За незаконны абарот агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і хуліганства асуджаны 28-гадовы жыхар Пінска, які нідзе не працуе.

Як паведаміла БелаАПАН намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Алена Лешчанка, раней неаднаразова судзімы мужчына набыў у неўстаноўленай асобы вырабленую самаробным спосабам гладкаствольную кароткаствольную агнястрэльную зброю, прыдатную для стральбы вінтовачнымі патронамі, а таксама 133 патроны рознага калібру і прызначэння.

Усе гэтыя прадметы ён захоўваў у кватэры па месцы жыхарства.

15 студзеня прыкладна ў 23.50 пінчанін у стане алкагольнага ап'янення з акна сваёй кватэры з хуліганскіх намераў зрабіў не менш як адзін выстрал па вокнах размешчанага насупраць жылога дома. У выніку там былі разбіты два шкла ў адной з кватэр.

Праз дзве гадзіны "стралка" затрымалі супрацоўнікі міліцыі па месцы жыхарства і канфіскавалі ў яго зброю і патроны.

16 красавіка суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Забраную ў яго зброю і боепрыпасы па рашэнні суда канфіскавалі.

"Падчас судовага пасяджэння абвінавачваны ўказаў, што ў гэты дзень ён пасварыўся са сваёй дзяўчынай, выпіў і вырашыў пастраляць", — дапоўніла Лешчанка.

Паводле яе слоў, мужчына абскардзіў прыгавор і прасіў прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, матывуючы раскаяннем ва ўчыненым, пакрыццём урону пацярпелым, а таксама тым, што ў яго ёсць завінавачанасць па камунальных плацяжах.

4 чэрвеня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда адхіліла скаргу пінчаніна, пакінуўшы вердыкт суда першай інстанцыі без змянення. Ён набыў законную моц.

Як адзначыла Лешчанка, раней гэты грамадзянін сем разоў быў судзімы. Двойчы яму прызначалася пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?