У Расіі на майскія святы былі вялікія выхадныя. Фактычна, краіна гуляла ад 1 да 13 мая. Многія суседзі падаліся на канікулы ў Беларусь. Гэта стала феноменам для Беларусі: такі наплыў турыстам.

«Гэтых грошай у мяне навалам пакуль што»

Не заўважыць расейцаў у Мінску і іншых гарадах краіны было складана.

Госці адразу далі пра сябе знаць. Машыны з расійскімі нумарамі паркаваліся на пешаходных зонах і бардзюрах. Расейцамі кішэлі кавярні і супермаркеты. «Гэээтых грошай у мяне навалам пакуль што», — пачуў блогер Віктар Малішэўскі ў адным з магазінаў.

«Расейцаў была большасць, — кажа Вольга, адміністратар гатэля ў Нясвіжы. — Браніравалі розныя нумары: ад стандартных да віп-аў. Самы дарагі — прэзідэнцкія апартаменты, які каштуе 1 850 000 рублёў, — таксама быў заняты суседзямі з ўсходу».

«Турысты сталі больш выхаваныя»

«Я не вельмі люблю працаваць з расейцамі, бо яны заўсёды ставяцца да гаспадароў як да прыслугі, — расказвае гаспадыня аграсядзібы «Родны кут» Юлія Бука. — Праўда, адпачываў неяк турыст з Масквы, трэнер дзіцячай каманды. На Новы год ён даслаў нам паштоўку на беларускай мове, казаў, што вельмі ў нас спадабалася».

Андрэй, уладальнік сядзібы «Зарачаны» пад Пухавічамі, кажа, што апошнім часам турысты змяніліся. Маўляў, гэта ўжо не тыя расейцы, якія прыядзжалі колькі гадоў таму, яны сталі больш выхаваныя.

Гаспадары сядзібы «Лясная паляна» ля Астрашыцкага Гарадка таксама заўважаюць, што турысты ў гэты раз трапіліся вельмі пазітыўныя. Адна пара абавязкова збіралася на 9 мая ўшанаваць памяць загінулых і паехала ўскладаць кветкі да танка ў Астрашыцкі. «Расейцы глядзяць перш за ўсё, каб было камфортна, лазня, часта хочуць на конях пакатацца, сталіцу паглядзець. Казалі, вельмі падабаецца грамадскае харчаванне, бо тут трошкі танней, чым у іх».

«Чэкі «плавяцца» нулямі»

«У нас з пачатку мая пабывала даволі разнапланавая публіка, — каментуе афіцыянт бара «Бяссоніца» Юрый. — Ёсць вельмі культурныя госці, якім падабаецца адпачываць у Мінску. А некаторыя паказваюць, што яны з Расіі, і таму могуць быць гаспадарамі. Больш, напэўна, нахабных людзей, якія хваляцца тым, што яны маюць шмат грошай.

«Бяссоніца» — установа даражэйшая за сярэднюю, таму і ў мінскіх наведвальнікаў чэкі «плавяцца» нулямі. Увечары ж рахункі прыкладна аднолькавыя, але на абеды расейцы выдаткоўваюць значна большыя сродкі. Мінчукі абедаюць больш сціпла. Часцей замаўляюць гародніну і садавіну, удзень не п’юць алкаголь. Расейцы ж дазваляюць сабе больш ва ўсім.

Дзіўна, што ў месцы, дзе вялікі выбар напояў на любы густ, замаўляюць часцей гарэлку і піва. У мінчукоў жа зараз вельмі папулярныя віскі і ром».

«Фота з апошняй ў Еўропе дыктатуры»

Што тычыцца культурнай праграмы, то госці з Расіі цікавіліся ў першую чаргу славутасцямі сталіцы: наведвалі Плошчу Перамогі, Курган Славы, Музей авіяцыйнай тэхнікі ў Баравой, фатаграфаваліся ля Нацыянальнай бібліятэкі. Ездзілі ў Мірскі і Нясвіжскі замкі, а таксама музей-сядзібу Дудуткі.

Шмат хто цікавіўся і ваенным мінулым краіны — наведвалі мемарыяльны комплекс Хатынь, Лінію Сталіна, Брэсцкую крэпасць. Для аматараў падарожнічаць на машыне ўлюбёным месцам стала Белавежская пушча.

У інстаграме хэш-тэг (ключавое слова) #minsk быў запоўнены партрэтамі расейцаў на фоне славутасцяў беларускай сталіцы. Адзін карыстальнік папулярнай сацсеткі выклаў фота сябе любімага у Траецкім прадмесці і неўзабаве дадаў каментар: «У апошняй еўрапейскай краіне з дыктатурай, але для сталічнага горада тут вельмі чыста і ціха».

«Пыталі, чаму амаль не чуваць мовы»

Мінскі экскурсавод Андрэй Макаёнак, які вандраваў па сталіцы з расейскімі турыстамі, кажа, што госці паводзілі сябе даволі культурна і сціпла.

«Першай маёй групай былі студэнты з Масквы, — кажа Андрэй. — Даволі прыемныя людзі, якія цікавіліся нашай гісторыяй. З павагай ставіліся да ВКЛ, майго негатыўнага стаўлення да спадара Суворава і г.д. Жыхары расейскай сталіцы нават выказалі спачуванне, што Мінск пераўтвараецца ў нейкую маленькую Маскву: яны вельмі «красамоўна» апісвалі новы «дом Чыжа», што ў Траецкім, а таксама хмарачос, што дабудоўваецца на Нямізе. Пыталі, чаму амаль не чуваць мовы, ставілі ў прыклад Кіеў.

Другімі былі студэнты з Тулы. Вельмі адрозніваліся ад масквічоў. Мінск іх уразіў, казалі: «Амаль як у Еўропе». Не зразумелі прыгажосці нашай Нацыянальнай бібліятэкі. Былі сярод іх і асобы, якія ўсё ж спрабавалі неяк паздзекавацца з мовы, але ж гэты адзіны выпадак і казаць пра нейкую павальную непавагу нельга».

З гандлёвых цэнтраў больш за ўсё расейцы ўпадабалі «Сталіцу». Сувеніры набывалі і ў новых крамках, што на Саборнай Плошчы. Цікавіліся пераважна тымі рэчамі, што былі выкананыя на беларускай мове.

«Магу сказаць, што тое пакаленне расейцаў, што расце цяпер і што прыязджае да нас, — гэта пераважна людзі культурныя і прыемныя, — падводзіць вынік Андрэй Макаёнак. — Адваротныя прыклады — гэта тыя, каму ўжо за 30—40, якія маюць грошы. Такія людзі прыклады непавагі, пантоў, хамства і нахабства. Прытым жанчыны сябе паводзяць значна горш за сваіх спадрожнікаў-мужчын».

Расейцы пішуць

(каментары узятыя з сацсетак, форумаў у інтэрнэце):

«У Мінску мы не ўбачылі ніводнага кіёска з півам, цыгарэтамі, ніякіх забягалавак, тыпу шаўрмы, хот-дога і іншых гадасцяў. Усё проста і як быццам 20-25 гадоў таму пры Саюзе. На будынках серп і молат з мазаікі, прасторныя ходнікі і свабодныя кавалкі зямлі засеяны травой і кветкамі, а не тратуарнай пліткай. Ніякіх выродлівых шкляных будынкаў у 40—50 паверхаў. І што б там ні казалі пра беларусаў, я скажу так: вельмі мілыя, гасцінныя і чамусьці ўсе з выдатным пачуццём гумару людзі».

«Прыгожыя куткі прыроды ля азёр, якія нікім не захопленыя. Бяры і будуй сабе домік. У нас усё ўжо расцягнута на лапікі і знайсці нешта для сябе складана. Я б да вас пераехаў на пенсіі, калі захаваеце такі запаведнік да гэтага моманту».

«Вельмі спадабаўся стан дарог, чысціня ў гарадах, якасць прадуктаў (асабліва піва). Усюды працуюць казіно і аўтаматы. Бензін, які купляецца ў нас, каштуе танней, чым у Расіі, гэта як?! У Мінску ўсе едуць 60 кіламетраў у гадзіну, амаль ніхто не парушае правіл. Над палямі буслы лётаюць. Карацей кажучы, для заМКАДыша, які працуе ў Маскве, — культурны шок».

«Насамрэч у Беларусi спадабалася амаль усё. Акрамя расейцаў з маскоўскімі нумарамі — вось ужо сапраўды дзікія людзі».

Беларусы пішуць

«Учора прастаяў у «Гіпа» на Лагойка 30 хвілін у чарзе. З дзіцем. Расейцы з каляскамі бралі гарэлку і каўбасу (мабыць, аўтобус турыстычны). Цікава, навошта?»

«Калі ў госці — то заўсёды рады. Адчувайце сябе як дома, але не забывайце, што вы ў гасцях».

«Ды якая розніца, хто ёсць хто — браты, сваякі і іншае. Не трэба глядзець на гасцей як на ворагаў. Дзякуючы турыстам будзе развівацца і наша краіна. Вось толькі сапраўды хочацца ад расейцаў больш павагі. Няхай у нас іншае жыццё, але гэта наша жыццё. І краіна наша завецца БЕЛАРУСЬ».

«Гаспадары прыехалі аглядаць свой паўночна-заходні край».

«Няхай едуць. Ужо яны дакладна падтрымаюць лозунг «Купляйце беларускае!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?