Каб падыхаць водарам рэвалюцыйнай рамантыкі ў краіне паўмесяца, 34mag звязаўся з дзвюма каардынатаркамі турэцкіх пратэстаў, а таксама з хлопцам, што спецыялізуецца на хітрыках у турэцкім сеціве. Чытай іхнія споведзі ніжэй.

Турцыя перажывае дні сапраўднага праведнага гневу. Не задаволеныя палітыкай ісламістаў, нашчадкі янычар шчыльнымі радамі выйшлі на вуліцы, патрабуючы адстаўкі прэм’ер-міністра. Дэтанатарам паслужыў учынак паліцыянтаў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы падчас разгону пратэстоўцаў у парку Гезі ў Стамбуле. Таму ўжо пяты дзень, мабілізуючыся праз Twitter, турэцкія рэвалюцыянеры выходзяць на маніфестацыі, спяваючы песні і пляскаючы ў ладкі. Улады рознымі сродкамі хаваюць інфармацыю пра гарачае лета 2013-га, але фота і відэа з турэцкіх гарадоў усё роўна трапляюць у Сеціва, імкліва распаўсюджваючыся праз сацыяльныя сеткі.

Cenk Kingir, 18 год. Студэнт-музыка і сацыяльны інжынер. Акруга Balçova, правінцыя Izmir.

Цяпер я ўжо дома. Зранку ўсё было досыць спакойна і нават сумна, але пасля мы зноў пачалі атакаваць урадавыя сайты. Нашы пратэсты пачаліся з рашэння ўладаў знішчыць самы папулярны парк Стамбула, каб пабудаваць там шопінг-цэнтр. Калі людзі паставілі ў парку намёты, паліцыя іх спаліла, а людзей пачала збіваць. Яны гавораць, што мусяць падпарадкоўвацца загадам, але ў цябе заўсёды ёсць выбар — выкарыстоўваць або не выкарыстоўваць сапраўдныя кулі, газавыя гранаты і вадамёты супраць мірных людзей. Да таго ж «партызаны Эрдагана», дурныя рэлігійныя фанатыкі, стаялі за спінамі паліцэйскіх з жалезнымі прутамі і збівалі пратэстоўцаў, а потым нават адлоўлівалі іх у закавулках. Яны злоўжываюць рэлігіяй, як і сам Эрдаган. Не магу дакладна сказаць пра сярэдні ўзрост пратэстоўцаў, бо ёсць і васьмідзесяцігадовыя дзядулі, і васьмігадовыя хлопцы.

Паліцэйскія сексоты лазяць сярод нас. Яны носяць на галаве ўборы блакітнага або жоўтага колеру, каб пазнаваць адзін аднаго. І гараджане не падпальваюць горад — гэта робяць правакатары.

Тут няма такой дэфініцыі, як «замежнік» — мы ўсе браты, таму нельга верыць Эрдагану. Ты можаш знайсці шмат нестыковак у ягоных словах. У нас няма ніякага лідара, мы проста грамадзяне, якія самаарганізаваліся праз Twitter. Мы выкарыстоўваем яго для каардынацыі і дапамогі адзін аднаму.

Самая ўражлівая сцэна адбылася ў маім горадзе, калі футбольныя фанаты двух клубаў, што ваююць між сабою, біліся з паліцыяй, як браты. Для нашага горада гэта насамрэч гістарычная падзея.

Мы ніякія не варвары і не тэрарысты, мы проста любім свабоду. А Эрдаган у сваіх прамовах усяляк нас абражае. Тое самае робяць паліцэйскія на маніфестацыях. Я нічога не баюся, бо страх — гэта тое, што засталося ў дзяцінстве.

Мае бацькі ўпэўненыя, што пратэсты мусяць працягвацца, і я буду пратэставаць, пакуль гэтая ўлада не падзе. Я бачу сваю Турцыю мірнай, як Швецыя, прагрэсіўнай, як Кітай, і, вядома ж, дэмакратычнай, як усе нармальныя краіны.

Працяг гісторыі чытайце тут.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?