Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова паведаміла Інтэрфаксу, што яе ведамства пачало расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога дырэктара — мастацкага кіраўніка Белдзяржцырку:

«Крымінальная справа ў дачыненні да былога дырэктара распачатая Генеральнай пракуратурай па матэрыялах Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС і Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Паводле атрыманых матэрыялаў крымінальнай справы, былы кіраўнік установы падазраецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт.424 Крымінальнага кодэксу). Следчы камітэт прыняў крымінальную справу да вытворчасці і прыступіў да расследавання».

Афіцыйная прадстаўніца СК не назвала прозвішча асобы, супраць якой заведзеная справа, але сказала пра яе ў жаночым родзе: «Мера стрыманьня да падазраванай не ўжывалася».

У гісторыі цырку была толькі адна жанчына-дырэктар — Таццяна Бандарчук, астатнія — мужчыны.

Таццяна Бандарчук кіравала цыркам з 1996 года, афіцыйнае паведамленне пра яе звальненне не публікавалася. На сайце Белдзяржцырка яна дагэтуль пазначаная як дырэктар і мастацкі кіраўнік.

Таццяна Бандарчук — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, акадэмік Нацыянальнай акадэміі цыркавога мастацтва Расіі, народная артыстка Беларусі. Бандарчук кіравала нядаўняй маштабнай рэканструкцыяй цырку.

Паводле інкрымінаванага артыкула ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?