Азоўскае мора — добрае месца для адпачынку. Тут, у параўнаньні з Крымам, таньней і ня так тлумна. Адно што цалкам адпачыць ад беларускай рэчаіснасьці на ўсходзе Ўкраіны не атрымаецца.
Мэталюргічна‑курортная сталіца
Як толькі цягнік Менск — Марыупаль прыходзіць на канцавы пункт, у галаву прыходзіць пытаньне — як тут жывуць людзі? Паўмільённы горад патанае ў дыме, што безупынку ідзе са шматлікіх заводзкіх трубаў. Уявіце сабе Горадню, па краёх застаўленую пяцьцю‑шасьцю «Азотамі», ды яшчэ колькі «Азотаў» у цэнтры. Мясцовы мэталюргічны гігант — завод імя Ільіча, на якім працуе 30 тыс. чалавек, мае калясальны ўплыў на эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну. Акрамя працоўных месцаў гэта й выкупленыя калгасы, пераўтвораныя ў аграцэхі, гіганцкая гандлёвая сетка «Ільіч‑маркет», бясплатныя аўтобусныя маршруты для рабочых ды пэнсіянэраў, безадсоткавыя ды ільготныя крэдыты для пэрсаналу прадпрыемства. Выдаецца 50‑тысячным накладам газэта «Прыазоўскі рабочы». Хіба толькі ў турыстаў выклікае ўсьмешкі шыльда на гарадзкой аптэцы «Ільіч‑фарм».
Зайздроснымі тэмпамі тут разьвіваецца прыватная ініцыятыва: крамкі і гандлёвыя цэнтры, рэстарацыі і кавярні, кірмашы і кірмашыкі, пункты пракату і мноства рэклямы.
Марыупаль — мэталюргічная сталіца Ўкраіны. Акрамя ўсяго ён мае яшчэ й курортнае значэньне. Аднак адпачынак у такім месцы адразу ж падаўся сумнеўным, асабліва яго курортны складнік. Таму кіруемся ў рыбацкае сяло Шырокіна, што ў 25 км ад Марыупалю.
Ад бараку да гатэлю
Шырокіна — нерасьпешчанае турыстамі сяло, таму мясцовыя жыхары прапануюць неблагое па коштах і камфорце жытло. Часьцей за ўсё гэта летняя хатка ў двары, але ўсё больш зьяўляецца збудаваных з сылікатнай цэглы буданчыкаў, што зьнешне нагадваюць хлявы ў нашых аграгарадках.
У адным пакоі месьціцца колькі ложкаў (у разьліку на сям’ю) ды невялікі стол. Прыбіральня, як правіла, на двары, як і душ, у якім вада награецца ад сонца. Гатаваць даводзіцца на агульнай кухні. Каштуюць такія памяшканьні ў залежнасьці ад адлегласьці да мора ад 3 да 5 даляраў з чалавека за суткі. Для мясцовых адлегласьць да пляжу ў кілямэтар — нерэальная для нармалёвага бізнэсу далечыня.
Можна знайсьці гаспадароў, што здаюць пакоі ва ўласным доме. Увогуле, турысты — ці не адзіная крыніца падтрыманьня дабрабыту мясцовых жыхароў, асабліва пэнсіянэраў.
Ёсьць у Шырокіне й гатэль з рэстаранам, басэйнам, кандыцыянэрамі ды стрыптыз‑шоў чатыры разы на тыдзень. Спыніцца ў ім каштуе ад $40 за суткі, на шыльдзе — чатыры зоркі. Ёсьць і таньнейшыя варыянты — мясцовыя пансіянаты ды камфартабэльныя міні‑гатэльчыкі проста на беразе мора.
Зь мясцовых адметнасьцяў можна вылучыць нядаўна збудаваную цэркаўку, музэй народнага мастака Ўкраіны Міколы Ясіненкі, разьмешчаны ў мясцовай школе, а таксама маляўнічыя ўзгоркі на беразе мора. Паводле мясцовай легенды, на адным зь іх Аляксандар Пушкін пісаў казку «Пра рыбака і рыбку». Нават помнік мерацца ўсталяваць.
Мора‑балота
«Ажно зь Беларусі? І варта было ехаць у такую далячынь дзеля нашага балота?» — дзівіцца цётка, у якой мы хочам арандаваць пакой. «Мора тут нецікавае — гарачае, неглыбокае, асьвяжыцца толкам немагчыма», — наракае загадчыца мясцовае турбазы. Мора ж, сапраўды, вельмі цёплае, неглыбокае, пры беразе ногі трохі грузнуць у глеі, які лічыцца вельмі карысным. Тут можна прайсьці паўкілямэтра ад берагу і не схавацца па пояс у вадзе.
Азоўскае мора самае неглыбокае ў сьвеце — максымальная глыбіня трохі перасягае 14 м. Вада на 5 градусаў цяплей, як у Крыме. Яна добра трымае на паверхні, хоць амаль несалёная, праз што ў гарачыню яе з ахвотай п’юць сабакі. Высокія хвалі тут нячастыя госьці. Усё разам гэта робіць мясцовыя курорты асабліва прывабнымі для сем’яў з малымі дзеткамі ды пэнсіянэраў. Апошнія часта любяць нагадваць: каб ня мора зь яго глеем ды гарачае паветра, даўно б парылі яны зямельку. Таму хутка перастаюць дзівіць сталыя дзядзькі, а то й бабулі, з галавы да ног перапэцканыя ў тарфянога колеру глей.
Рэшта цукеркамі
Асартымэнт пасялковых крамак дазваляе правесьці адпачынак без вылазак у горад. Тут працуе прынцып — чым далей ад мора, тым таньней. У цэлым кошты параўнальныя зь беларускімі. Можна ўволю паласавацца таньнейшым, як у нас, печывам, марозівам ды садавіной, аматараў піва пацешыць багацьце асартымэнту й адносная недарагавізна ўкраінскага пеннага напою. Можна пабачыць прадукцыю берасьцейскага «Санта Брэмар», хоць прысутнасьць яе ў старым рыбацкім паселішчы ў першую чаргу дзівіць, а ўжо пасьля выклікае пачуцьцё гонару.
Вады з‑пад крану тут ніхто ня п’е, бо яна гарчэйшая, чым у моры. Па пітную ваду ідуць у краму, дзе яе прадаюць у пляшках, пакетах ды на разьліў. У самым скрайнім выпадку ваду бяруць у калодзежы.
Дзяржаўны гандаль адсутнічае, а яго занядбаныя будынкі займае ўсюдыісны «Ільіч».
На мясцовым кірмашы нам прапаноўваюць харч, вопратку, посуд, касмэтыку ды гігіенічныя сродкі, а таксама прэсу — спрэс «жоўтую». Найперш цікавімся таннай садавіной і рыбай. Ад апошняй гандляркі безь перадыху ганяюць мухаў. Тыя лятуць на печыва, якое ніхто не ахоўвае. Ад гэтага здаля падаецца, што ўсе гатункі печыва тут з разынкамі.
У адной з крамак прадавачка выдала рэшту цукеркамі‑шыпучкамі, па 10 капеек за кожную. Папярэдзіла — захоўвайце да наступнага візыту, калі што — разьлічымся.
Пры кожнай краме знаходзіцца імправізаваная альтанка, дзе ўдзень можна перачакаць гарачыню, а ўвечары падсілкавацца шашлыком, піццай ды варанымі ракамі. Або смачным украінскім баршчом ды адбіўнымі, якія прыгатуюць тут жа, пры кліенту.
Эстафета культуры і труда
Калі вы маеце на мэце адпачыць ня толькі фізычна, але й на колькі тыдняў забыцца на нашую рэчаіснасьць, цалкам увасобіць гэтае жаданьне на ўсходзе Ўкраіны не атрымаецца. Мясцовыя жыхары ў большасьці размаўляюць па‑расейску ці на трасянцы. Свае грошы называюць ня грыўнамі, а рублямі. Шыльды з назвамі вуліцаў часьцяком напісаныя на расейскай мове, як і ладная частка рэклямы. Па‑ўкраінску аформленыя бігборды з прэзыдэнтам Юшчанкам, які заклікае адмяніць дэпутацкую недатыкальнасьць, а таксама з рэклямай Samsung. Зусім як у нас у глянцавых часопісах на роднай мове рэклямуецца прадукцыя Bosch ды той жа Samsung.
Над праспэктам Мэталюргаў у Марыупалі расьцяжка ў савецкім стылі ўслаўляе чалавека працы, а ў Шырокіне ад рукі намаляваная афіша запрашае паўдзельнічаць у «эстафэце культуры і труда». Пэнсіянэры ганяць свайго прэзыдэнта і моляцца на нашага, які й калхозы не разагнаў, і парадак у краіне навёў. Пры гэтым старыя езьдзяць у бясплатных аўтобусах, ды маюць ільготы на гарадзкі транспарт.
«Была я ў Беларусі, у Грозным…»
Нашая гаспадыня неяк увечары перахапіла нас на парозе, пасадзіла на лаву ды пачала распытваць пра Беларусь ды Менск. «Была я ў вас некалі, рыбу зь семкамі ды алеем прадавала. Памятаю, мяжу перасякалі ці то ў Гомелі, ці не, у Грозным…» — дзеліцца ўспамінамі кабета. Пра падзеі ў Беларусі тут ведаюць мала. Лукашэнка па‑ранейшаму наш самы вядомы брэнд. Але ня ўсе да яго ставяцца адназначна прыязна — жанчына ў цягніку ў часе адной такой размовы ўзгадвае Сталіна ды рэпрэсіі.
Толькі мы самыя
У бюлетэні, прысьвечаным пэрспэктывам самакіраваньня, вычытаў, што дзякуючы высілкам мясцовай улады Марыупаль атрымае больш за чатырыста сьмецьцевых кантэйнэраў ды спэцтэхніку. Вываз сьмецьця — надзвычай балючае пытаньне як для гораду, так і для навакольных паселішчаў. Гэта адзін з істотных мінусаў, што моцна адбіваецца на стане турызму.
Сьмецьце раскіданае паўсюль — на вуліцах, пляжах. На высокай туі побач з пасялковым клюбам ад Новага году матляюцца выгарэлыя ўпрыгожаньні. Пытаньне ня столькі ў адсутнасьці сьметніцаў, як у культуры месьцічаў. Маладзён на вакзале кідае недапалак побач з пустой сьметніцай, тут жа сталыя кабеты лузгаюць семкі пад ногі. «Мы звыклі да таго, што нам нехта павінен усё зрабіць — адрамантаваць дарогу, усталяваць сьметніцу. Гэты нехта — дзяржава, улады, ці ўласьнік крамы, але толькі ня мы самыя. Але парадак павінен наступіць у нашых галовах, толькі мы самыя, арганізаваўшыся, здольныя зьмяніць нашае жыцьцё, зрабіць яго больш утульным», — піша прыхільнік самакіраваньня ў бюлетэні.
Аднак, як бы не палохалі горы сьмецьця навокал, мора і навакольныя краявіды, гасьцінныя людзі кампэнсуюць усё. Пакідаючы гэтае ласкавае мора‑балота, ці хутчэй мора‑возера, застаесься пры сваёй адвечнай зайздрасьці да жыхароў краёў, якіх лёс надзяліў морамі ды горамі.
На ўзьбярэжжы |
Шырокіна здаўна вядома як рыбацкае паселішча |
Утульны і амаль бязьлюдны пляж у Шырокіне |
МадэрНовая царкоўка ў Шырокіне |
Пасялковы дом культуры ў Шырокіне |
Помнік рыбакам у Шырокіне |
Сучасны Марыупаль |