Нечаканая з’ява: расейцы палюбілі Брэжнева. Калі верыць вынікам нядаўніх сацыялагічных апытанняў, яны лічаць яго найлепшым кіраўніком дзяржавы ў ХХ стагоддзі. Не Сталіна, што традыцыйна было б зразумела, не Ільіча, а менавіта «дарагога Леаніда Ільіча», што раптам аказаўся жывейшым за ўсіх нежывых...

Вокладка французскага часописа Courrier, снежань 2011.

Вокладка французскага часописа Courrier, снежань 2011.

На гэтым фоне разгарнуўся маленькі спектакль — расейскі дэпутат Аляксандр Хінштэйн, непераўзыдзены знаўца ўсяго, што робіцца па завуголлях улады, і, адпаведна, дзе і што дрэнна ляжыць, прапанаваў аднавіць мемарыяльную дошку на доме, дзе жыў Брэжнеў. Дошка, што ў жніўні 1991-га была выдрана са сцяны дома, доўгі час дрэнна ляжала на нейкай лесапільні, адкуль трапіла ў Берлін, у музей, дзе зараз “дрэнна вісіць” ў якасці артэфакта пачварнага рэжыму. І Хінштэйн з уласцівай яму звычкай хаваць бегаючыя вочы кінуў, мусіць, змагацца з карупцыяй, пакуль не аднавіць гістарычную, так бы мовіць, справядлівасць...

Якая, здавалася б, нам справа да смешных, на першы погляд, гульняў расейскага палітычнага бамонду? Між тым, справа ёсць, і далёка не такая ўскосная, як можа падацца. Па сутнасці, знойдзены яшчэ адзін сродак абгрунтоўваць нязменнасць улады. У дадзеным выпадку — прыкладам звязанай з імем Брэжнева так званай «эпохі застою», калі «ўсё было добра...»

Сённяшнім расейцам, ды і беларусам, стомленым бясконцай, ужо даўжэйшай за тэрміны брэжнеўскага ўладарання, барацьбой за выжыванне і страхам ад няведання будучыні, спакваля ўнушаецца думка, што эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні магчымы толькі ва ўмовах грамадскага зацішша, паслухмянасці і бязмежнага даверу да ўлады — яна, так бы мовіць, ведае, што робіць...

Няма сэнсу падрабязна пералічваць прыклады брэжнеўскай «дабрыні». Яе наступствы адчуваюцца паўсюдна і сёння.

Што, вайна Расіі з Грузіяй у 2008 узнікла знянацку? Ці не паўстае за ёю Афган?

Што, разгул карупцыі і татальнага крадзяжу — гэта вынаходніцтва рэфарматараў? Ці, можа, усё ж вынік гніення «рыбы», то бок улады і грамадскай маралі, з брэжнеўскай «галавы»?

Сцвярджаюць, што пры Брэжневу не было ГУЛага. Знешне так, але насамрэч — хлусня. І па фактах крымінальнага пераследу дысідэнтаў, і па маштабным, на ўсю краіну, пераўтварэнні ў ГУЛаг псіхлякарняў. Карная медыцына — гэта не нацысцкі, гэта «брэжнеўскі» тэрмін.

А што, сённяшні пераслед апазіцыі, зняволенні па палітычных матывах — не наступства брэжнеўскай «дабрыні»?

Сярэдні ўзрост сучасных аматараў Брэжнева ў Расіі — 55 гадоў. Няцяжка падлічыць, што Брэжнеў — гэта іх юнацтва. Але вось выніковае ўражанне — яны НІЧОГА не памятаюць! Гэта на іх разлічана ўніверсальная фармулёўка: «не ўсё так дрэнна».

І пры Гітлеру «не ўсё так дрэнна было...»

І пры Сталіну «не ўсё так дрэнна было...»

А пры Брэжневу ўвогуле амаль нічога дрэннага не было. Ну, хварэў чалавек на прагу бліскучых цацак...

І сапраўды — што гэта хвароба ў параўнанні з гістарычным склерозам, які перашкаджае разгледзець у большасці постсавецкіх рэжымаў дзівосную сумесь сталіншчыны з брэжнеўшчынай, аздобленую непрыхаваным цынізмам?!

А цацкі? Ну, гуляюць у іх генералы на чале са шчодрым на ўзнагароды найноўшым «генералісімусам». Каму ад гэтага дрэнна?

Я ведаю, каму было б дакладна дрэнна — Шурку.

Шурка быў старэйшы за мяне на пяць гадоў. То бок мне было пяць, яму дзесяць. Ну, і гэтак далей.

Шурка таксама быў генералам і вельмі любіў ладзіць парады. Начапляў на сябе доўгі бацькоўскі пінжак з прышытымі пагонамі з кардону, на якіх былі намаляваны вялікія зоркі, выстройваў у рад дваровую малышню і загадваў: «На-пра-а-ва! Ша-а-агам марш!» Нехта збіваўся з нагі, ён падганяў, даваў у карак...

Недзе ў сярэдзіне 1950-х Шурка пайшоў у войска. Але хутка вярнуўся адтуль — з адной нагой, шэрым тварам і медалькай на запалых грудзях. Ні з кім у двары больш не знаўся, піў у адзіноце... А потым яго зарэзалі ля кінатэатра «Цэнтральны» — задраўся з-за «лішняга квіточка».

Хавалі яго ў тым жа «генеральскім» бацькоўскім пінжаку, з якога ён так і не вырас. Толькі ўжо з медалькай.

Медалька была за горад Будапешт. Але не за той Будапешт, што ў 45-м, а за той, што ў 56-м, калі савецкае войска душыла танкамі вугорцаў, што паўсталі супраць камуністычнай дыктатуры.

Прычым тут Брэжнеў?

А што, Чэхаславакія-68 — не з Вугоршчыны-56?

А сучасная АДКБ — не дзіця Варшаўскага дагавору, гатовае ратаваць «аўтарытарных лідараў»?

Кожны раз, калі палітыкі енчаць пра «гістарычную справядлівасць», чакайце паўтарэння гісторыі. І не заўсёды ў выглядзе фарсу. Наогул, няма чаго шукаць справядлівасці — яе ў гісторыі папросту няма. Ёсць гістарычны вопыт, які немагчыма засвоіць без гістарычнай праўды.

Што тычыцца Брэжнева, то найлепшым, на мой погляд, чынам гэты вопыт адлюстроўвае анекдот ягоных часоў.

Пасажыр тралейбуса разгортвае «Праўду» з вялізнай, на ўсю старонку, жалобнай рамкай. Іншы пасажыр, той, што ззаду, кранае першага і моўчкі, адной мімікай, нібыта зразумела без слоў, пытаецца з прыхаванай надзеяй: «Ужо?» — «Не, — са скрухай круціць галавой першы, — Пампіду...»

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?