22 мая Лукашэнка падпісаў указ, у якім кантраляванай Расіяй кампаніі «Газпрам Трансгаз Беларусь» прадпісваецца павялічыць ёмістасць Мазырскага і Прыбугскага падземных газавых сховішчаў. Будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю гэтых аб’ектаў, дзякуючы якім ёмістасць сховішчаў павялічыцца да аднаго або нават двух мільярдаў кубаметраў, запланаваныя на перыяд паміж 2013 і 2020 гадамі. Указ Лукашэнкі быў выдадзены на фоне спробаў Расіі выкупіць сховішчы прыроднага газу ў іншай былой савецкай рэспубліцы — Украіне. З улікам зменлівай дынамікі еўрапейскага рынку энергарэсурсаў наяўнасць у Расіі сховішчаў на шляху руху газу ў Еўропу будзе вызначаць становішча Масквы на кантыненце, піша амерыканскае выданне Stratfor.

Сховішчы прыроднага газу важныя з шэрагу прычын.
Іх наяўнасць дапамагае краінам больш эфектыўна кіраваць сваімі запасамі прыроднага газу. Акрамя таго, яны забяспечваюць энергетычную бяспеку краінам, у якіх газ — ключавая крыніца электраэнергіі для прамысловасці і ацяплення жылых дамоў. Да такіх краін адносіцца большасць дзяржаваў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У выпадку перабояў з пастаўкамі газу і ў перыяд пікавага спажывання газ са сховішчаў можа паслужыць рэзервам для забеспячэння экстраных паставак. Разам з гэтым наяўнасць сховішчаў дазваляе краінам закупляць дадатковыя аб’ёмы прыроднага газу ў летні перыяд, калі попыт на яго звычайна ніжэйшы, а пастаўкі абыходзяцца танней. Гэты газ яны могуць прадаваць на спотавым рынку (замест продажу па доўгатэрміновых кантрактах з фіксаванай цаной) у зімовы час, калі попыт і цэны на яго вышэйшыя.

Асаблівую важнасць сховішчы ўяўляюць для Расіі, аднаго з найбуйнейшых сусветных вытворцаў прыроднага газу і яго галоўнага экспарцёра ў Еўропу. Расію і розных еўрапейскіх спажыўцоў па ўсім кантыненце звязвае разгалінаваная інфраструктура трубаправодаў і сховішчаў. Наяўнасць гэтых сховішчаў дазволіла Расіі забяспечваць стабільныя пастаўкі паліва еўрапейскім спажыўцам і дало ёй важную крыніцу даходу. Аднак у гэтай інфраструктуры трубаправодаў і сховішчаў у Еўропе мноства розных уласнікаў, з прычыны чаго статус гэтых стратэгічных актываў часцяком робіцца прадметам палітызаваных дыскусій.

Так, у 2011 годзе Расія атрымала поўны кантроль над Белтрансгазам (перайменаваны ў «Газпрам Трансгаз Беларусь»), што дало ёй доступ да размешчаных у Беларусі сховішчаў і сістэме трубаправодаў,
на якія ў той час прыпадала 20% экспарту расійскага прыроднага газу ў Еўропу. Дзякуючы гэтаму Расія атрымала магчымасць кантраляваць пастаўкі энерганосьбітаў праз беларускую тэрыторыю на сваіх уласных умовах. Гэта таксама дазволіла Расіі ўмацаваць свае пазіцыі на беларускім энергетычным рынку. Згодна з падпісаным Лукашэнкам указам, сіламі «Газпрам Трансгаз Беларусь» будуць пабудаваныя трэцяя і чацвёртая чэргі Мазырскага падземнага сховішча (будзе збудаванае ў ваданосных пластах) у Гомельскай вобласці. У выніку ёмістасць сховішча з цяперашніх 150 мільёнаў кубаметраў будзе павялічаная да аднаго мільярда. Акрамя таго, кампаніі даручана мадэрнізаваць і Прыбугскае сховішча (будзе збудаванае ў саляносных пластах), ёмістасць якога будзе павялічаная з 400 мільёнаў кубаметраў да 600 мільёнаў. Дзякуючы гэтым праектам, а таксама Асіповіцкаму сховішчу, працоўны аб’ём якога складае каля 300 мільёнаў кубаметраў, агульная ўмяшчальнасць сховішчаў прыроднага газу на тэрыторыі Беларусі дасягне двух мільярдаў кубічных метраў.

Аднак наяўны ў Беларусі патэнцыял па захоўванні газу, нават калі гэтыя паказчыкі будуць павялічаныя ў два разы, мізэрны ў параўнанні з магчымасцямі яе паўднёвага суседа Украіны. Там ёсць 13 сховішчаў прыроднага газу, сукупны аб’ём якіх перавышае 30 мільярдаў кубаметраў. Наяўнасць такіх магутнасцяў — галоўная прычына зацікаўленасці Расіі ў куплі ўкраінскай энергетычнай кампаніі «Нафтагаз». Аднак Украіна (транзітар асноўнай часткі экспартаванага ў Еўропу расійскага газу) выказвае менш жадання саступаць Расіі сваю энергетычную інфраструктуру, чым Беларусь. Замест гэтага Кіеў актыўна імкнецца развіваць сувязі з Еўрасаюзам і прапануе стварыць кансорцыум з удзелам Украіны, Расіі і Еўрасаюза для сумеснага кіравання сістэмай трубаправодаў і сховішчаў. Усведамляючы стратэгічную важнасць сваіх сховішчаў і трубаправодаў, Украіна зацікаўленая ў прадстаўленні Маскве частковага доступу да гэтай маёмасці. Аднак у Кіеве не жадаюць, каб Расія поўнасцю набыла яго нават у абмен на зніжэнне цэн на прыродны газ.

Палітычныя і эканамічныя рознагалоссі паміж Расіяй і двума галоўнымі транзітарамі яе газу, Украінай і Беларуссю, ужо прыводзілі да перабояў у пастаўках прыроднага газу.
Гэта стала галоўнай прычынай, якая падштурхнула Расію да стварэння альтэрнатыўных трубаправодаў, а менавіта, «Паўночнага патоку» па дне Балтыйскага мора і праектаванага «Паўднёвага патоку» па дне Чорнага мора. Але нягледзячы на тое, што стварэнне «Паўночнага патоку» (а ў перспектыве і «Паўднёвага патоку») дазволіла Расіі шмат у чым пазбегнуць залежнасці ад названых транзітных краін, яна не дамаглася доступу да сховішчаў прыроднага газу. З улікам таго, што «Паўночны паток» і «Паўднёвы паток» — пераважна падводныя трубаправоды, яны не вырашаюць расійскай праблемы недахопу падземных сховішчаў. Больш за тое, праекты пашырэння сховішчаў у Беларусі паказваюць, што на ўзвядзенне новых збудаванняў можа сысці шмат часу і грашовых сродкаў.

Гэтым тлумачыцца тое, чаму Расія купіла «Газпрам Трансгаз Беларусь» і ў цяперашні час павялічвае аб’ёмы размешчаных у Беларусі сховішчаў, і тое, чаму яна працягвае дамагацца ад Кіева (акрамя іншых краін на захад, напрыклад, ад Венгрыі) доступу да шырокай інфраструктуры яго сховішчаў, нягледзячы на ўласныя праекты па стварэнні трубаправодаў. Захаванне і нарошчванне доступу да гэтых сховішчаў будзе прадстаўляць для Масквы асаблівую важнасць, улічваючы тое, што ў наступныя гады Расія і краіны Еўропы сутыкнуцца з новымі выклікамі ў сваіх энергетычных узаемаадносінах. Атрыманне доступу да сховішчаў прыроднага газу і кантроль над імі яшчэ шмат гадоў будзе граць ключавую ролю ў агульнай расійскай энергетычнай стратэгіі як у плане забеспячэння надзейных паставак сыравіны, так і ў якасці гарантыі падтрымання росту расійскай эканомікі, якая залежыць ад экспарту энергарэсурсаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?