Паседжанне прэм’ераў афіцыйна адбудзецца 31 мая, але фактычна, на думку выканаўчага сакратара Садружнасці Уладзіміра Гаркуна, саміт пачаўся сёння.

Большая частка ўдзельнікаў сустрэчы ўжо ў Менску, а кіраўнікі некаторых дэлегацыяў праводзяцьдвухбаковыя перамовы.

Уладзімер Гаркун на просьбу «Свабоды» прывёў раскладку кіраўнікоў дэлегацыяў паводле пасадаў. На саміце будуць шэсьць прэм’ераў, у тым ліку расейскі, украінскі, казахстанскі, два першыя намесьнікі прэм’ераў і два — намесьнікі. А вось Малдова абмежавала сваё прадстаўніцтва рангам віцэ-міністра замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі. Адначасова з самітам у Менску пройдзе і Форум дзелавых людзей СНД.

Нават сустрэча бізнэсоўцаў ня ўздыме цікавасьці да СНД, — упэўнены эканаміст Леў Марголін: «Тое, што, прынамсі ад Беларусі, тут будуць прысутнічаць прыдворныя прадпрымальнікі ці тыя, каго туды накіруюць па разнарадцы, — гэта адназначна.
Думаю, што і зь іншых краін будуць пераважна бізнэсоўцы, якія ўжо працуюць у Беларусі.

Дакумэнты, якія падпісваюцца ў рамках СНД, ператварыліся ў такую звычку, якую трэба падпісаць штогод. Пра сапраўднае стаўленьне да СНД сьведчыць той факт, што Малдову на саміце прадстаўляе толькі намесьнік міністра. Гэта, я лічу, сумленная пазыцыя. Дый прадстаўніцтва віцэ-прэм’ераў шмат пра што кажа. СНД — такая рэч, якую і несьці цяжка, і кінуць шкада. Вось таму і доўжыцца гэта ўсё з году ў год».

З кім будзе сустракацца на двухбаковым роўні кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Мясьніковіч? Выканаўчы сакратар СНД на гэтае пытаньне адказаў так: «Я ня думаю, што я выдам нейкія сакрэты. Я ведаю, што будуць двухбаковыя сустрэчы нашага прэм’ера з кіраўнікамі дэлегацыяў Украіны, Таджыкістану, Армэніі і, безумоўна, Расейскай Фэдэрацыі».

Дарэчы, самалёт зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым прылятае ў Менск заўтра апошнім. Магчыма, прычына тут аб’ектыўная — расклад палётаў, — заўважае палітоляг Алесь Лагвінец:

«Але іншая рэч — звыклыя паводзіны расейскіх кіраўнікоў: спазьняцца. Асабліва калі справа ідзе аб краінах СНД. Вядомыя зацяжныя спазьненьні Пуціна на сустрэчы з прадстаўнікамі СНД. Таму на гэта можна глядзець і ў рэчышчы агульнай культуры расейскай дыпляматыі, расейскіх кіраўнікоў.

І яшчэ адно пытаньне: наколькі СНД важная для Расеі? Мне падаецца, што для Расеі Садружнасьць так ці інакш застаецца важнай. Ніхто па сутнасьці і не аспрэчвае ўплыў і ролю Расеі ўнутры СНД. Таму, калі гэта ўсё скласьці, то і атрымліваецца, што расейцы прыяжджаюць апошнімі».

Упершыню менскі саміт пройдзе ў пяцізоркавым «Прэзыдэнт-гатэлі», пабудаваным на месцы зьнесенай савецкай гасьцініцы «Кастрычніцкая», насупраць рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Кожнаму кіраўніку дэлегацыі адведзеныя трохпакаёвыя апартамэнты агульнай плошчай 140 квадратных мэтраў.

Харчавацца высокапастаўленыя чыноўнікі будуць у рэстарацыі «прэміюм-клясы», на самым версе будынка. Падымацца туды яны будуць на адмысловым ліфце для VIP-пэрсонаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?