У студзені-красавіку гэтага года Беларусь скараціла экспарт растваральнікаў і разбавіцеляў больш чым у тры тысячы разоў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Як вынікае са статыстычных даных, за чатыры месяцы 2013 года Беларусь паставіла на экспарт 598 тон растваральнікаў і разбавіцеляў на 738,6 тыс. долараў. За такі ж перыяд 2012-га на знешнія рынкі было адпраўлена 1,89 млн. тон растваральнікаў і разбавіцеляў на 1,7 млрд. долараў.

Разам са зніжэннем аб’ёмаў экспарту беларускіх растваральнікаў і разбавіцеляў узрасла іх сярэдняя цана.
Калі ў студзені-красавіку 2012 года сярэдняя цана тоны гэтай прадукцыі складала 902 долары, то ў студзені-красавіку гэтага года — 1.236 долараў.

Каментуючы змяншэнне аб’ёмаў экспарту і рост цэн беларускіх растваральнікаў у 2013 годзе, пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў у нядаўнім інтэрв’ю БелаПАН зазначыў,

што растваральны бізнес у Беларусі «вярнуўся ў разумныя рамкі».

«Па статыстыцы гэта бачна, што растваральны бізнес вярнуўся ў разумныя рамкі і набыў аб’ёмы, якія Беларусь раней экспартавала на сусветны рынак. І цана гэтай прадукцыі сёння адпавядае той, якая склалася на сусветным рынку», — сказаў пасол.

У 2012 годзе Беларусь экспартавала 3,25 млн. тон растваральнікаў і разбавіцеляў на 2,8 млрд. долараў (на 77% больш, чым у 2011 годзе).
Рэзкі рост экспарту растваральнікаў выклікаў падазрэнні ў расійскага боку, які стаў меркаваць, што Беларусь стала пастаўляць нафтапрадукты на знешнія рынкі пад выглядам растваральнікаў і разбавіцеляў, што дазваляла не выплачваць пошліны ў расійскі бюджэт.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?