«Музыка адчыняе межы». Пад такім лозунгам 25‑26 жніўня на літоўска‑беларускім узмежжы прайшоў міжнародны музычны фестываль «Будзьма разам». Акрамя чыста музычна‑забаўляльнай, мерапрыемства несла і пэўную палітычную нагрузку.

Не выпадкова мерапрыемства праходзіла літаральна за 50 метраў ад беларускай мяжы, у літоўскай вёсцы Нарвілішкі. Галоўным спонсарам фестываля выступіла Міністэрства замежных спраў Літвы, а лозунг мерапрыемства — «Музыка адчыняе межы» — быў відавочна накіраваны ў бок суседняй Беларусі.

Запланаваны фестываль быў як грандыёзная фіеста — найвялікшы музычны праект у Прыбалтыцы. Ці атрымалася ўсё як задумана, і ці апраўдала сябе задумка фестываля як крок літоўцаў насустрач беларусам — пытанне, але арганізатары стараліся. Колькасць удзельнікаў, праўда, відавочна не дацягнула ані да заяўленых 15, ані да 10 тысяч. Аднак якасць музыкі і арганізацыі мерапрыемства ад гэтага зусім не пацярпела.

Беларускія гурты і ўдзельнікі на мерапрыемстве відавочна губляліся сярод іншых, таму аб «прабеларускай» накіраванасці фестываля можна было здагадацца толькі па асобных заявах некаторых выканаўцаў (пераважна літоўскіх). Адзіным яскрава‑беларускім момантам стаўся выступ гурта «Ляпіс Трубецкой». Харызматычны лідар гурта Сяргей Міхалок ня грэбаваў беларускай мовай ў сваіх зваротах да гледачоў і ў песнях.

Падчас выступу «Ляпісаў» каля сцэны сабраліся ці ня ўсе беларусы, якія з’ехаліся ў тыя дні ў Нарвілішкі. Хіба гэта быў адзіны раз, калі беларусы адчулі сябе гаспадарамі на фестывалі. Лідар гурта салідарызаваўся з лозунгамі мерапрыемства — «Будзьма разам» і «Музыка адчыняе межы».

Акрамя гэтага гурта, на фестывалі ў Літве выступалі яшчэ дзве беларускія каманды і безліч заходніх ды літоўскіх гуртоў. Можна сказаць, што просьба беларускага міністэрства замежных справаў да арганізатараў фестываля пазбегчы «антыбеларускіх заяў і правакацый» была задаволеная. Ані парушэнняў дзяржаўнай мяжы, ані якіх‑небудзь надта палітызаваных выступаў ці эксцэсаў — нічога такога не было. Адны намёкі. Ды і тыя — вельмі дружалюбныя, ну вось хоць бы такія, як з вуснаў аднога з гасцей фестываля, міністра замежных справаў Літвы, былога яе амбасадара ў Беларусі Пятраса Вайцекунаса:

«Галоўнае — сказаць усім, і беларусам, і літоўцам, і Еўразвязу, што мы, еўрапейцы, можам і мусім быць усе разам. Разам з беларусамі, разам з расейцамі, разам з украінцамі».

казаў кіраўнік міністэрства замежных спраў Літвы, галоўнага спонсара фестываля «Be 2 gether». Ці прыжывецца фестываль у літоўскім апендыксе, каля самай‑самай беларускай мяжы — прагназаваць цяжка. Як камерцыйны праект «Будзьма разам» наўрад ці ўтрымаецца. Застаецца спадзявацца, што віншаванні і пажаданні з боку Еўрапейскай камісіі і прэзідэнта Літвы, каб фестываль быў паспяховы, і ў наступным годзе будуць падмацаваныя салідным фінансаваннем. Прынамсі беларусы будуць дакладна «ЗА», каб сяброўства Беларусі і Літвы далей заахвочвалася такімі вось фестывалямі.

Вадзім Вілейта, Deutsche Welle

Фота pbg.livejournal.com

Глядзі яшчэ:
Фотарэпартаж на pbg.livejournal.com
Bloodhound Gang на фэсьце Be2gether (відэа на YouTube)
Іншыя відэаролікі з фэсту на YouTube
Старонка Be2gether з фота і відэа на MySpace