Фота Сяргея Зiнiна.

Фота Сяргея Зiнiна.

31 мая ў сувязі з правядзеннем пасяджэння Рады кіраўнікоў урадаў краін СНД у цэнтры Мінска будзе абмежаваны рух, паведамілі ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Да вечара 31 мая будзе часткова абмежаваны праезд, а таксама прыпынак і стаянка транспарту па вуліцах Кірава, Карла Маркса, Энгельса і Чырвонаармейская.

Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя просіць вадзіцеляў з разуменнем паставіцца да гэтых абмежаванняў і планаваць свой маршрут загадзя з улікам прадстаўленай інфармацыі.

* * *

Сёння ў Мінску пройдзе пасяджэнне Рады кіраўнікоў урадаў краін — удзельніц СНД. Чакаецца, што сустрэча пачнецца апоўдні. Членамі СНД з’яўляюцца 11 краін — былых рэспублік СССР, за выключэннем Латвіі, Літвы, Эстоніі і Грузіі.

Некаторыя ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы прыбылі ў Мінск напярэдадні. Гэта дэлегацыя Узбекістана на чале з першым віцэ-прэм’ерам Рустамам Азімавым, Малдовы — з намеснікам міністра замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Андрэем Паповым, Кыргызстана — з першым віцэ-прэмер-міністрам Джаамартам Атарбаевым, Азербайджана — з першым намеснікам прэм’ер-міністра Ягубам Эюбавым, Арменіі — з прэм’ер-міністрам Тыгранам Саркісянам і Таджыкістана — з прэм’ер-міністрам Акілам Акілавым.

Сёння ў Мінск прыбудуць дэлегацыі Туркменістана на чале з намеснікам старшыні Кабінета міністраў Анамухаметам Гачыевым, Украіны — прэм’ер-міністрам Мікалаем Азаравым, Казахстана — прэм’ер-міністрам Серыкам Ахметавым і Расіі — прэм’ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым.

Расійская дэлегацыя, паводле апублікаванага графіка, прыбудзе пазней за ўсіх, у 10.00.

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД пройдзе ў «Прэзідэнт-гатэлі», пабудаваным на месцы гасцінічнага корпуса «Кастрычніцкая» побач з Адміністрацыяй прэзідэнта. Афіцыйная цырымонія адкрыцця гатэля адбылася ў пачатку мая з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

На парадку дня сустрэчы прыкладна 30 дакументаў. У эканамічным блоку запланавана абмеркаванне пратакола пра прымяненне дагавора аб зоне свабоднага гандлю СНД ад 18 кастрычніка 2011 года. У прыватнасці, да дагавора выказаў жаданне далучыцца Узбекістан.

* * *

Форум дзелавых людзей дзяржаў — удзельніц Адзінай эканамічнай прасторы на тэму «ЕўразІйскі эканамічны саюз: чаканні бізнесу» пройдзе сёння ў беларускай сталіцы на пляцоўцы «Мінск-Арэны», паведамляе БЕЛТА.

У мерапрыемстве прымуць удзел кіраўнікі ўрадаў Беларусі, Казахстана і Расіі. Плануецца ўдзел амаль 600 прадстаўнікоў дзелавых колаў з краін — членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, у тым ліку вядучых кампаній і транснацыянальных карпарацый, кіраўнікі прадпрыемстваў.

У форуме таксама будуць удзельнічаць прадстаўнікі буйных расійскіх і казахстанскіх кампаній. У прыватнасці, запрошаны кіраўнікі Ашчаднага банка Расіі, банка ЗГБ, групы кампаній «Біятэк». Чакаецца прыезд дэлегацый з прыгранічных дзяржаў АЭП, у ліку якіх кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, палітычныя і грамадскія дзеячы, лідары вядучых прадпрымальніцкіх аб’яднанняў і саюзаў, прадстаўнікі гандлёва-прамысловых палат, міжнародных арганізацый, бізнесмены і эканамічныя аналітыкі.

Мэта форуму — умацаванне кааперацыйных сувязей ў АЭП, абмеркаванне праблемных пытанняў у сферы вядзення бізнесу ў Мытным саюзе. Адбудзецца пленарнае пасяджэнне з удзелам кіраўнікоў урадаў трэціх краін. Там будзе таксама кіраўніцтва Еўразійскай эканамічнай камісіі, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання і бізнес-супольнасці Беларусі, Расіі, Казахстана. Будуць працаваць тэматычныя секцыі па навуцы, інфармацыйных тэхналогіях, прамысловай кааперацыі, транспарту і лагістыцы, турызму.

Форум дзелавых людзей АЭП праводзіцца ўжо трэці раз, першыя два прайшлі ў 2011 годзе ў Маскве і 2012 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Такім чынам, закладваецца сістэма пастаяннага дыялогу, кантактаў бізнесу з урадамі сваіх краін.

Арганізатарамі форуму выступаюць Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў) Беларусі, Беларуская гандлёва-прамысловая палата сумесна з Міністэрствам эканомікі Белаурсі, а таксама іншымі арганізацыямі і ведамствамі рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?