23 жнiўня народнаму паэту Беларусi Пiмену Панчанку споўнiлася б 90 гадоў.

«Што даты? Гэта толькi вехi Гiсторыi», — пiсаў у свой час паэт. Ён вельмi любiў жыццё. Ды не проста iснаваў, а вiраваў у гэтым жыццi. Пiсаў, тварыў, кахаў, любiў i ненавiдзеў. Быў шчодры для сяброў i бязлiтасны да ворагаў. Ён быў прагны да ўсяго светлага, да блiзкiх. …I з сабою Пiмен Панчанка забраў усiх сваiх блiзкiх. Праз нейкi час пасля яго смерцi памерлi i яго дзецi: Таццяна i Андрэй. Затым пахавалi i жонку паэта Зою Кiрылаўну. Яны, дзелячы радасцi i няшчасцi, пражылi разам усё жыццё. Разам i адышлi ў iншы свет. Можа, так яно i трэба было.

Бо, як пiсаў сам Пiмен Емяльянавiч:

    I дзе мяжа памiж «было» i «ёсць»,
    I дзе ты — гаспадар, а дзе ты — госць?

***

Андрэй Панчанка: «Дзед сказаў, каб вершы я больш не пiсаў…»

Карэспандэнт «Народнай волi» напярэдаднi юбiлею Пiмена Емяльянавiча Панчанкi пагутарыў з унукам народнага паэта Андрэем. …У кватэры ўнука Пiмена Панчанкi — у самым разгары рамонт, што ў пэўнай ступенi адпавядае паняццю «творчай абстаноўкi», якая спрыяе шчырай размове аб паэзii i не толькi аб ёй.

— Андрэй, якiя сёння ўспамiны ў Вас пра дзеда? — пачынаем мы гутарку.

— Здаецца, што гэта было так даўно… Жылi мы ўвесь час разам, раней кватэра была на вулiцы Янкi Купалы насупраць цырка. У нас вокны выходзiлi на цырк. Успамiнаецца таксама, што дзед у адрозненне ад iншых паэтаў i пiсьменнiкаў заўсёды браў мяне i сваю жонку, маю бабулю, з сабой у Маскву на розныя пiсьменнiцкiя з’езды. Мне тады было гадоў сем‑восем. Памятаю, мы тады яшчэ ў купэ з Iванам Мележам ехалi. Я ехаў, бабулька i дзед. Сялiлiся ў гасцiнiцы «Масква», дзед iшоў па сваiх пiсьменнiцкiх справах, але пасля прыходзiў, саджаў нас у чорную шыкоўную машыну i вёз на экскурсiю па Маскве. Без чаргi пускалi паглядзець на Ленiна — вось гэта я добра памятаю. А яшчэ Пiмен Емяльянавiч вельмi любiў футбол.

— Хадзiў на стадыён?

— Не толькi сам хадзiў, але i мяне з сабой браў. Вершы пiсаў пра футбол. Увесь свет аб’ездзiў, i калi быў у Англii, то нiводнага разу не прапускаў, каб паглядзець там матч на стадыёне. Дзед расказваў, што нават уцякаў ад «таптуноў» з дзяржбяспекi, якiя хадзiлi за iм. Уцячэ — i на «Уэмблi».

— А куды яшчэ Вас вазiў Пiмен Емяльянавiч?

— На лецiшча ў Каралiшчавiчы. Ехалi туды я, мая родная сястра Ксюша i яшчэ адна ўнучка, дачка майго дзядзькi Андрэя — Каця. У дзеда i бабулi было толькi двое дзяцей — мая мацi Таццяна i малодшы сын Андрэй. Апошняга ён больш любiў, чым мацi. Характар у яе быў занадта яршысты. А вось унукаў любiў усiх. Пастаянна вазiў нас адпачываць у Каралiшчавiчы (гэта пад Мiнскам па Брэсцкай шашы), дзе знаходзiўся Дом творчасцi Лiтфонду i дзе ў дзеда быў асобны фiнскi дом, у якiм мы маглi жыць усё лета. Раней там была паляўнiчая гаспадарка чэкiстаў. Але гэтая «фазэнда» не была ўласнасцю дзеда, ён наогул да гэтага быў раўнадушны…

— Гэта як?

— А так, што дзед нiколi не хадзiў нiкуды, каб выбiць для сваёй сям’i кватэру цi што‑небудзь яшчэ. За кагосьцi мог папрасiць, але толькi не для сябе. Памятаю, што бабуля, Зоя Кiрылаўна, казала неяк яму: «Схадзiў бы ты да Машэрава наконт кватэрнага пытання, вы ж, лiчы, сябры з iм…» (Дарэчы, я вучыўся ў адным класе з унучкамi Пятра Мiронавiча Машэрава Кацькай i Аленкай). «Ты разумееш, што кажаш?!» — павышаў тады голас дзед. Усе кватэры ў нас атрымлiвалiся па чарзе. А дзед жа быў членам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета! Мы ўсе былi прапiсаны ў кватэры на Пулiхава, хоць, шчыра скажу, на беднасць скардзiцца не маглi. Па тых часах ганарары дзед атрымлiваў прыстойныя, ён кармiў усю сям’ю.

— Расказвалi, што Пiмен Емяльянавiч вельмi любiў сваю ўнучку Ксюшу…

— Магчыма, гэта ж яго самая малодшая ўнучка. Але ж, паўтаруся, з любоўю ён ставiўся да ўсiх унукаў. Гэта на бабулю дзед мог i накрычаць, але на нас голас ён не павышаў. Праўнука свайго Сашку, нашага сына, вельмi любiў. Каця нарадзiла Пiмену Емяльянавiчу праўнучку Насту, мая сястра Ксюша — Марту. А тут — адзiны праўнук!

— А калi Ваша сястра з’ехала ў Германiю?

— Гады чатыры таму, пасля смерцi бабулi. Яна ў свой час выйшла замуж за мiнчанiна, тут асаблiва нiдзе не працавала, хоць i аб’ездзiла ўсю Еўропу. Яе хлопец ганяў машыны з Еўропы, яна там нейкiм чынам таксама яму дапамагала. Праз нейкi час з мужам развялася, з’ехала ў Германiю i выйшла замуж за немца.

— Праўда, што Ксенiя нейкi час танцавала ў розных нямецкiх клубах?

— Нават i не ведаю. Пасля таго, як яна пераехала ў Германiю, асаблiвых стасункаў з сястрой я не маю. Ведаю, што яе муж там працуе, 33‑гадовая Ксюша займаецца хатняй гаспадаркай. Месяц таму ў яе нарадзiўся сын Мiкiта.

— Андрэй, а Вы памятаеце апошнiя днi жыцця Пiмена Емяльянавiча?

— Натуральна, мы ж пастаянна былi побач з iм. Жылi асобна, але лiтаральна кожны дзень я прыязджаў да дзеда. Быў нават такi момант, калi прыехалi, а Пiмен Емяльянавiч ужо ледзь дыхаў, хоць i быў у прытомнасцi. Я зайшоў з сябрам, там была яшчэ мая мацi. I тут бабуля пачала крычаць, мацi таксама вохкае i бегае вакол ложка. А ў дзеда ўжо i сэрца не б’ецца. Праверыў пульс — няма. Пачаў рабiць штучнае дыханне, масаж сэрца, глядзiм — заварушыўся праз некалькi хвiлiн. Яшчэ праз нейкi час прыязджаюць урачы. Дзед хрыпiць, а ў яго пытаюць: «На што скардзiцеся?» Як кажуць: i смех i грэх. Дзед наогул не любiў урачоў i не падпускаў да сябе iх блiзка. Была толькi адна медсястра Люся, якой ён дазваляў рабiць сабе ўколы. А так дзеда перыядычна клалi ў бальнiцу. I да канца сваiх дзён ён быў у прытомнасцi, пазнаваў праўнука. Усё расказваў нешта яму, хоць таму было яшчэ тры гады… Дзед наогул любiў нешта расказваць i бываць у кампанiях пад чарку i скварку. Пiмен Емяльянавiч вельмi любiў каньяк «Белы аiст» i армянскi трохзоркавы. А госцi ў яго былi заўсёды. Сам асаблiва не пiў, але заўсёды частаваў сяброў. Кебiч, здаралася, заходзiў у госцi…

— А днi нараджэння Пiмен Емяльянавiч любiў адзначаць?

— Любiў, што ў гэты дзень збiралася ўся сям’я. Сумаваць не даводзiлася. Анатоль Вярцiнскi пастаянна заходзiў, Сяргей Законнiкаў… Зоя Кiрылаўна дапамагала дзеду да апошняга — да 2 красавiка 1995 года, калi ён i памёр. Памятаю тады на пахаванне дзеда ў Дом лiтаратара i Аляксандр Лукашэнка прыходзiў — тады ён яшчэ не цураўся народных паэтаў. Сёння вось думаю: слава Богу, што дзед не дажыў да таго часу, калi змянiлi нацыянальную сiмволiку. Дакладна памёр бы раней часу.

— Як бабуля перанесла страту мужа?

— Трымалася, разам з ёй заставалася жыць мая сястра Ксенiя са сваёй дачкой Мартай. Мы пастаянна наведвалiся, каб падтрымаць. Але хутка пасля смерцi дзеда на яе навалiлiся i яшчэ два горы. Бабулi давялося пахаваць не толькi мужа, але i сваiх дзяцей. Спачатку ў 2000‑м годзе памерла мая мацi, ёй быў усяго 51 год. Мы пераязджалi на iншую кватэру, мацi заставалася ў прададзенай, каб разгрэбцi рэчы. Нечым ударылася, казала, што звалiлася з табурэткi. Адвезлi ў бальнiцу, там сказалi, што пашкоджаны ўнутраныя органы, неабходны лекi. Лекi знайшлi, перадалi… А пазней аказалася, што на той момант, калi ўрачы забiралi лекi, мацi ўжо i не было ў жывых. Праз год пахавалi i малодшага сына Зоi Кiрылаўны, 49‑гадовага Андрэя. Сказалi, што сардэчны прыступ — проста лёг спаць i не прачнуўся. Бабулi нялёгка было ўсё гэта перанесцi, але яна заўсёды ў самыя складаныя моманты жыцця старалася не кiдацца ў адчай, а знаходзiла нешта такое, дзеля чаго i каго можна было жыць. Калi хварэў дзед, яна не адыходзiла ад яго. Пасля смерцi Пiмена Емяльянавiча перакiнула ўвагу на нашага сына. 13 сакавiка памерла мая мацi, але за два тыднi да гэтага нарадзiлася дачка ў Ксенii, i бабуля пераключылася ўжо на тую праўнучку. Адным словам, яна ўсё сваё жыццё не апускала рукi. А памерла ў 2003 годзе, дзед забраў да сябе ўсiх сваiх самых блiзкiх… Дзед з бабуляй ляжаць на Маскоўскiх могiлках побач, мама з дзядзькам Андрэем — крыху нiжэй. Пасля гэтага сястра з’ехала ў Германiю, Каця жыве ў Мiнску. Працуе бухгалтарам на адным з прадпрыемстваў, гадуе дачку‑прыгажуню.

— Андрэй, цi дапамагала Вам у жыццi тое, што Вы ўнук народнага паэта Пiмена Панчанкi?

— Ведаеце, я ж да жанiцьбы наогул насiў прозвiшча першага мужа мацi Бурунова i асаблiва нiколi стараўся не афiшаваць знакамiтае прозвiшча дзеда. Калi мы з будучай жонкай Iрынай прыйшлi ў загс, то там ледзь не аслупянелi. Жанiх — Буруноў, нявеста — Шэстак, а прозвiшча абодва бяруць — Панчанкi. У школе, безумоўна, ведалi, хто я такi, але настаўнiкi нават ацэнкi з‑за гэтага занiжалi. Казалi: «Дзед у цябе вядомы, выкараскаешся…» Ведаю, што i мацi мая ад гэтага вельмi пакутавала. Яна расказвала, што пастаянна «тыкалi» гэтым прозвiшчам, называлi «блатной» i гэтак далей. А зараз я працую ў РУП «Белдорцентр», i, калi даведваюцца нават незнаёмыя людзi, што маё прозвiшча Панчанка, перапытваюцца: «А паэт Пiмен Панчанка вам кiм даводзiцца?» — «Дзедам», — адказваю. Здараецца, што пасля гэтага нават аўтографы бяруць.

— Сыну свайму вершы Пiмена Емяльянавiча чытаеце?

— Бабуля пастаянна чытала. А зараз жа ведаеце, якiя дзецi — увесь час за камп’ютэрам, у Iнтэрнеце…

— Нiкому з родных паэта не перадаўся яго творчы дар?

— Не чуў пра гэта… Я спрабаваў нешта пiсаць, але больш для сябе. Праўда, аднойчы прынёс дзеду, як мне падалося, адзiн свой цудоўны «твор», той пачытаў яго, сумна паглядзеў на мяне i сказаў, бы той булгакаўскi Майстар паэту Iвану Бяздомнаму: «Не пiшы больш. Займiся ў жыццi той справай, да якой ляжыць душа». Я тады спачатку пакрыўдзiўся, а пазней, можа, нават праз гады, усё зразумеў. Паэзiя — гэта Божы дар, якi даецца толькi абраным. Аднаго хацення стаць паэтам мала. А дзед сапраўды быў Майстрам…

Запісаў Алесь Сівы

***

Сяргей Законнiкаў не толькi калега па цэху Пiмена Емяльянавiча, але яшчэ i яго сусед па пад'ездзе. Як кажуць, ёсць што ўспомнiць...

Пра суседства з паэтам

— З Пiменам Емяльянавiчам у мяне звязана вельмi шмат светлых хвiлiн, i гадзiн, i дзён, таму што ён доўгi час быў маiм блiзкiм суседам. Я жыў вышэй, на 9-м паверсе, а ён жыў на 3-м. I такая склалася сiтуацыя (яна нячаста бывае сярод людзей), што, жывучы ў адным пад'ездзе, мы з iм перапiсвалiся лiстамi. Не так часта, але лiставалiся рэгулярна. I нам было нават прыемна гэта рабiць.

Для мяне было важна хоць нечым дапамагчы паэту, якi ў апошнiя гады перад смерцю быў слабы здароўем. Хоць яму ўжо i цяжка было хадзiць, але ўсё-такi яму хацелася на сонейка. Я здабываў яму iнвалiдную каляску-самаходку ў Германii (шкада толькi, што Пiмен Емяльянавiч пакарыстаўся ёю толькi двойчы), на якой ён ездзiў да Свiслачы. Ен вельмi любiў хадзiць, калi мог яшчэ, па беразе ракi, любiў глядзець, як гуляе моладзь, любiў слухаць дзiцячы смех. Гэта я добра памятаю, таму што мы не раз там гулялi разам. Даводзiлася мне дапамагаць яму даставаць i замежныя лекi, якiя былi тады ў дэфiцыце. З 1988 года яго трэба было падтрымлiваць лекамi.

Пра еднасць Паэта з народам

Ля нашага дома на Пулiхава ўнiзе растуць дрэвы. З аднаго боку растуць бярозы, з другога — таполi i лiпы. I вось, значыцца, быў час, калi там, пад гэтымi дрэвамi стаяла лавачка. На тую лавачку садзiлiся звычайна бабулькi, адарваныя ад вёскi, якiя сёння жывуць у горадзе ў сваiх дзяцей. I вось карцiнка, якую я назiраў часта. Зоя Кiрылаўна, жонка паэта, выводзiць Пiмена Емяльянавiча на двор, на сонейка. Адразу ж бабулькi, як толькi той з'яўляўся на ганку, ажыўлялiся i крычалi: “Хадземце да нас!” Пiмен Емяльянавiч заўсёды iшоў да гэтых бабулек, i яны яму саступалi месца ў сярэдзiне. Ён уважлiва выслухоўваў сваiх суразмоўцаў, i яны яго вельмi любiлi слухаць. Размаўлялi пра ўсё. Пра свае горасцi, пра тое, што некаму няправiльна далi кватэру, у некага нi за што пасадзiлi сына. Пiмен Емяльянавiч выслухваў iх i казаў: “У свой час, калi я быў членам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР, натуральна, я б вам дапамог, а зараз, дарагiя мае прыгажунi, не маю такой магчымасцi. Адзiнае, што магу, дык гэта напiсаць”. I ён пiсаў за гэтых бабулек iх просьбы ў вышэйшыя iнстанцыi. Пiмен Емяльянавiч заўсёды быў рыцарам праўды.

Пра шчодрасць душы

— Жыў апошнiм часам Пiмен Панчанка ў асноўным на пенсiю. Яна была, можа, не такая i вялiкая, але ўсё ж такi пенсiя народнага паэта. Адзiнае што, калi здарыўся абвал грошай, Пiмен Емяльянавiч казаў, што ў яго згарэла сем тысяч рублёў. Але ён нiколi не шкадаваў грошай, быў вельмi шчодры чалавек. Выключна шчодры, як i яго жонка Зоя Кiрылаўна! Памятаю, калi за кнiгу “Дзе начуе жаваранак” Пiмен Панчанка атрымаў Дзяржаўную прэмiю СССР, мне, Генадзю Бураўкiну i iншым сябрам ён сказаў: “Хлопцы, я абавязкова вас паклiчу да сябе, каб адзначыць гэтую справу. I вам будзе невялiкi сюрпрыз, каб вы не казалi, што Панчанка зацiснуў гэтую прэмiю”. Што там, думаем, за сюрпрыз? Прыйшлi, распранаемся, дзверы ў залу спецыяльна зачынены. I вось, калi Пiмен Емяльянавiч расчынiў гэтыя дзверы, мы ўбачылi, што ўздоўж усёй сцяны выстаўлены цэлы рад дарагога каньяку “Напалеон”. 45 бутэлек! Кажа нам: “Ну што, зараз нiхто не скажа, што Панчанка скнара?”

Пра апошнiя днi Пiмена Панчанкi

— Пiмен Емяльянавiч пiсаў да апошняга дня, хоць да гэтага парываўся некалькi разоў кiнуць пiсаць вершы. Нават казаў мне ў лiстах: “Сяргей, больш вершаў не пiшу”. Разы чатыры было ў яго такое жаданне. У канцы 1980-х я тэлефаную яму, кажу: “Пiмен Емяльянавiч, няўжо Вы далi ўжо такую сур'ёзную клятву?” А той засмяяўся i адказвае: “Ты ведаеш, для цябе ў часопiс я ўжо падрыхтаваў некалькi вершаў, забiрай”.

У апошнi час ён у асноўным ляжаў на ложку, калi я заходзiў, саджаў мяне ў нагах, i мы гутарылi гадзiны паўтары. А так ён пастаянна слухаў Радыё Свабода, “Маяк”, чытаў шмат прэсы... Выпiсваў цэлыя стосы самых розных газет — i беларускiя, i расiйскiя, i замежныя, бо няблага валодаў мовамi. А вось тэлебачанне не любiў. Казаў, што гэта зло.

...У 1995 годзе ў мяне памерла мама. Праз нейкi час, у тым жа годзе, памёр i Пiмен Панчанка. Мама — гэта самае дарагое i святое для чалавека, але i ў гэтым горы смерць Пiмена Емяльянавiча маю душу таксама перавярнула.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?