Ілюстрацыйнае фота.
Двое жыхароў Магілёва ўсяго за некалькі дзён незаконна знялі ў банкаматах Гродна каля 90 мільёнаў рублёў, піша «Вечерний Гродно».
Як паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, гэта адбылася ў снежні мінулага года. Крадзеж буйной сумы грошай толькі цяпер быў раскрыты аператыўнікамі аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Гродзенскага аблвыканкама сумесна з калегамі з Гомеля.
Схема злачынства аказалася нескладанай: злачынцы карысталіся падробленымі карткамі банкаў Расіі і Казахстана, здымаючы грошы з рэальных рахункаў фізічных асоб гэтых краін.
Вядома, што злачынцы здзейснілі аналагічныя злачынствы ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі высветленыя асобы падазраваных. Імі апынуліся 29-гадовы і 25-гадовы жыхары Магілёва. Зараз праваахоўнікі высвятляюць, якім чынам у рукі злачынцаў трапілі падробленыя банкаўскія карткі.