Гісторыі з Гарадзенскага архіву. Піша Алесь Чобат.

Станіслаў Манюшка і расейская паліцыя

Летам 1851 г. расейскі губэрнатар у Менску паведаміў сваім калегам зь Вільні і Горадні, што да яго зьвярнуўся па дазвол наведаць курорт Друскенікі «сын памешчыка Менскай губэрні і арганіст менскага касьцёлу шляхціц Станіслаў Манюшка» і што разам з выдадзеным дазволам пастаўлены гэты Манюшка «пад негалосны нагляд паліцыі».

У «пяці беларускіх губэрнях» Расейскай імпэрыі дзейнічала «палажэньне 1837 году», згодна зь якім нават шляхціц мог езьдзіць свабодна толькі ў межах свае губэрні, а далей патрабавалася «падарожная» — і допуск, і пропуск, і віза, і камандзіроўка, і ўсё разам…

У Вільні, як даносіў тамтэйшы паліц¬майстар, Манюшка прабыў толькі дзень — і ўвесь дзень у касьцёле сьвятога Станіслава, дзе гаварыў з арганістам і сам паўдня граў на аргане.

У саміх Друскеніках Манюшка дзён дзесяць хадзіў піць мінэральную ваду, і нават наняў пакой у пансіянаце доктара Рэніера, заснавальніка курорту. Мясцовы пастарунак «з вахмістра і чатырох жандараў» ня меў з Манюшкам асаблівай работы, бо з Друскенікаў той нідзе не ўцякаў, адно схадзіў у бліжні лес на могілкі і ўсклаў белыя і чырвоныя ружы на магілу «былога ссыльнага» Яна Чачота. Пасьля чаго той самай дарогай вярнуўся ў Менск. Як прыйшлі сьледам паліцэйскія рапарты, менскі губэрнатар распарадзіўся «негалосны нагляд» зьняць, а «справу» закрыць.

Чым просты арганіст так зацікавіў ажно траіх расейскіх губэрнатараў?! А проста тое ж «палажэньне 1837 г.» ясна загадвала, што пад «негалосны нагляд» аўтаматычна трапляюць вось якія катэгорыі чалавечага роду: усе палякі, хто хоць бы год правучыўся ў Віленскай мэдычнай акадэміі ці ў Кіеўскім унівэрсытэце (туды быў «пераведзены» Віленскі ўнівэрсытэт, пасьля разгрому 1832 г.); усе…інжынэры‑чыгуначнікі; усе наведнікі курорту Друскенікі, на мяжы занёманскага Каралеўства Польскага; нарэшце, усе падпісчыкі якіх‑кольвек газэтаў і часопісаў, няхай бы гэта былі афіцыйныя «ведамасьці» якой‑небудзь губэрні…

Цікава, як расейская паліцыя зь яе малым штатам спраўлялася зь дзясяткамі тысячаў шляхты, і колькі сярод той шляхты было паліцэйскай агентуры?!

Такі парадак дзейнічаў да 1867 г. — і пад яго трапіў нейкі інжынэр‑чыгуначнік Браніслаў Шварцэ, «францускападданы», які наняўся на будову лініі Санкт‑Пецярбург‑Вільня‑Варшава, а перад паўстаньнем 1863 г. рабіў на падпольны Жонд і перавозіў зброю для брыгадаў Серакоўскага, Аскеркі, Лянкевіча і Нарбута. А між іншым, і друкарню з запасам паперы — потым яе напаўсамавольна прысабечыў Каліноўскі, і так нарадзілася «Мужыцкая Праўда»… Спраўны быў «пад негалосным наглядам» той Браніслаў Антон Шварцэ — а шчыльнасьць «нагляду» відаць хоць бы са «справы» Манюшкі! Бо ж сам камбінаваў і грошы плаціў сваім сьлесарам і машыністам, а тыя бралі, рабілі і ня бегалі па паліцыю. Калі ёсьць людзі і грошы, тады кансьпірацыя лішняя, а дзе няма кансьпірацыі, там няма здрады з праваламі…

Эліза Ажэшка і яе «Пінская шляхта»

Вясной 1859 г. гарадзенскі губэрнатар быў у Санкт‑Пецярбургу па службовых справах і раптам збаламуціў тэлеграмай свайго шэфа, генэрал‑губэрнатара ў Вільні (да Горадні тэле¬граф яшчэ не дацягнулі), каб «асабіста, тэрмінова, адразу ж!» паслаць афіцэра зь віншаваньнямі ў маёнтак Людвінава Пінскага павету, да губэрнскага маршалка шляхты Калікста Ажэшкі: імпэратар Аляксандар ІІ «падараваў» маршалку прыдворны чын «камэр‑юнкер».

У складанай імпэрскай гіерархіі былі толькі два прыдворныя чыны, «камэр‑гер» і «камэр‑юнкер», якія мелі права хадзіць да імпэратара без дакладу, толькі паведаміўшы дзяжурнаму афіцэру, і ніхто ня меў права іх не пусьціць.Так што пінскі шляхціц Калікст Ажэшка раптам скочыў вышэй губэрнатараў.

Але за якія такія заслугі?!

У 1858 г. Аляксандар ІІ першы раз наведаў Вільню, ня даў «ніякіх абяцаньняў» пра Польшчу, а потым зрабіў крук у Вялікую Пушчу. І тут яго правадніком і таварышам выступіў Калікст Ажэшка, як губэрнскі маршалак і найлепшы знаўца ў зубрах, ласях, дзіках, настойках, наліўках, шляхцянках і просталюдзінках.

Таго самага клану Антон Ажэшка ў 1831 г. быў «пад наглядам паліцыі», чытай, адседзеўся ад вайны ў сваім Людвінаве, але вось у 1838 г. яго «выслалі» ў Томск, дзе ён «пакутаваў за Польшчу»… «столаначальнікам канцылярыі» томскага губэрнатара — і вярнуўся па амністыі 1858 г., і маёнтак яго быў цэлы і на месцы. А паколькі ўвесь падпольны «саюз польскага народу», арыштаваны разам з Антонам Ажэшкам, пайшоў на шыбеніцу і катаргу, шляхта не без падставаў падазравала Ажэшку ў «здрадзе Айчыны» — і мянушку «Юдаш» прыляпіла яму навечна.

Быў яшчэ трэці, Фелікс Ажэшка, і меў трох сыноў — старэйшы Фларыян у 1861 г. скончыў у Санкт‑Пецярбургу Мэдычна‑хірургічную акадэмію і заадно набраўся там самі ведаеце якіх ідэяў, а два ягоныя браты Пётра і Браніслаў жылі на гаспадарцы ў сваім Пінскім павеце. У 1853 г. Пётра Ажэшка пашлюбіў беднаватую, але прыгожую Элізу Паўлоўскую з падгарадзенскай Мількаўшчыны, якая толькі год назад выскачыла з кляштарнага пансіёну пад Варшавай…

Паўстаньне 1863 г. рассыпала разам з другімі «клан Ажэшкаў». Фелікс памёр па арышце Фларыяна ў 1863 г. Самога Фларыяна выслалі ў Сыбір на дваццаць гадоў і ён не вярнуўся па «поўнай амністыі» 1883 г.: абжыўся, працаваў лекарам, пера¬браўся ў Томск. Пётра таксама быў высланы і па дарозе зьнік бязь зьвестак, а лёс Браніслава ўвогуле невядомы. Эліза Ажэшка, як толькі ў 1867 г. адмянілі «ваеннае становішча», пераехала ў Горадню, і пра яе далейшы лёс можна прачытаць у даведніках і энцыкляпэдыях.

Там няма толькі аднаго. Чаму пасьля «камэр‑юнкера» і «Юдаша» ўсе свае творы — ад першага апавяданьня «Малюнак з галодных гадоў» і да перадсьмяротнага рэквіюму Gloria Victis — пані Эліза падпісвалася Orzeszkova?! Не Паўлоўская па бацьку, не Нагорская па другім мужы, інжынэры, за якім была «як за мурам каменным».

Чаму? А вось чаму. Бо клін выбіваецца клінам. Бо праз Калікста з Антонам «ажэшка» так і было тое самае, што «здраднік». А хто цяпер пра іх памятае? Адзін пыл архіваў… Адна ў сьвеце вартая памяці — Эліза Ажэшка.

Якая ў нацыі памяць, якія там імёны, такая ў нацыі будучыня, бо ж ці не Эліза Ажэшка параіла неяк у Горадні віленскаму адвакату і варшаўскаму карэспандэнту Францішку Багушэвічу: «Кінь, Франак, па‑польску тэлеграмы ў газэты — пішы ты вершы па‑беларуску, і ўсё будзе добра!»

«Дзікае паляваньне» 1863 году

Калі зімой 1863 г. да ўкраінскіх сёлаў над Дняпром дакаціліся чуткі пра «польскі бунт у Варшаве», па ўсёй Кіеўскай губэрні шляхта кінула вёскі ды маёнткі і пабегла ў Кіеў — да расейскага губэрнатара і пад ахову расейскага гарнізону. А хто застаўся дома ці не дабег — тых парэзалі, а «двары» іх не палілі, як у «гайдамаччыну», але зьбіралі сельскія сходы (!), на якіх дзялілі «панскую зямлю», ставілі на ўсіх дарогах «мужыцкую самаабарону» і высылалі старастаў, а нават з праваслаўнымі бацюшкамі ў той самы Кіеў да таго ж расейскага губэрнатара, якому падавалі прынятыя на сходах «унівэрсалы», дзе да¬біваліся «Цара, зямлі, волі — і ніякіх паноў!»

Становішча склалася настолькі неверагоднае, што кіеўскі генэрал‑губэрнатар зайшоў у такі тупік, як ніхто дагэтуль у Расейскай імпэрыі. А сталічны Санкт‑Пецярбург баяўся супрацьлеглага і патрабаваў ад губэрнатара, каб «польскі мяцеж» не перакінуўся за Дняпро, не зрабіўся «другой пугачоўшчынай», сялянскай вайной у самой Расеі, інсьпіраванай «мяцежнымі палякамі»!

Але з таго ж Санкт‑Пецярбургу вясной 1863 г. прыехаў у Кіеў інкогніта жандарскі падпалкоўнік Міхайлаў, які падпарадкоўваўся толькі шэфу Корпусу жандараў князю Даўгарукаму. Незадоўга перад тым «мужыцкая самаахова» перахапіла і прывяла ў Кіеў «на вяроўцы» адстаўнога старога генэрала, які сваёй брычкай вяртаўся з курорту ў Аўстрыі. Парадокс быў у тым, што «сяло» лічыла палякамі ўсіх, хто не ў мужыцкіх сьвітках і не ў расейскай вайсковай форме, — вось куды зайшла нянавісьць да «польскага пана». А ўвесь ідыятызм становішча быў у тым, што цяпер губэрнатар меў бараніць тых «сяброў па клясе» і пасылаць на «сяло» карныя пацыфікацыі расейскага войска!

Трэба аддаць належнае падпалкоўніку Міхайлаву — знайшоў ён выйсьце. Падпалкоўнік прапанаваў прыслаць у Кіеў жандарскі «спэцназ», 15—20 афіцэраў з вопытам каўкаскай вайны, каб «зьняць з абароту» мужыцкіх крыкуноў і завадатараў. Але ня проста так, а «з улікам мясцовых казаньняў і ілжывых вераваньняў, прыклады якіх мною сабраныя па кожнай воласьці!»

Мне адразу рэзнула з памяці, калі чытаў гэтую «справу» ў архіве, жабрачка зь «Дзікага паляваньня караля Стаха»: «Мы стаялі, крычалі… а ноччу прыйшло дзікае паляваньне і за¬брала мне мужыка, і ўсіх забралі, а нас выгналі з хаты»… Такіх «паляваньняў» у сярэдзіне ХIХ ст. у адной Кіеўскай губэрні разьвялося больш, чым бывала ў свой час ва ўсіх замках сярэднявечнай Эўропы. Так што падпалкоўнік Міхайлаў добра ведаў пра той «праваслаўны хрысьціянскі народ», што праваслаўны ён толькі на сьвяты, хрост, шлюб і жалобу, а насамрэч жыве ў сваёй веры, у «дзікім паляваньні, і толькі яго баіцца».

Празь месяц падпалкоўнік даклаў Даўгарукаву, што «бунт расьсеяўся, як і ўзьнік», і тыя дваццаць афіцэраў могуць ехаць назад па крыжы і мэдалі…

Караткевіч у сваёй геніяльнай аповесьці проста лёгка пасунуў час, месца і дзеючых асобаў — замест 1863‑га сталі 90‑я гады Х1Х ст., замест Кіеўскай губэрні — такі ж глухмень Менскай, а замест «спэцназу» — засьцянковая шляхта. Каб ведаць «сапраўдную, а ня кніжную» гісторыю, найлепш чытаць «рамантыка» Караткевіча — там ніводнай выдуманай дэталі. Самае важнае ў гісторыі — гэта «дэталі», бо там праўда, якой ня выдумаеш. Усё астатняе — гэта і ёсьць выдумкі — нацыянальныя, сацыяльныя, палітычныя сродкі школьнага выхаваньня і гадоўлі чалавечага роду дзеля нейкіх чарговых «вялікіх ідэяў і мэтаў».

Граф Мураўёў і царкоўныя грошы

Летам 1864 г., калі выйшаў царскі маніфэст пра «сканчэньне польскага мецяжу», віленскі генэрал‑губэрнатар, генэрал ад інфантэрыі і граф Міхаіл Мураўёў з уласных сродкаў зафундаваў адзін мільён рублёў на пабудову мураваных — каб ня горш касьцёлаў! — цэркваў «у Заходнім Краі» з мэтай, ясная справа, яго «ру¬сіфікацыі» і ў далейшым «расейскай калянізацыі». На той час адна мураваная царква, ад праекту і да першай службы, каштавала дваццаць тысячаў рублёў. «Фонд Мураўёва» меў збудаваць пяцьдзясят такіх цэркваў.

Пакуль Мураўёў меў паўнамоцтвы дыктатара і пакуль дзейнічала ваеннае становішча, будаўніцтва пасоўвалася «звыш чаканьняў» — напрыклад, палкоўнік Ян Барэйша са сваім пяхотным палком за адно лета (!) паставіў мураваны храм у мястэчку Гарадок (Бельскі павет), які там стаіць па сёньняшні дзень. Але потым ста¬лічныя інтрыгі «прапольскай партыі» расейскай арыстакратыі, на чале якой быў пецярбурскі генэрал‑губэрнатар Аляксандар Сувораў (унук, дарэчы, — гэта ён начапіў на Мураўёва мянушку «Вешальнік»), скончыліся тым, што Мураўёва з 1 студзеня 1866 г. выперлі ў адстаўку, і ўсё «царкоўнае будаўніцтва ў Заходнім краі» імгненна заглухла.

Сьледам за Гарадком, мураваная царква мела паўстаць у суседнім мястэчку Крынкі — і калі толькі граф ажыў пасьля чорнай несправядлівасьці за верную службу, ён адразу пацікавіўся будаўніцтвам у Крынках: і дзе гэты мільён з «фонду Мураўёва» ўвогуле?

Адказ прыйшоў без канцылярскай валакіты: «Якія грошы ў выпадку беспарадкаў (!) і па памылцы прылічаныя былі да іншых часовых збораў і паступленьняў і пералічаныя ў Віленскае губэрнскае кіраваньне міністэрства фінансаў».

«Нацыяналізавалі» «фонд Мураўёва» пацукі канцылярскія, найхутчэй, каб заткнуць дзірку сваіх уласных крадзежаў…

Граф паскардзіўся пляменьніку, а цяпер генэрал‑губэрнатару ў Вільні генэралу Каўфману — тут канцылярыя спрацавала імгненна, прызнала зладзействы і нават паведаміла, як сьледзтва рухаецца: «Узбудзіў перапіску»…

Граф не здаваўся. Пайшоў пісаць трэцім і пятым разам — і атрымаў годны сябе (і ўсяе Расейскае імпэрыі) адказ: «Паколькі грошай ужо няма, то знайсьці іх не падаецца магчымым».

Савецкія і пасавецкія канцылярскія пацукі і злодзеі — гэта жалю вартыя эпігоны і графаманы ў параўнаньні з сапраўднай канцылярыяй — імпэрскай, вялікадзяржаўнай, вечнай…

Так «памерлі ненароджанымі» дзясяткі мураваных праваслаўных цэркваў на Беласточчыне, Гарадзеншчыне, Віленшчыне і Меншчыне, а 29 жніўня 1866 г. «праз такую перапіску» памёр сам граф М.Мураўёў, па мянушцы «Вешальнік». Вось такі эпі¬лёг і такая эпітафія. Служы Расеі — і атрымаеш па‑расейску…

А тыя цэрквы на Беларусі, якія цяпер называюць «мураўёўкамі», паўсталі значна пазьней, на пераломе Х1Х‑ХХ ст. — коштам ужо дзяржаўнага бюджэту.

Ад Рэдакцыі: А той мураўёўскі мільён быў з грошай, рэквізаваных у беларускіх паўстанцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0