Святлана Алексіевіч нарадзілася ў 1948 годзе ў сям’і вайскоўца. Яе род паходзіць з-пад Бярозы.

Яна знайшла сябе ў непаўторных кнігах дакументальнай прозы.

Яе кніга пра жанчын на Другой сусветнай вайне «У вайны не жаночае аблічча» мае ўніверсальную каштоўнасць, а яе загаловак стаў афарызмам.

Пасля былі жорсткія «Цынкавыя хлопчыкі» — пра тое, як савецкая імперыялістычная вайна крушыла лёсы маладых людзей. Былі крыўды з боку тых, для каго тая вайна была перадусім геройствам, быў суд.

Пасля была «Чарнобыльская малітва» — пра драму высяленцаў і пацярпелых ад тэхнагеннай катастрофы.

Цяпер яна працягвае працу над новай кнігай: пра каханне.

Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам самых прэстыжных прэмій Расіі. Польшчы, Германіі, ЗША. Праходзіла інфармацыя, што пісьменніцу намінавалі таксама на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Святлана Алексіевіч захоўвае крытычную дыстанцыю як да аўтарытарнага рэжыму, так і да нацыянал-дэмакратычнай апазіцыі.
«Мы жывём на вельмі вялікай адлегласці: інтэлектуалы, інтэлігенцыя і народ, — казала Святлана Алексіевіч на ўручэнні прэміі Шведскага ПЭН-Цэнтра ў Стакгольме ў 2012-м. —
Ёсць і страх, і дубінкі, і Плошча. Але апроч гэтага існуе вялікая здзелка, што самае страшнае».

«Беларускі народ — разумны і таленавіты. Усе разумеюць, што ў краіне дыктатура і што ўлада несправядлівая, Але пагаджаюцца з такімі правіламі гульні ў абмен на нармальны заробак, аўтамабіль і адпачынак у Турцыі».

І пакуль не пачаўся эканамічны крызіс, калі стала жыць дрэнна, людзі ўвогуле не задумваліся наконт нейкіх пераменаў, лічыць Алексіевіч.

«І гэта ўсе людзі, якіх я люблю. Мой бацька размаўляў з кожнай бабулькай, і мяне навучыў так жыць. Калі я прыязджаю ў Беларусь (з-за канфлікту з уладай, з Лукашэнкам, я вымушана з’ехаць за мяжу), я еду ў вёску ці маленькі горад, дзе сапраўдная Беларусь. І галоўнае не страх, а «абы было ціха», «абы не было горш, чым ёсць». Размовы пра свабоду слова і самавыражэння не выклікаюць водгуку ў простых людзей.

«Людзі заўсёды кажуць адно і тое ж: «Паглядзі, крамы — поўныя кілбасы, сыра. А раней жа нічога не было». Як быццам, кілбаса — гэта свабода.
Нейкая метафізічная кілбаса».

«Становіцца відавочным, хоць гэтага не разумеем мы самі, не разумеюць на Захадзе — мы скатваемся да грамадзянскага канфлікту, да крыві. Мала таго, што ў турмах яшчэ дзясяткі людзей, прымаюцца новыя законы. Улада гатовая ваяваць з народам».

У размовах з дзясяткамі маладзёнаў пісьменніца чула тое, пра што раней чытала ў Салжаніцына. «Сотні лепшых, шчырых маладых людзей маюць вопыт турэмнага зняволення ці пераследу, то бок вопыт барацьбы. З аднаго боку, гэта выклікае захапленне. А з іншага, гэта ўсё небяспечна. Яны хочуць свабоды і хочуць адпомсціць».

Але больш за ўсё адпомсціць ўласнаму народу хоча ўлада. Бо як іначай растлумачыць, што армія праходзіць спецыяльныя вучэнні па барацьбе з грамадзянскім насельніцтвам, лічыць Алексіевіч.

Пісьменніца параўноўвае выказванні Лукашэнкі са словамі Гітлера і Кадафі. «Выступаючы перад міліцэйскімі чыноўнікамі, Лукашэнка прыхавана працытаваў Гітлера. Ён сказаў: «Не думайце пра тое, ці добра вы робіце. Пра гэта буду думаць я». Гітлер казаў: не думайце пра сумленне. Ваша сумленне гэта я», — адзначае Алексіевіч.

«Відаць, моцнае ўражанне пакінула на яго смерць яго лепшага сябра Кадафі. Бо яго нядаўнія словы гучалі, што народ павінен абараняцца (ад каго?). Што кожны аўтамат і кулямёт, якія ёсць на тэрыторыі Беларусі, павінен належаць канкрэтнаму чалавеку. Як вы помніце, Кадафі таксама казаў, што народ падымецца за яго, і ўсім раздаць вінтоўкі».

У замежнай прэсе Лукашэнку называюць і «сусветным моськам», і «бульбяным дыктатарам». Гэта смешна, але мы яго закладнікі, адзначае пісьменніца.

Ёй даводзілася размаўляць з хлапцом, якога пасля 19 снежня выгналі не толькі з вучобы, але і з дому. Размаўляла з людзьмі, чые дзеці сядзелі ў турмах. Суседзі зараз коса на іх глядзяць. Усе гэтыя размовы навялі яе на думку, што ёсць дзве краіны: «Мэтанакіравана, з дня ў дзень, у нас з Беларусі робяць дзве Беларусі… Зразумела, грамадзянскі канфлікт будзе. Іншая справа, у колькі нам гэта абыдзецца. Колькі маладых людзей з гарачымі вачыма, якіх я бачыла і бачу ў Беларусі, паплацяцца за гэта», — засцерагае пісьменніца.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да віншаванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?