не сваё» і радавацца, што недзе ў Марынінай узнікае Мінск.

Вольга Гарапучык

0
Inhvar / Адказаць
29.05.2013 / 15:38
Ну вось,яшчэ нешта сублiмiраваў "вядомы беларускамоўны метрасэксуал"
0
Ананімоўс / Адказаць
29.05.2013 / 15:54
Дзе ж набыць беларускамоўнае выданьне? Ня вельмі ахвота чытать на расейскай.
0
ххi / Адказаць
29.05.2013 / 15:55
Што за жанр такi? Раман?
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру