Злучаныя Штаты Амерыкі знялі санкцыі з двух беларускіх прадпрыемстваў, аднак іншыя санкцыі застаюцца ў сіле — пра гэта гаворыцца ў заяве пасольства ЗША ў Беларусі.

Як раней паведамлялася, аб зняцці санкцый ЗША ў дачыненні да ЗАТ «Белтэхэкспарт» і ААТ «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднаньне» (БелОМА) стала вядома ў канцы мая. Санкцыі, якія прадугледжваюць забарону для урадавых ведамстваў ЗША гандляваць з гэтымі кампаніямі і аказваць ім падтрымку, былі ўведзеныя ў маі 2011 года.

Як вынікае з заявы пасольства, яны зняты ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння адпаведна з «Актам ЗША аб нераспаўсюджванні ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі». Акт прадугледжвае ўвядзенне санкцый на два гады.

«Калі на працягу гэтага перыяду санкцыі не былі знятыя, тэрмін іх дзеяння спыняецца па заканчэнні двух гадоў. Санкцыі ў дачыненні да вышэйзгаданых кампаній першапачаткова былі ўведзеныя 23 мая 2011 года. Такім чынам, паводле ўсталяванай Актам практыкі тэрмін іх дзеяння скончыўся па сканчэнні двух гадоў», — сказана ў заяве.

Пры гэтым у дыппрадстаўніцтве падкрэсліваюць: «Усе астатнія санкцыі ўрада ЗША застаюцца ў сіле, уключаючы санкцыі, уведзеныя 31 студзеня 2011 г. і ў жніўні 2011 года ў адказ на дзеянні ўладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Беларусі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?