Новазеландскі эксперт Крыстаф Бартнек раскрытыкаваў вытворцаў дзіцячага канструктара Lego за тое, што яны ўсё часцей сталі выпускаць у наборы для гульні чалавечкаў з суровымі або спалоханымі тварамі.
Каманда Бартнека прааналізавала выразы твараў каля шасці тысяч розных Lego-персанажаў і прыйшла да высновы, што фірма надае занадта шмат увагі тэмам канфліктаў. На думку спецыяліста, які працуе ў лабараторыі чалавечых узаемаадносін пры Кентэрберыйскім універсітэце,
чалавечкі са злоснымі тварамі могуць аказаць негатыўны ўплыў на дзяцей і на той стыль гульні, які яны абяруць.
Даклад аб выразе твараў пластмасавых чалавечкаў з набораў канструктара Бартнек мае намер зрабіць на адмысловай канферэнцыі, якая адбудзецца ў японскім Сапара. Чакаецца, што мерапрыемства пройдзе ў жніўні 2013 года.
Як прадстаўнікі фірмы-вытворцы канструктара адрэагавалі на заявы новазеландскага эксперта, невядома.
Чалавечкі Lego з розных тэматычных набораў раней мелі стандартны выраз твару: у асноўным на ім можна было ўбачыць простую ўсмешку па тыпу перакуленай дужкі. Але ў сучасных наборах сапраўды нярэдка сустракаюцца і персанажы з вельмі агрэсіўнымі тварамі.