У Стамбуле і ў Анкары адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй. Беспарадкі ў Турцыі працягваюцца ўжо другі дзень. Паліцыя ўжывае вадамёты і слезацечны газ.

У Стамбуле газ быў ужыты супраць шматтысячнага натоўпу, які спрабаваў перайсці праз Басфорскі мост і выйсці да галоўнай плошчы горада.

На вуліцы выйшлі 40 тыс. чалавек, стаў гарадскі транспарт.

У Стамбул для падаўлення беспарадкаў перакідваюцца дадатковыя падраздзяленні паліцыі нават з такіх аддаленых месцаў краіны, як Анталія. Пратэстоўцы закідваюць вартавых парадку камянямі і бутэлькамі з запальнай сумессю.

У Анкары ўдзельнікі акцыі, якую яны назвалі «Маршам салідарнасці», распачалі спробу пайсці на будынак парламента, скандуючы «Супраціў паўсюль, усюды Таксім».

Тое, што пачыналася як акцыя эколагаў мясцовага значэння перарастае ў агульнанацыянальны антыўрадавы пратэст.

Напярэдадні ў выніку разгону дэманстрацыі дзясяткі чалавек атрымалі траўмы і больш за 60 былі затрыманыя.

Пачалося ўсё з мірнай чатырохдзённай акцыі ў парку Гезі ў цэнтры Стамбула, удзельнікі якой выказвалі нязгоду з планамі рэканструкцыі гэтай часткі плошчы Таксім.

Стамбульскі суд прыняў рашэнне часова прыпыніць рэканструкцыю, бо працы руйнуюць карані дрэў парку.

Праціўнікі плана прэм’ер-міністра Рэджэпа Таіпа Эрдагана заяўляюць, што парк — адно з нямногіх зялёных месцаў у цэнтры Стамбула.

Прэм’ер ж заявіў, што рэканструкцыя плошчы праводзіцца з мэтай разгрузіць рух аўтамабіляў і транспарту, і ён не мае намеру адмаўляцца ад гэтага плана.

Пратэсты супраць будоўлі хутка выліліся ў незадаволенасць усёй палітыкай турэцкага прэм’ера і кіруючай Партыі справядлівасці і развіцця.

Выступы дакаціліся таксама да гарадоў Бодрум і Ізмір.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?