Тэкст ўступнага іспыту па беларускай мове (дыктоўка) пры паступленні ў 5-я класы гімназій, гімназій-інтэрнатаў, гімназій-каледжаў мастацтваў будзе абвешчаны 7 чэрвеня ў 10.55 па тэлеканале «Беларусь 1» і радыё.

З дапамогай лататрона з больш чым 200 тэкстаў зборніка кантрольных работ па беларускай мове будзе абраны адзін для дыктоўкі, паведамляе БелТА са спасылкай на Міністэрства адукацыі.

Нагадаем, што ў сераду, перад уступным іспытам па матэматыцы, выбухнуў скандал.

У рэдакцыю Kp.by звярнуліся бацькі, якія паведамілі, што напярэдадні вечарам стаў вядомы варыянт будучага тэсту: № 154 (такі выпаў урэшце на экзамене). Маўляў, такую SMSку, з нумарам будучага варыянту, шэраг бацькоў атрымаў напярэдадні. У зборніку для тэстаў каля 200 варыянтаў і вывучыць усе іх чацверакласніку мала рэальна.
У Мінадукацыі абвяргалі гэтую інфармацыю.
Прэс-сакратар Мінадукацыі ў каментары НН сказала наступнае: «Паведамленне на сайце kp.by з’явілася прыкладна ў 9:55 — калі канверты ўжо павінны былі быць распячатаныя. Ёсць імавернасць, што нехта даведаўся пра нумар кантрольнай, але гэта адбылося тады, калі падобная інфармацыя наўрад ці дапаможа экзаменаванаму. Што тычыцца смс-рассылкі, пакуль няма ні пацверджання, ні абвяржэння дадзенай інфармацыі. Мы правядзём праверку».

Журналістка «Камсамолкі» Надзея Белахвосцік, аўтар матэрыялу, зазначыла ў сваім каментары НН:

«Сама я даведалася пра будучы нумар кантрольнай а 9-й раніцы серады. Аднак людзі, якія паведамілі пра смс, атрымалі паведамленне яшчэ напярэдадні ўвечары.
Яны сцвярджаюць, што атрымалі гэтае паведамленне абсалютна без ніякай прычыны. А 11-й, калі непасрэдна пачаўся экзамен, пацвердзілася, што дзеці сапраўды пішуць кантрольную № 154.
Да таго ж, мне расказалі, што ля адной з мінскіх гімназій бацькі стаялі са зборнікамі кантрольных па матэматыцы, адкрытымі на 154-й кантрольнай. Я думаю, што выцек інфармацыі быў, і быў дастаткова маштабным.
Аднак нават калі адзін чалавек даведаўся пра нумар кантрольнай загаддзя — гэта ўжо прэцэдэнт. Прычым гаворка ідзе пра маленькіх дзяцей. Навошта такое рабіць?».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0