У жніўні 1945-га дзверы ў сядзібу Упраўлення бяспекі ў Зялёнай Гуры, на захадзе Польшчы, адчыніў высокі маладзён з блакітнымі вачыма. 23-гадовы Міхал, ураджэнец Нясвіжа, сын бухгалтара і хатняй гаспадыні, шукаў сабе працу ў польскай спецслужбе, аналагічнай савецкаму КГБ. Пры сабе ён меў навюткае пасведчанне члена Польскай рабочай партыі ды атэстат аб сканчэнні чатырох класаў гімназіі.

Галянеўскі ў розныя гады. Фота злева зробленае ў часе службы ў польскіх спецслужбах.

Галянеўскі ў розныя гады. Фота злева зробленае ў часе службы ў польскіх спецслужбах.

Выкрыты «Снайперам» савецкі шпіён Джордж Блэйк атрымаў 42 гады турмы, але здолеў уцячы і схавацца ў Расіі. Ён там жыве дагэтуль, нядаўна яго віншаваў асабіста Пуцін.

Выкрыты «Снайперам» савецкі шпіён Джордж Блэйк атрымаў 42 гады турмы, але здолеў уцячы і схавацца ў Расіі. Ён там жыве дагэтуль, нядаўна яго віншаваў асабіста Пуцін.

Ад ахоўніка да начальніка контрвыведкі

Адукацыі было малавата, і Міхалу прапанавалі вакансію ахоўніка.

За наступны год акуратны і мэтаскіраваны маладзён зробіць кар’еру да намесніка старшыні Упраўлення. Начальства было ад Міхала ў захапленні. «Станоўчы, энергічны і з запалам, прыклад для іншых. Су’ёзны і разумны, яго паважаюць ва ўсім Упраўленні. Добра арыентуецца, хутка вучыцца. Умее захоўваць таямніцу, выклікае поўны давер», — адзначалася ў адным з сакрэтных рапартаў.

Інтэлект Галянеўскага заўважае кіраўніцтва. Яго пераводзяць у Познань і прызначаюць начальнікам упраўлення контрвыведкі, а ў 1953-м — накіроўваюць на працу ў цэнтральны апарат Міністэрства грамадскай бяспекі ў Варшаву.

Спец па вярбоўцы

У 1956 годзе Галянеўскі абараняе ў Варшаве тытул магістра паліталогіі і пачынаецца яго зорны час. Ён становіцца кіраўніком аддзела І Дэпартамента МУС, які займаўся навукова-тэхнічным шпіянажам. Адказвае за стварэнне шпіёнскай сеткі ў Варшаве. Вярбуе дыпламатаў. Да 1960 года ў яго распараджэнні на Захадзе было 77 агентаў: За некалькі год яны рэалізавалі 400 заданняў.

Галянеўскі пачынае цікавіць савецкі КГБ. Ён становіцца даверанай асобай у структурах польскай разведкі. З многімі «маскоўскімі таварышамі» сябруе і наведвае модныя варшаўскія кабакі.

Масквічоў цікавяць афіцэры NATO, і Галянеўскі вярбуе марскога аташэ брытанскай амбасады ў Варшаве Гары Хоўтана, які меў доступ да кодаў Royal Navy. Цяпер Масква бачыць як на далоні брытанскі флот.

«Снайпер»

Праца шпіёна захапляла Галянеўскага, была для яго стылем жыцця. Ён асабіста ўдзельнічаў у небяспечных замежных аперацыях. Падчас паездкі ў Берлін Галянеўскі вярбуе прыгожую немку Інгу Кампф. Гэтае знаёмства праз некалькі гадоў цалкам зменіць жыццё нашага героя...

У 1958¬м у паштовую скрыню амерыканскага пасольства ў Швейцарыі трапіла ананімная пасылка, падпісаная Hackenschutz («Снайпер»), на імя кіраўніка ФБР Эдгара Гувера. «Снайпер» прапанаваў супрацоўніцтва. Станоўчым адказам на яго прапанову мусіла быць абвестка ў газеце Frankfurter Zeitung.

Каб пацвердзіць сур’ёзнасць намераў, «Снайпер» перадаў амерыканцам каардынаты аднаго з самых каштоўных савецкіх агентаў на Захадзе — Джорджа Блэйка з MI6. Блэйк выдаў Маскве 42 заходніх агентаў ва Усходняй Еўропе і перадаў сакрэтную інфармацыю пра планаваны тунэль паміж Заходнім і Усходнім Берлінам.

Пасля таямнічы агент «Снайпер» перадаў амерыканцам дзве тысячы мікрафільмаў з сакрэтнай інфармацыяй і 5 тысяч старонак дакументаў пра савецкія спадарожнікі¬шпіёны, агентаў СССР і ПНР на Захадзе.

Дзякуючы «Снайперу» ізраільская контрвыведка выявіла ў атачэнні прэм’ера Бэн­Гурыёна савецкага шпіёна Ісраэля Бэра. Ён аказаўся двайніком рэальнай асобы, якая даўно памерла.

«Снайпер» здаваў самых паспяховых савецкіх шпіёнаў: шведскага дыпламата ў Вашынгтоне Стыга Венерстрэма, супершпіёна Гордана Лансдэйла, Джона Васала, якога саветы завербавалі, шантажуючы здымкамі з гей­оргіі, якую КГБ сам і арганізаваў... Было арыштавана 14 шпегаў, а колькі яшчэ перавербавалі заходнія службы — можна толькі здагадвацца.

Уцёкі з Інгай

У 1960-м у Варшаву прыходзіць сакрэтны ліст ад шэфа Штазі. Ён паведамляе, што Міхал Галянеўскі сустракаецца ў Берліне з Інгай Кампф, і сустрэчы выходзяць за межы прафесійных абавязкаў.

Начальства выклікае Галянеўскага. Ён тлумачыць раман з немкай сямейнымі праблемамі. У жонкі Таццяны, якая падчас вайны была вязнем нямецкага канцлагера, развіваецца паранаідальная шызафрэнія. Галянеўскі просіць дазволу развесціся і перанесці дзейнасць у Берлін. Але кіраўніцтва і чуць не хоча пра гэта.

У той самы час аператыўная база ЦРУ ў Берліне атрымлівае ад «Снайпера» паведамленне. Агент плануе ўцёкі на Захад.

4 студзеня 1960 у Заходні Берлін былі перакінутыя дзве асобы. Мужчына прадстаўляецца падпалкоўнікам Міхалам Галянеўскім, аўтарам ананімных пасылак ад імя «Снайпера». Жанчына — Інга Кампф.

Падчас допытаў у Вашынгтоне «Снайпер» раскрывае месцазнахо¬джанне чатырох тайнікоў у Варшаве. У іх амерыканцы знаходзяць яшчэ 300 сакрэтных дакументаў.

У польскіх спецслужбах — скандал. Варшаўскі вайсковы суд прысуджае Галянеўскага да кары смерцю за здраду. У яго картатэцы з’яўляецца запіс, што, уцякаючы ў Заходні Берлін, ён прыхапіў з сабою 20 тысяч марак. Як пазней высветлілася, Галянеўскі «круціў» грашыма з касы спецслужбаў.

Упраўленне бяспекі ПНР пачынае аперацыю «Тэлетэхнік» з мэтай выявіць і ліквідаваць Галянеўскага. Пад нагляд трапляе ўся яго сям’я, а сыну, рок­музыку, забараняюць выязджаць за мяжу.

Сын цара

У 1964 ЦРУ, выкарыстаўшы «Снайпера», выпраўляе яго на пенсію. А праз пару месяцаў Галянеўскі звяртаецца ў суд у Гамбургу з просьбай пацвердзіць яго права на спадчыну памерлых бацькоў — расейскага цара Мікалая ІІ і царыцы Аляксандры Фёдараўны Раманавых. Галянеўскі сцвярджае, што яго маці памерла ў 1924 у Варшаве, а бацька — у 1952 у Познані.

Ён агучвае непаўдападобную гісторыю: Якаў Юроўскі нібыта не расстраляў царскую сям’ю, а дапамог ёй уцячы. Бальшавіцкі кат быццам бы асабіста суправадажаў Раманавых да мяжы. Праз Грэцыю, Турцыю і Аўстрыю яны дабраліся да Варшавы.

Галянеўскі патрабаваў 400 тысяч даляраў, якія Мікалай ІІ быццам бы размясціў у амерыканскіх банках. Гамбургскі суд не стаў разглядаць заяву ў сувязі з адсутнасцю доказаў.

Галянеўскі разгортвае ў амерыканскіх СМІ кампанію і сцвярджае, што ён пераемнік расійскага трона. 30 верасня ў Нью¬Ёркскай праваслаўнай катэдры адбываецца шлюб Галянеўскага­Раманава з Інгай Кампф. Праз дзве гадзіны пасля шлюбу ў маладых нараджаецца дачка Таццяна. Але ў хуткім часе цар­самазванец разрывае з Інгай.

У ЦРУ тым часам пачынаюць сумнявацца ў псіхічным здароўі Галянеўскага. Ён назваў савецкімі агентамі нават будучага дзяржсакратара ЗША Генры Кісінджэра і аяталу Хамейні.

У 70-я гады Галянеўскі пачынае выдаваць у сябе дома штомесячны бюлетэнь пад назвай «Двухгаловы арол», прысвечаны нацыянальнай незалежнасці і бяспецы ЗША, а таксама захаванню хрысціянскай цывілізацыі. Да смерці ў 1993¬м ён бэсціць СССР і праваслаўную царкву, якая адмовілася прызнаваць яго «царом».

Вар’яцтва ці хітрасць?

Паводле адной з версій, «тэатр з царом» прыдумала ЦРУ, каб уратаваць Галянеўскага ад помсты камуністаў. З іншага боку, КГБ мог кантраляваць Галянеўскага і ў ЗША. Іначай адкуль ён мог валодаць такімі багатымі звесткамі пра савецкую агентуру? Навошта Масква давала б такую інфармацыю аднаму з дзясяткаў тысяч агентаў?

Версію пра «калпак» КГБ пацвярджаў і былы начальнік Галянеўскага, палкоўнік Вітальд Сянкевіч: «Гэта была камбінацыя савецкай разведкі. Галянеўскі не быў большым вар’ятам, чым усе мы».

Калі Галянеўскі ў Амерыцы быў пад «каўпаком», праца ЦРУ была некалькі гадоў паралізаваная дэзынфармацыяй.

Яшчэ больш фантастычную версію давала радыё «Вольная Еўропа». Маўляў, у 50-я Галянеўскага выклікалі ў Маскву, адкуль ён не вярнуўся. А замест яго ў Варшаву быў высланы двайнік. У двайніка былі планы ўцёкаў на Захад, і спецслужбы вырашылі яго ліквідаваць. І толькі Галянеўскі №3 быў падкінуты амерыканцам...

Але Галянеўскі мог дзейнічаць і самастойна. Яго інтэлекту і кемлівасці хапіла б, каб абвесці вакол пальца выведкі па абодва бакі «жалезнай заслоны» і пры гэтым здзекавацца з зацятых удзельнікаў «халоднай вайны». Зрэшты, гэта пацвярджае і месца яго нараджэння — зямля, якая дала свету не аднаго авантурніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?