«Беларусь ведае, што неабходна зрабіць для ўстанаўлення нармальных партнёрскіх адносін з Еўрасаюзам — вызваліць і рэабілітаваць палітзняволеных», — заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і добрасуседства Штэфан Фюле, выступаючы 28 мая на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест). Тэкст выступлення размешчаны на афіцыйнай старонцы еўракамісара ў інтэрнэце.

«У той жа час мы шукаем шляхі для развіцця дыялогу з уладамі ў Мінску ў рамках нашай палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння, а таксама працягваем рабіць упор на ініцыятыву „Дыялог аб мадэрнізацыі“, якую мы заснавалі з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі», — сказаў Фюле.

Паводле яго слоў, 2013 год стане вырашальным для Усходняга партнёрства. «Рашэнні, якія будуць прынятыя на лістападаўскім саміце ў Вільнюсе, вызначаць далейшыя крокі, — сказаў Фюле. — Я не магу не падкрэсліць важнасць і неабходнасць правядзення ўзгодненых рэформ, калі мы наважаныя паглыбляць нашы адносіны і разам рухацца на наступны ўзровень. Еўрасаюз усведамляе сваю адказнасць, але асноўны цяжар ляжыць на нашых партнёрах».

Сярод абавязацельстваў ЕС Фюле назваў падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Украінай, правядзенне фінальных перамоў па падрыхтоўцы аналагічных пагадненняў з Малдовай, Грузіяй і Арменіяй, заключэнне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Арменіяй і Азербайджанам.

Нагадаем, сесія Еўранеста праходзіла ў Бруселі 28–29 мая. Дэпутаты Еўрапарламента і краін — членаў Усходняга партнёрства абмеркавалі шэраг пытанняў, у тым ліку сітуацыю ў Беларусі. Ад Беларусі ў пасяджэнні Еўранеста ўдзельнічалі толькі прадстаўнікі апазіцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?