і адчувае ў Нясьвіжы страшную ізаляцыю.

Насту Азарку — нясьвіскую актывістку незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт» — пачнуць судзіць 4 верасьня ў судзе Нясьвіжа. Паседжаньне будзе адкрытым. Наста абвінавачваецца ў «дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Паводле часткі 1.193 артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі, дзяўчыне пагражае да двух гадоў зьняволеньня.

Настасьсі — 25 гадоў. Яе неаднаразова затрымлівалі міліцыянты. Дзяўчына страціла працу й з апошніх грошаў сплачвала штрафы, якімі каралі актывістку за распаўсюд улётак, правядзеньне акцый. Вялікія праблемы ў Насты з бацькамі — яны не падтрымліваюць яе дзейнасьці. Дарэчы, крымінальная справа па такім жа артыкуле на Насту Азарку была заведзеная яшчэ ў мінулым годзе, але справу прыпынілі. Падчас нашай гутаркі Наста ўвесь час плакала й выглядала вельмі разгубленай.

«Мне ўсё абяцаюць, але рэальнай дапамогі я так і ня бачыла», — кажа Наста Азарка.

Н.Азарка: На той момант, калі ў мінулым годзе на мяне была заведзеная такая ж крымінальная справа, я нідзе не працавала, нідзе не вучылася, таму нічога й не страціла. У прынцыпе, я яшчэ ў мінулым годзе ім казала, што яны мне нічым не дапамогуць. Калі прапанавалі вучобу, мне трэба было б працаваць, каб аплачваць вучобу. Каб я змагла працаваць, патрэбна было знайсьці жытло ў Менску, бо тут, у Нясьвіжы, на той момант я не магла знайсьці працу, мяне адусюль проста выпіралі.

Настаўніца пачатковых клясаў паводле адукацыі, Наста вымушаная працаваць рабочай на ільнозаводзе. І нават гэтую працу дзяўчына знайшла толькі з дапамогай мясцовых міліцыянтаў.

Н.Азарка: Мне давялося пайсьці ў міліцыю, бо там ёсьць адзін добры чалавек, які сказаў, што калі мне будзе патрэбная праца, то ён мяне ўладкуе. Ён мяне ўладкаваў, і зараз я працую — я вельмі яму ўдзячная. У гэтым годзе мне ніхто нічога не прапаноўваў. На працы пра ўсё ведаюць стараньнямі нашых кдбэшнікаў. На працу прыйшла папера аб тым, каб кантралявалі ўсе мае заявы па днях, калі я пішу заявы на адгулы. Я вельмі ўдзячная маім калегам за тое, што яны ні аб чым не пытаюцца. Маўклівая падтрымка.

Зараз Насьце вельмі патрэбная маральная дапамога. З часу, як была паўторна заведзена крымінальная справа, да дзяўчыны прыяжджалі толькі сьледчыя.

Нагадаю, што ў Шклоўскай калёніі пакараньне пазбаўленьнем волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі адбывае лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч. У траўні па гэтым жа артыкуле судзілі пяцёх менскіх маладафронтаўцаў. Тады суд пакараў актывістаў штрафамі й папярэджаньнямі. «Малады Фронт» некалькі разоў спрабавалі зарэгістраваць, але Міністэрства юстыцыі заўсёды знаходзіла падставы для адмовы.

Марыя Кароль, для Беларускай службы Польскага радыё

Калі хто хацеў бы паехаць у Нясьвіж да Насты Азаркі, кантакты можна атрымаць у Рэдакцыі: праз э-адрас [email protected] і тэлефоны (017) 284-73-29, (029) 707-73-29, (029) 613-32-32.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0