Такую выснову можна зрабіць з перапіскі палітвязня Зьмітра Дашкевіча і Дэпартамента выканання пакаранняў.

Нагадаем, некалькі месяцаў назад Дашкевіч напісаў пра прыніжэнні, з якімі вымушаны сутыкацца вязні штодня — у прыватнасці, у турмах не дазваляюць карыстацца звычайнымі лыжкамі, акрамя прыёмаў ежы па раскладзе. А гэта значыцца, што вязні не могуць ні размяшаць цукар у гарбаце, ні з’есці ўласнай ежы з «перадачак», а вымушаныя рабіць гэта футлярам ад зубной шчоткі. Зьміцер Дашкевіч пісаў скаргу ў ДВП з просьбаю праверыць законнасць гэтагага вычварэнскага правіла. Як вынікае з адказу ДВП, такое правіла ёсць, але прадстаўнікі МУС не пазначылі, які дакумент прадугледжвае такую норму, таму ўзнікае пытанне, ці сапраўды гэты дакумент існуе.

Поўны тэкст зваротнага ліста Зьмітра Дашкевіча да МУС:

    У адпаведнасці з арт. 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы. Згодна з арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 8 Міжнароднага Пакта ААН «Аб грамадзянскіх і палітычных правах») ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць звароту. Артыкул 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь накладае абавязальніцтвы на дзяржаўныя органы, службовыя асобы разгледзець любы зварот і даць адказ ва ўстаноўлены законам тэрмін. Артыкул 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае мне права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адваката. П.п. 55.8 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў дае мне таксама права звяртацца з прапановамі, заявамі і скаргамі не толькі да адміністрацыі папраўчай установы, але і ў вышэйстаячыя органы крымінальна-выканаўчай сістэмы, суд, органы пракуратуры, органы дзяржаўнай улады і кіравання. У адпаведнасці з арт. 10 Міжнароднага Пакту «Аб грамадзянскіх і палітычных правах» ўсе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, якая ўласціва чалавечай асобе. Паводле п.п. 52.5 Правілаў унутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь № 3 ад 13.01.2004 г. (у рэд. Пастановы МУС 10.03.2010 г. № 54) асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай на перыяд утрымання ў СІЗА забяспечваюцца для індывідуальнага карыстання сталовай посудам і сталовымі прыборамі (міска, кубак, лыжка).
    Дзякую вам за адказ (за 28.12.2012 № -29/Д-3297) на мой папярэдні зварот. Хаця тлумачэнні вашыя пакінулі яшчэ больш пытанняў.
    Па-першае, незразумела на які дакумант вы спасылаецеся, гаворачы пра тое, што «у адпаведнасці з патрабаваннямі ведамасных нарматыўных прававых актаў /…/ асобы, якія ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах і турмах, для пастаяннага карыстання забяспечваюцца алюміневымі кубкамі. Міскі і лыжкі выдаюцца толькі на час прыёму ежы,« — што гэта за акт такі?
    Па-другое, калі можна (аказваецца, можна такі!) дазволіць для пастаяннага карыстання кубак, дык чаму нельга дазволіць для пастаяннага карыстання лыжку? Канешне, я разумею, што вы пакуль, не думаеце, што паўстанеце калі-небудзь перад судом чалавечым (ды толькі так будзе — пачынайце нават «свае» падручнікі па гісторыі!), але ж перад судом Божым стаяцьмеце. І няўжо не будзе сорамна вам за тое, што вы здзекваліся (іншых словаў тут не знайсці) з людзей, прымушаючы іх заместа лыжак карыстацца футлярамі ад зубных шчотак?
    Па-трэцяе, былі ж нават у ДВП МУС РБ некаторыя людзі пры розуме, каторыя прыдумалі Дадатак 3 да Правілаў унутранага расклада папраўчых установаў (ад 20.10.2000 № 174), у якім ад рэдакцыі 05.11.2008 г. № 321 у пункце 10 пішаце, што асуджаны можа мець пры сябе: «кубак, лыжку (алюміневыя, пластмасавыя, драўляныя)». Дык што, знайшліся так хутка садысты, што ў духу гуманасці па-беларуску лыжкі забаранілі? Што ж, у нашым царстве-гаспадарстве можа быць усё. Тады, таксама, калі ласка, паведамце мне нумар адпаведнага нарматыўнага ды яшчэ і «прававога» (як вы настойваеце) дакуманта.
    Маючы немалы досвед бессэнсоўнае перапіскі з Дэпартаментам выканання пакаранняў, глупых ілюзіяў ў мажлівасці знайсці праўду (у недрах карных структураў МУС РБ) не выношваю. Таму пакідаю за сабою права звяртацца ў міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ў Камітэт па правах чалавека ААН, каб хаця б міжнародная супольнасць асудзіла катаванні ў «папраўчых» (які здзек са слова!) установах ДВП МУС РБ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?